Беларусь у рэйтынгу карупцыі: на адной прыступцы з Эфіопіяй і Гамбіяй

У Беларусі за год пагоршылася сітуацыя з карупцыяй, сведчыць «Індэкс успрымання карупцыі», піша «Позірк».

czyrvona_zjaleny_karabel.png

“Індэкс успрымання карупцыі” штогод вылічваецца міжнароднай няўрадавай арганізацыяй Transparency International (штаб-кватэра ў Берліне).

Індэкс вызначаецца на аснове ўспрымання ўзроўню карупцыі экспертамі і прадстаўнікамі бізнесу 180 краін і тэрыторый. Дзяржавам прысвойваюць балы — ад 0 (сур’ёзная карупцыя) да 100 (поўная адсутнасць карупцыі).

Па выніках 2023 года Беларусь набрала 37 балаў (у 2022-м — 39, у 2021-м — 41) і падзяліла 98 месца (годам раней займала 91-е) з Албаніяй, Аргенцінай, Эфіопіяй, Гамбіяй і Замбіяй.

Сярод суседзяў Беларусі найгоршыя паказчыкі ў Расіі (141-е месца і 26 балаў) і Украіны (104-е, 36). Польшча заняла 47-е месца (54 балы), Латвія — 36-е (60), Літва — 34-е (61).

Першае месца ў “Індэксе ўспрымання карупцыі”, як і летась, займае Данія (90). У дзясятку найлепшых таксама ўваходзяць Фінляндыя (87) і Новая Зеландыя (85), Нарвегія (84), Сінгапур (83), Швецыя і Швейцарыя (па 82), Нідэрланды (79), Германія і Люксембург (па 78) і Ірландыя (77).

Замыкаюць рэйтынг Самалі (11), Венесуэла, Сірыя і Паўднёвы Судан (па 13), а таксама Емен (16).

Беларусь у рэйтынгу карупцыі паводле www.transparency.org

Беларусь у рэйтынгу карупцыі паводле www.transparency.org

Генеральны пракурор Андрэй Швед, выступаючы 17 студзеня перад работнікамі Мінскага трактарнага завода, заклікаў працоўных засцерагаць калегаў ад карупцыі.

“Важна зберагчы калегу, калі ён страціў прававы арыенцір і ў яго працы сталі заўважныя карупцыйныя праявы. Менавіта людзі, якія працуюць побач, могуць аказаць неацэнную дапамогу ў прадухіленні гэтай негатыўнай сацыяльнай з’явы”, — сказаў генпракурор.

Раней ён заяўляў, што наглядным органам у 2022 годзе актывізавана праца праваахоўнага блока па выяўленні фактаў карупцыі.

28 снежня 2022 года на сайце ведамства была апублікаваная Стратэгія барацьбы з карупцыяй, якой прадугледжваецца “стымуляванне асоб паведамляць пра факты карупцыі”.

У лютым 2023 года Швед заяўляў, што ў 2022-м за карупцыю ў Беларусі да адказнасці прыцягнута 819 службовых асоб, з іх 21 займала “адказнае становішча”.

Сярод іншых за карупцыйныя злачынствы асуджаныя былы міністр, дырэктары прадпрыемстваў, прадстаўнікі мясцовых органаў улады, у тым ліку некаторыя старшыні райвыканкамаў і іх намеснікі. Шэраг крымінальных спраў узбудзілі ў дачыненні да асоб, уключаных у “кадравы рэестр кіраўніка дзяржавы”.

Аляксандр Лукашэнка прыйшоў да ўлады ў сярэдзіне 1990-х гадоў шмат у чым дзякуючы вобразу змагара з карупцыяй, перыядычна ён вяртаецца да гэтай тэмы. У сувязі з тым, што праблема не вынішчаецца, некаторыя эксперты мяркуюць, што гэта папулісцкі прыём, з дапамогай якога Лукашэнка спрабуе вярнуць сабе былы вобраз.