Новы Global Firepower Index: На якім месцы армія Беларусі?

У Беларусі — чацвёртая па магутнасці армія сярод постсавецкіх краін. Наперадзе толькі — арміі Расіі, Украіны і Азербайджана, піша Тnktanks.by.

_mileks_2021___armija___zbroja___belarus__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__3__logo.jpg

Зніжэнне беларускай пазіцыі ў рэйтынгу наймацнейшых армій свету Global Firepower Index адбываецца трэці год запар.

Аднак гэта наўрад ці сведчыць пра паслабленне абараназдольнасці краіны.

У новым рэйтынгу наймацнейшых армій свету Global Firepower Index 2024 Беларусь заняла 64-е месца. Яна апынулася паміж Катарам і Узбекістанам.

Як і раней, сярод постсавецкіх краін краіна трапіла на чацвёртае месца. Наперадзе Беларусі — арміі Расіі, Украіны і Азербайджана.

У рэйтынгу Global Firepower Index 2023 Беларусь займала 60-е месца, а два гады таму — 52-е. 

_mileks_2021___armija___zbroja___belarus__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__3__logo.jpg

Зрэшты, зніжэнне пазіцыі Беларусі ў індэксе наўрад ці можна растлумачыць памяншэннем абараназдольнасці краіны. Гэта, хутчэй, абумоўлена ростам гонкі ўзбраенняў у іншых краінах.

Па даных глабальнага індэкса мілітарызацыі (GMI) за 2023 год, выдаткі на ваенныя патрэбы растуць ва ўсім свеце. Гэтая тэндэнцыя вельмі прыкметная ў Заходняй і Цэнтральнай Еўропе, дзе ваенныя выдаткі нядаўна выраслі на 13 адсоткаў. Такі паказнік з'яўляецца самым вялікім ростам выдаткаў на мілітарызацыю з часоў заканчэння халоднай вайны.

Дарэчы, раней ацэнкі моцы беларускага войска ў Global Firepower Index таксама не адрозніваліся стабільнасцю. У 2021 годзе краіна ў Global Firepower Index займала 50-е месца, у 2020 годзе — 53-е. У 2019 годзе ў Беларусі была 39-я пазіцыя. У 2018 Беларусь займала 41-е месца, а ў 2017 годзе — 49-е.

Лідарам рэйтынгу 2024 года стала армія ЗША. На другім месцы Узброеныя Сілы Расіі. У пяцёрку наймацнейшых таксама ўвайшлі арміі Кітая, Індыі і Паўднёвай Карэі, з пятай пазіцыі сышла ўніз армія Вялікабрытаніі.

Украіна ў новым рэйтынгу заняла 18-е месца. У мінулым індэксе ў яе была 15-я пазіцыя.

Усяго ў рэйтынгу 2024 года 145 краін. Пры яго складанні ўлічвалася больш за 60 фактараў, у тым ліку фінансавыя паказчыкі і геаграфічнае размяшчэнне дзяржаў.

Топ-20 рэйтынгу армій свету паводле версіі Global Firepower Index 2024:

1. Злучаныя Штаты Амерыкі

2. Расія

3. Кітай

4. Індыя

5. Паўднёвая Карэя

6. Вялікабрытанія

7. Японія

8. Турцыя

9. Пакістан

10. Італія

11. Францыя

12. Бразілія

13. Інданезія

14. Іран

15. Егіпет

16. Аўстралія

17. Ізраіль

18. Украіна

19. Германія

20. Іспанія