Кампліменты толькі лаяльным: Лукашэнка сустрэўся з беларускамі з саюза жанчын

Напярэдадні 8 сакавіка Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з прадстаўніцамі Беларускага саюза жанчын, дзе ў каторы раз прадэманстраваў сваё стаўленне да пытанняў гендарнай роўнасці і да тых беларусак, якія пратэстуюць супраць рэжыму. Аляксандр Класкоўскі раскладае па паліцах сказанае Лукашэнкам у тэксце для «Позірку».

Фота president.gov.by

Фота president.gov.by

Аляксандр Лукашэнка — вялікі майстар дзяжурнай ліслівасці ў адрас жанчын. Што і прадэманстраваў чарговы раз напярэдадні 8 сакавіка на сустрэчы з актывам Беларускага саюза жанчын (БСЖ). Але калі лаялісткам кіраўнік не шкадуе кампліментаў, то за іншую палітычную пазіцыю рэжым сотнямі адпраўляе жанчын за краты.

Галантнасць Лукашэнкі імгненна выпараецца, калі ён загаворвае пра Святлану Ціханоўскую, якая, паводле ўскосных даных, набрала на выбарах 2020 года больш галасоў, чым правадыр рэжыму.

Кіраўнік шчодры на кампліменты для лаялістак

На сустрэчы з актывам БСЖ 5 сакавіка ў Мінску Лукашэнка без ілжывай сціпласці заявіў: «Я, вядома, разумею, што жанчыны да мяне добра ставяцца...» і расшыфраваў: «...таму што я ваш самы заўзяты прыхільнік і чалавек далёка не ідэальны, але выключна адданы жанчыне. Лічу, што наша прырода нічога больш дасканалага не стварыла, чым жанчыну. Гэта маё цвёрдае перакананне».

Кіраўнік гатовы нават пайсці на паказное мужчынскае самаўніжэнне: «Калі б вас не было, мужыкі б адурэлі і ўжо даўно ваяваць пачалі нават у Беларусі».

Ён адзначыў, што «прыгажэй беларускіх жанчын няма ў свеце». А таксама выказаў упэўненасць, што «калі б жаночая партыя была ў нас, ёй проста б супернікаў не было». Праўда, тут жа спахапіўся: «...а ў прынцыпе, навошта, калі людзі не вельмі ўспрымаюць партыі». Спрацаваў палітычны засцерагальнік. Вядома, што і праўладным партыям (а іншых у краіне афіцыйна не засталося) кіраўнік персаналісцкага рэжыму разгуляцца не дае.

Больш за тое, пікантны момант складаецца ў тым, што ў 2007 годзе Вярхоўны суд ліквідаваў Беларускую партыю жанчын «Надзея», зачапіўшыся за адсутнасць юрыдычнага адрасу і шэраг іншых фармальнасцяў.

Фота president.gov.by

Фота president.gov.by

Сёння Лукашэнка падкрэсліў, што БСЖ быў і застаецца адным са слупоў грамадзянскай супольнасці. Так улады пазіцыянуюць GONGO (арганізаваныя дзяржавай недзяржаўныя арганізацыі), якімі спрабуюць запоўніць вакуум, які ўтварыўся ў выніку вельмі жорсткай зачысткі трэцяга сектара: яго было вырашана «выразаць» (тэрміналогія Лукашэнкі) пасля масавых пратэстаў 2020 года.

Кіраўнік нагадаў актывісткам БСЖ: «...з наданнем канстытуцыйнага статусу Усебеларускаму народнаму сходу ўзрос і статус арганізацыі — вы атрымалі права дэлегаваць у склад УНС сваіх лепшых прадстаўнікоў».

Сапраўды, бутафорскія праўладныя структуры, якія імітуюць грамадзянскую супольнасць, атрымалі ў УНС квоту ў 400 месцаў (траціна складу). Лукашэнка спадзяецца, што лаялісткі адплацяць яму за заступніцтва ўзняццем рук у патрэбныя моманты.

Выступіла супраць рэжыму — фальшывае рыцарства адразу да лямпачкі

Але калі жанчына выступіла супраць палітыкі ўладаў, усё фальшывае рыцарства начальнікаў — адразу да лямпачкі.

Лукашэнка не раз патэтычна заяўляў, што нібыта супраць жанчын не ваюе. Гэты тэзіс аж двойчы прагучаў, напрыклад, на сустрэчы з актывам мясцовай вертыкалі 30 ліпеня 2021 года. Але тады ж правадыр рэжыму назваў Ціханоўскую мярзотай.

Вертыкаль ведае, як рэальна галасавалі людзі ў 2020-м, і кіраўніка, мяркуючы з усяго, дагэтуль каўбасіць ад усведамлення, што яго абставіла тады хатняя гаспадыня.

Глядзіце таксама

Чаму яе зарэгістравалі кандыдатам у прэзідэнты? Падобна на тое, адыграў сваю ролю банальны сексізм: «ды што гэтая баба зможа?». Верагодна, нейкія дарадчыкі з атачэння пераканалі Лукашэнку, што той заб'е двух зайцоў. Па-першае, эфектна пераможа кандыдантку, якая не мае ні кроплі палітычнага вопыту, жонку пасаджанага блогера. Па-другое, пакажа Захаду нібыта плюралізм кампаніі — маўляў, і жонку «ворага народа» ў выбарчы бюлетэнь пусцілі.

«Прэзідэнтам будзе мужык, я ў гэтым абсалютна перакананы», — саманадзейна заявіў Лукашэнка 29 траўня 2020 года пры наведванні Мінскага трактарнага завода. На той момант блогер Сяргей Ціханоўскі, які рэзка набраў папулярнасць, ужо атрымаў адмову ў рэгістрацыі сваёй ініцыятыўнай групы.

«Ён нават не кандыдат у прэзідэнты, за жонку там рупіцца. Разумее ж, што за жонку ніхто не прагаласуе ў Беларусі», — сказаў тады Лукашэнка. І растлумачыў: «У нас Канстытуцыя не пад жанчыну. І ў нас грамадства не саспела для таго, каб галасаваць за жанчыну. Таму што ў нас па канстытуцыі прэзідэнт валодае моцнай уладай».

Вось вам сапраўдныя погляды кіраўніка на гендарныя пытанні, ролю жанчыны ў палітыцы. Пляскаць сонцападобнаму на сходзе праўладнага жаночага актыву — гэта калі ласка, а вось даваць «слабаму полу» рычагі рэальнай улады, тым больш калі сам з імі зросся — гэта ўжо дудкі.

Палітычных праціўніц улады прэсуюць па поўнай праграме

Між тым жаночае трыа на чале з Ціханоўскай летам 2020 года, пакуль Лукашэнка ездзіў у асноўным па вайсковых частках, маральна рыхтуючы сілавікоў да падаўлення пратэстаў, правяло фантастычна эфектную агітацыйную кампанію.

Зрэшты, часткова кіраўнік меў рацыю — 9 жніўня 2020 года мноства беларусаў прагаласавала за Ціханоўскую не па гендарным прынцыпе, а як за сімвал пераменаў, у знак пратэсту супраць забранзавелай улады.

Глядзіце таксама

А потым, пасля жорсткага падаўлення першай хвалі пратэстаў, быў знакаміты выхад жанчын у белай вопратцы, з кветкамі на вуліцы, пасля чаго пайшоў новы ўздым вулічнай актыўнасці. І рэжым пачаў душыць гэтае мірнае паўстанне без усялякай ласкі да тых, каго чыноўнікі на ўрачыстасцях называюць «прекрасным полом». Жанчын таксама збівалі, катавалі. Ім давалі і працягваюць даваць жахлівыя тэрміны, самым непакорлівым ладзяць пекла за кратамі.

Вось літаральна сёння, калі кіраўнік рассыпаўся ў кампліментах перад 8 сакавіка, у Гомельскім судзе павінен быў пачацца разгляд новай крымінальнай справы супраць Вольгі Маёравай, якой ужо далі 20 гадоў пазбаўлення волі па «справе Аўтуховіча». Цяпер ёй ставяць у віну «злоснае непадпарадкаванне адміністрацыі папраўчай установы» — гэта тыповы прыём, каб пагоршыць лёс палітвязня, навесіць новы тэрмін.

Так паступілі з журналісткай Кацярынай Андрэевай. Спачатку ёй уляпілі два гады калоніі фактычна толькі за тое, што яна выконвала прафесійныя абавязкі — вяла стрым з акцыі памяці загінулага ад рук сілавікоў Рамана Бандарэнкі. А потым дадалі яшчэ восем гадоў узмоцненага рэжыму нібыта за здраду дзяржаве.

Усё новыя абвінавачанні шыюць Паліне Шарэнда-Панасюк. Гэтая актывістка, у якой двое дзяцей, не зламалася за кратамі, паводзіць сябе з гонарам, за што яе жорстка прэсуюць, гнояць у ШІЗА.

Паліна Шарэнда-Панасюк. Фота: сацсеткі яе мужа Андрэя Шарэнды

Паліна Шарэнда-Панасюк. Фота: сацсеткі яе мужа Андрэя Шарэнды

Аб глухую сцяну разбіваюцца заклікі прадстаўнікоў дэмакратычных сіл вызваліць маці пецярых непаўналетніх дзяцей Вольгу Залатар, якой за пратэсную актыўнасць далі чатыры гады калоніі.

З 15 лютага мінулага года няма вестак ад Марыі Калеснікавай — адной з самых яркіх фігур мірнага паўстання 2020 года, якая атрымала 11 гадоў калоніі.

Глядзіце таксама

Паводле звестак праваабаронцаў «Вясны», на канец лютага ў Беларусі налічвалася 170 жанчын-палітвязняў. І гэта толькі тыя, хто сядзіць цяпер. Да іх варта прыплюсаваць 361 жанчыну з ліку палітычных вязняў, якія адбылі тэрмін і выйшлі на волю, былі асуджаныя да пакарання, не звязанага з пазбаўленнем волі, падпалі пад змяненне меры стрымання, амністыю або памілаванне.

Прычым трэба ўлічваць, што праваабаронцам вядомыя далёка не ўсе выпадкі, калі жанчыны траплялі ў замес за палітыку.

Як заявіла прадстаўніца Аб'яднанага пераходнага кабінета па сацыяльнай палітыцы Вольга Гарбунова, з 2020 года «праз турмы і несправядлівыя суды [па палітычных матывах]» прайшло мінімум 895 жанчын.

Так, а Ціханоўскую летась завочна прысудзілі да 15 гадоў пазбаўлення волі нібыта за дзяржздраду, змову з мэтай захопу ўлады, стварэнне экстрэмісцкага фармавання і кіраўніцтва ім. Вось такі букет абвінавачанняў для прадстаўніцы прыгожага полу, якая адважылася перайсці дарогу правадыру.

І ўсё гэта называецца «супраць жанчын не ваюю».

Па-сапраўднаму ён любіць толькі ўладу

Яшчэ адзін тэзіс Лукашэнкі, звернуты да жанчын, — каб пабольш нараджалі. У жніўні 2018 года, наведваючы цэнтральную бальніцу ў Міёрскім раёне, кіраўнік заклікаў маладых мам нараджаць мінімум па тры-чатыры дзіцяці. У лістападзе 2020-га міласціва знізіў «нарматыў» да двух-трох дзяцей. Інакш, маўляў, праз паўстагоддзя жыць у Беларусі будзе няма каму.

«Нам патрэбныя людзі. Дэмаграфічная праблема ... у нас той правал 90-х цяпер адбіваецца. Ну не ахці што вы і нараджаць хочаце сёння, жанчыны», — заявіў Лукашэнка ў кастрычніку мінулага года падчас рабочай паездкі ў Брэсцкую вобласць.

Так, нараджальнасць у краіне падае. Але пры гэтым рэжым глядзіць на дэмаграфічную праблему асабліва ўтылітарна — яму патрэбныя паслухмяныя работнікі і салдаты. Свабоднае ж развіццё асобы душыцца.


Глядзіце таксама

Маштабу нацыянальнай трагедыі дасягнуў масавы сыход грамадзян з краіны пасля 2020 года. Адны ратуюцца такім чынам ад турмы, іншыя шукаюць лепшых магчымасцяў для рэалізацыі свайго патэнцыялу, заробку, часта гэтыя дзве мэты сумешчаныя. Мноства беларусаў не бачаць для сябе нармальнай будучыні ў дыктатуры.

Прычым з'язджаюць у асноўным тыя, хто маладзейшы, людзі прасунутыя, энергічныя, ініцыятыўныя. Гэтыя людзі маглі б ствараць сем'і, нараджаць дзяцей у Беларусі. Але ўлады аддаюць перавагу гэтым вынікам: збядненне генафонду нацыі замест сшывання разарванага грамадства і пошуку шляхоў да грамадзянскай згоды, паколькі баяцца аслабіць гайкі.

Лукашэнка раз за разам заяўляе, як ён любіць жанчын, але па-сапраўднаму ён любіць толькі ўладу. І ў ахвяру гэтай страсці прыносіць будучыню краіны, перакрэсліваючы яе перспектывы як для мужчын, так і для тых, каго сёння зноў назваў «прекрасной половиной».