Адкуль пайшоў міф: 23 лютага — Дзень абаронца Айчыны
Што насамрэч адбылося ў гісторыі 23 лютага і чаму ў сучаснай Беларусі ўсё яшчэ існуе гэтае «свята»?

«Той няпросты гістарычны перыяд пакінуў нам вялізную колькасць трактовак і інтэрпрэтацый. Аднак мы павінны памятаць галоўнае: менавіта тыя людзі і тая Чырвоная армія дапамаглі нам выжыць і адбыцца як нацыі. Гэта бясспрэчная праўда, якую мы мусім захаваць і перадаць наступным пакаленням».
Гэта цытата з выступа Аляксандра Лукашэнкі на адзначэнні 100-годдзя Узброеных сілаў Беларусі ў лютым 2018-га, узгадвае Андрэй Кныш і «Салідарнасць».
Менавіта 23 лютага 1918-га беларускі афіцыёз прызначыў пунктам адліку існавання беларускага войска: «Гісторыя беларускіх Узброеных Сіл пачалася з нараджэння Рабоча-сялянскай Чырвонай арміі, якой наканавана было адыграць вырашальную ролю ў станаўленні і захаванні дзяржаўнасці нашай краіны».
Глядзіце таксама
Аўтараў і адэптаў гэтай інтэрпрэтацыі не бянтэжаць агульнавядомыя факты. Напрыклад, сапраўдная дата заснавання Чырвонай арміі — 15 студзеня (28 студзеня паводле новага стылю) 1918-га, згодна з дэкрэтам бальшавіцкага Саўнаркама.
Ці той факт, што 23 лютага Ленін пад пагрозай уласнай адстаўкі змусіў сваіх паплечнікаў падпісаць фактычную капітуляцыю перад кайзераўскай Германіяй.
Што праз лічаныя дні вылілася ў ганебны Брэсцкі мір, згодна якога бальшавікі перадалі пад кантроль немцаў Беларусь. Рытарычнае пытанне — ці лічыць гэта «вырашальнай роляй у станаўленні і захаванні дзяржаўнасці нашай краіны»?
А яшчэ ж быў Рыжскі мір, паводле якога Ленін, ратуючы ў першую чаргу савецкую Расію, аддаў Польшчы палову беларускай тэрыторыі.

Нямецкія войскі ўваходзяць у Мінск, люты 1918-га. Фота: Getty Images
У тыя лютаўскія дні кайзераўскія войскі ішлі ў кірунку Петраграда як нож скрозь масла. І іх спынілі не «рашучыя і самаадданыя дзеянні рабочых і сялянаў». Іх задаволіла ленінская капітуляцыя і абяцанне тэрытарыяльных саступак.

Не дзіва, што праз лічаныя гады бальшавікі захацелі «забыць» тую ганьбу. Так і з’явіўся міф пра 23 лютага, які ўжо пры Сталіне набыў статус дзяржаўнага.
У 1938-м ён быў сфармуляваны так: «Пад Нарвай і Псковам нямецкім акупантам быў дадзены рашучы адпор. Іх прасоўванне на Петраград было прыпынена. Дзень адпору войскам германскага імперыялізму — 23 лютага 1918 года — стаў днём нараджэння маладой Чырвонай арміі».
Прыйшоўшы да ўлады, Лукашэнка пераступіў праз факты і ў 1998-м вярнуў стары савецкі міф ва ўжытак, прызначыўшы 23 лютага дзяржаўным святам — Днём абаронцы Айчыны.
І гэта было яшчэ паўбяды, бо той сімвалічны крок быў зроблены на фоне рэальнага збліжэння беларускага войска з расійскім. Сумесныя вайсковыя вучэнні, вучоба беларускага ваеннага камандавання ў Маскве, а неўзабаве і стварэнне рэгіянальных груповак сухапутных сілаў і супрацьпаветранай абароны.
Сённяшняе становішча Беларусі і яе войска пераканаўча сведчыць пра тое, да чаго вядзе жыццё паводле чужых міфаў. Статус суагрэсара, бетонны плот і мінныя палі на мяжы з суседзямі. І бясконцае гнятлівае чаканне — ці давядзецца беларускім хлопцам ізноў паміраць на чужой вайне.
Глядзіце таксама
