Беларускі лес мае занадта нізкую цану — эканамісты
Высокая рэнтабельнасць беларускай дрэваапрацоўкі тлумачыцца занадта нізкай цаной на сыравіну. Але ж цана драўніны павінна ўлічваць грамадскія інтарэсы, а таксама экалагічныя і іншыя фактары, піша Thinktanks.by.
Галоўны прынцып экалагічна ўстойлівага развіцця лясной гаспадаркі — дамінанта інтарэсаў лесаводства над інтарэсамі лесанарыхтовак (прамысловасці). Дасягнуць такога становішча складана, але неабходна, інакш эканоміка лясной гаспадаркі, як і сама галіна, акажуцца правальнымі і эканамічна незаможнымі.
Пра гэта гаворыцца ў артыкуле эканамістаў Аляксандра Неверава (БДТУ) і Вольгі Лапіцкай (Гомельскі дзяржаўны тэхналоагічны ўніверсітэт), апублікаваным у «Беларускім эканамічным часопісе».
Хоць у лясную гаспадарку ўкладваюцца бюджэтныя сродкі, эканамічны статус лесаводства невысокі, «пра што кажуць нізкая таксавая цана на яго галоўную прадукцыю – саспелы лес на пні, а таксама тыя бізнес-працэсы, якія адбываюцца ў лесе».
Лесапрамысловы комплекс Беларусі ў цэлым высокарэнтабельны. Але стан цэнаў на канчатковую прадукцыю ляснога комплексу (мэбля, папера, сталярныя вырабы) і драўняная сыравіна ў выглядзе каранёвай цэны маюць відавочны перакос у бок заніжэння кошту вырашчанай драўніны.
Бюджэтнымі асігнаваннямі пакрываюцца выдаткі на ахову і абарону лесу, лесааднаўлення, на ўладкаванне і высечкі дагляду ў маладняках. Усе астатнія выдаткі на вядзенне лясной гаспадаркі, у тым ліку на набыццё тэхнікі і іншых асноўных сродкаў, на зарплату работнікам і сацыяльныя патрэбы, лясгасы атрымліваюць за кошт камерцыйнай дзейнасці, гэта значыць дзякуючы нарыхтоўцы і перапрацоўцы драўніны.
«Вольна ці мімаволі гэта падахвочвае работнікаў асноўную ўвагу надаваць менавіта камерцыйнай дзейнасці, а лесагаспадарчая вытворчасць фактычна застаецца на другім плане, бо яна не прыносіць прыбытку», — гаворыцца ў даследаванні.
У такіх умовах значэнне рэнты, якую атрымліваюць ад вырошчвання лесу, павінна быць значна павялічанае.
На думку аўтара, не цана лесу на пні павінна вызначаць кошт лесаматэрыялаў, а наадварот.
Пры гэтым выдаткі на вядзенне лясной гаспадаркі — фактар другасны.
Цану варта вылічваць ад канчатковага прадукту лесапрамысловага комплексу з улікам кошту кожнага перадзелу і атрымання нарматыўнай рэнтабельнасці (не больш за 15-20%). У рэальнасці, напрыклад, у 2021 годзе рэнтабельнасць даходзіла да 50%.
Згодна з разлікамі аўтараў, у сярэднім кубаметр драўніны па таксавым кошце павінен ацэньвацца прыкладна ў 50–70 рублёў. На справе ж цяпер — кошт складае не больш за 20 рублёў за 1 кубічны метр.
Вартасная ацэнка лесу павінна грунтавацца на эканамічных інтарэсах усяго грамадства, і агульная карыснасць лясоў павінна пераважаць над іх гранічнай карыснасцю, упэўненыя эканамісты.
«На парадку дня стаіць уключэнне ў цану каштоўнасць экасістэмных паслуг і інтарэсы экалагічнай рэнты», — гаворыцца ў артыкуле.
Ад заніжанай цаны лясоў прайграе дзяржава як уласнік рэсурсаў. Плата за карыстанне рэсурсамі хоць бы часткова павінна ісці ў дзяржаўны бюджэт, а іх каштоўнасць адлюстроўвацца ў складзе нацыянальнага багацця, пішуць Аляксандр Нявераў і Вольга Лапіцкая.