Што адбываецца з нараджальнасцю ў Беларусі?
Якая цяпер нараджальнасць у Беларусі і што робяць улады, каб яе павысіць? Параўноўваем беларускую дэмаграфію з дэмаграфіямі іншых краін.
Аляксандр Лукашэнка даўно марыць, каб насельніцтва Беларусі вырасла ў разы, але ад ягоных дзеянняў насельніцтва толькі памяншаецца праз зніжэнне нараджальнасці і эміграцыю. Ды справа не толькі ў Лукашэнку: амаль па ўсім свеце спадае нараджальнасць – нават у заможных краінах, якія прапануюць шчодрыя выплаты за дзяцей. Алесь Наваборскі з «Белсату» пачынае разбор у трох частках: што маем і чаму так, што робяць цяпер, што рабіць варта.
Беларусаў заклікаюць размнажацца не проста так. Акрамя банальнага «хачу, каб у свеце было больш беларусаў», ёсць і чыста фінансавая праблема. Насельніцтва Беларусі старэе, а пенсійны фонд у вечным дэфіцыце нават пасля падвышэння пенсійнага ўзросту, хоць пенсіі нізкія, а на іх адбіраюць вялікую частку заробку. І чым менш беларускі будуць нараджаць, тым менш будзе людзей, каб фінансаваць пенсіі.
Да таго ж, з такой нараджальнасцю, як цяпер, беларусаў у нейкі момант проста не застанецца. Лічыцца, што для падтрымання насельніцтва на стабільным узроўні без уліку міграцыі патрэбныя 2,1 нараджэння на жанчыну. Гэта не дакладныя разлікі, а прыблізны паказнік: каб «замяніць» двух бацькоў, мала двух дзяцей, бо частка дзяцей памірае ў малым узросце, ды і хлопчыкі нараджаюцца часцей за дзяўчынак. Якая цяпер нараджальнасць у Беларусі, невядома, але ў 2021-м — да таго, як гэтую статыстыку сталі ўтойваць — было 1,5 нараджэння на жанчыну.
Нараджальнасць падае практычна паўсюль
Праблема нараджальнасці не характэрная толькі для Беларусі, Еўропы ці толькі для высокаразвітых краінаў. Яна падае сумарна ва ўсім свеце: паводле звестак Сусветнага банку, падае амаль бесперапынна ўжо як мінімум 60 гадоў. Нараджальнасць змяншаецца, за рэдкімі выключэннямі, і ў бальшыні асобна ўзятых краінаў.
Нараджальнасць падае і ў багатых, і ў бедных краінах; і ў Азіі, і ў Афрыцы. Але ў багацейшых краінах нараджальнасць істотна меншая, чым у бяднейшых. У Паўднёвай Карэі нараджальнасць ужо апусцілася да менш як 1 нараджэння ў сярэднім на жанчыну.
Кітай, які з 1980 года меў палітыку «адна сям’я – адно дзіця», каб спыніць рост насельніцтва, у 2015-м дазволіў мець двух дзяцей без штрафаў, у 2021-м прыбраў усе абмежаванні. Але гэта не павялічыла нараджальнасці, а насельніцтва Кітая падае другі год запар.
Агулам вельмі мала краін, багацейшых за Беларусь, дзе было б 2,1 ці больш нараджэнняў на жанчыну. Гэта Дамініканская Рэспубліка, Лівія, Сейшэльскія Астравы, Казахстан, Панама, Аман, Гаяна, Ізраіль, Кувейт і Саудаўская Аравія. Затое больш нараджаюць у краінах, бяднейшых за Беларусь.
Гендарная даследчыца Ірына Сідорская ў каментары «Белсату» адзначае: гэтая праблема звязаная не толькі з эканомікай.
«Ніводная краіна не знайшла чароўнай палачкі, якая б зрабіла так, каб жанчыны з гэтай краіны пачалі нараджаць нашмат больш, — падкрэслівае Сідорская. — Комплексная праблема — таму і трэба яе вырашаць комплексна».
Спосабы падвышэння нараджальнасці ўжываюць самыя розныя: адпачынкі для дагляду за дзецьмі, грашовыя выплаты, паляпшэнне інфраструктуры, льготы, крэдыты на асаблівых умовах, агітацыя і гэтак далей. Некаторыя краіны, адзначае Сідорская, змірыліся з тым, што «сваімі сіламі» не змогуць вярнуцца да 2,1 нараджэння на жанчыну, таму зрабілі стаўку на іміграцыю, ды атрымалі абурэнне карэннага насельніцтва.
Чаму нараджальнасць зніжаецца
У ліку рэдкіх выключэнняў — Казахстан, дзе нараджальнасць моцна ўпала ў час распаду Савецкага Саюзу і толькі цяпер вярнулася на ўзровень позняга СССР (у неспакойным 2022-м годзе нараджальнасць крыху ўпала, але засталася даволі высокай).
А Беларусь і суседзі маюць вельмі падобныя графікі: нараджальнасць упала ў той жа час, што ў Казахстане, але не аднавілася.
Грузія мае амаль тыя паказчыкі, што і Беларусь: значэнні на некалькі дзясятых вышэйшыя, а рост у апошнія 20 гадоў крыху хутчэйшы. У выніку Грузія вярнулася да тых 2,1 дзіцяці на жанчыну, неабходных для падтрымання стабільнай колькасці насельніцтва без уліку міграцыі.
Нараджальнасць памяншаецца, калі памяншаецца смяротнасць, тлумачыць Сідорская. Раней нараджалі па 5–10 дзяцей, бо не ўсе выжывалі — столькі трэба было нарадзіць, каб двое, трое ці чацвёра дараслі да дарослага ўзросту. Калі медыцына стала лепшай і больш даступнай, дзіцячая смяротнасць упала, а нізкая дзіцячая смяротнасць стала адным з паказнікаў развітасці краіны. У Беларусі паказнікі дзіцячай смяротнасці даволі нізкія.
Таксама вырасла і працягласць жыцця. Суразмоўца нагадвае, што нараджалі шмат у тыя часы, калі людзі жылі 30–40 гадоў. А калі сталі жыць 70–90 гадоў і перыяд актыўнага жыцця стаў значна даўжэйшы, патрэба ў высокай нараджальнасці адпала.
Навукоўцы называюць гэта ўсё першым дэмаграфічным пераходам. Ёсць яшчэ і другі, які адбываецца са змяненнем стаўлення ў грамадстве да інстытуту сям’і і шлюбу, да планавання сям’і.
У Казахстане нярэдка прызнаюць, што другі дэмаграфічны пераход там не завяршыўся. Адтуль і высокая нараджальнасць.
Грузія ж можа быць на пазнейшым этапе таго пераходу — наўрад ці там нараджальнасць вышэйшая за беларускую дзякуючы яшчэ меншай дзяржаўнай падтрымцы маладых сем’яў. Нават пры нібы немалой нараджальнасці Грузіі прагназуюць зніжэнне колькасці насельніцтва ў найбліжэйшыя дзесяцігоддзі за кошт высокай эміграцыі і смяротнасці на ўзроўні Беларусі.