Пры Лукашэнку заквітнела кланавасць ва ўладзе. Вось галоўныя сем’і, якія працуюць на рэжым
Кланавасць азначае манаполію на ўладу і карупцыю, якія тармозяць развіццё краіны. Але менавіта пры Лукашэнку, які на публіцы неміласэрна крытыкуе чыноўнікаў, спрабуючы паказаць сябе заступнікам простых людзей, кланавасць у Беларусі пачала квітнець, піша «Салідарнасць».
Кіраўнік сам нядаўна гэта выпадкова падкрэсліў, прызначаючы міністрам аховы здароўя Аляксандра Хаджаева:
— Ведаю, што вы чалавек пазакланавы. Хоць у Міністэрстве аховы здароўя ў нас там і сямейныя дынастыі так званыя, і кланы, і іншае. Усяго хапае... Гэтага быць не павінна. Я вельмі разлічваю, што вы пакладзяце канец гэтаму.
Але наогул бацька Хаджаева ў мінулым працаваў першым намеснікам міністра аховы здароўя: якая ўжо тут «пазакланавасць»?
Выданне пералічыла сваякоў, якія працуюць або працавалі на рэжым на высокапастаўленых пазіцыях. Як вядома, тон задаў сам Лукашэнка: двое яго старэйшых сыноў пры пасадах прэзідэнта НАК і кіраўніка Прэзідэнцкага спартыўнага клуба, а малодшы суправаджае бацьку на сустрэчах з лідарамі іншых дзяржаў.
Шведы
Ва ўсім вядомага генпракурора Андрэя Шведа, які актыўна займаецца рэпрэсіямі, ёсць брат і сястра. Алег Швед —тдырэктар РУП «Медтэхнацэнтр», дзяржпрадпрыемства па рамонце і абслугоўванню медыцынскага абсталявання.
Сястра Анжэла Раемская —намесніца старшыні Лагойскага райвыканкама.
Гусаковы
Уладзімір Гусакоў ужо больш за 10 гадоў працуе кіраўніком Акадэміі навук. За гэты час двое яго сыноў зрабілі добрыя кар'еры. Гардзей Гусакоў — дырэктар РУП «Інстытут мяса-малочнай прамысловасці». Ягор Гусакоў — прарэктар па навуковай рабоце Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта (БДЭУ).
Эйсманты
Гэтая пара добра вядомая: Наталля Эйсмант стала прэс-сакратаркай кіраўніка, атрымаўшы шырокія паўнамоцтвы, у 2014 годзе. Праз некалькі гадоў яе муж Іван быў прызначаны кіраўніком Белтэлерадыёкампаніі.
Церцелі
Больш за ўсіх вядомы Іван Церцель, старшыня КДБ. Яго сын Міраслаў пайшоў па слядах бацькі, уладкаваўшыся на працу ў Камітэт дзяржбяспекі, а цяпер працуе ў якасці першага сакратара пасольства Беларусі ў Расіі.
Брат кіраўніка КДБ Юрый Церцель — кіраўнік Дзяржаўнай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету.
Шэйманы
Шматгадовы паплечнік кіраўніка Віктар Шэйман сёння з'яўляецца яго спецыяльным пасланнікам у афрыканскіх краінах. Яго сын Сяргей пачынаў дарадцам бацькі, а цяпер разам з бізнесоўцам Аляксандрам Зінгманам валодае кампаніямі, праз якія беларускія ўлады працуюць у Афрыцы.
Азаронкі
Прапагандыст Рыгор Азаронак уваходзіць у палітраду праўладнай партыі «Белая Русь». Яго верагодны дзядзька Віктар — намеснік старшыні Лепельскага райвыканкама, які збіраецца стаць дэпутатам Палаты прадстаўнікоў.
Нагадаем, што бацька прапагандыста, таксама прапагандыст, Юрый Азаронак у мінулым працаваў на высокіх пасадах у Белтэлерадыёкампаніі.
Каранкевічы
Віктар Каранкевіч — міністр энергетыкі. Яго малодшы брат Антон — дырэктар бабруйскага філіяла «Магілёўэнерга», таксама збіраецца стаць дэпутатам Палаты прадстаўнікоў.
Чаргінцы
Мікалай Чаргінец — ганаровы старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі, які атрымаў ад Лукашэнкі званне «народнага пісьменніка». Яго сын Ігар — гендырэктар нацыянальнай авіякампаніі «Белавія». Перавозчык трапіў пад маштабныя санкцыі праз дзеянні кіраўніка, але Чаргінец-малодшы ва ўсім вінаваціць падступны Захад.
Рыжанковы
Пяройдзем да сваякоў, якія ў розны час працавалі на рэжым Лукашэнкі. Максім Рыжанкоў — першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта. Яго бацька Уладзімір у першыя гады прэзідэнцтва Лукашэнкі працаваў міністрам спорту і кіраўніком Нацыянальнага алімпійскага камітэта.
Рыжанкоў-старэйшы раптоўна памёр ад інсульту ў снежні 1996 года.
Глазы
Шмат хто ў курсе існавання прэс-сакратара МЗС Анатоля Глаза. Але не ўсе ведаюць, што яго бацька Анатоль, у гонар якога быў названы сын, у мінулым працаваў намеснікам старшыні Магілёўскага аблвыканкама і дэпутатам Палаты прадстаўнікоў.
Гайдукевічы
Сяргей Гайдукевіч з'яўляўся дэпутатам Палаты прадстаўнікоў і членам Савета Рэспублікі, а таксама некалькі разоў складаў бачнасць канкурэнцыі Лукашэнку на прэзідэнцкіх выбарах. Яго сын Алег атрымаў ад бацькі ў спадчыну Ліберальна-дэмакратычную партыю і дэпутацтва ў Палаце прадстаўнікоў.
Крутыя
Дзмітрый Круты — цяпер пасол Беларусі ў Расіі з паўнамоцтвамі віцэ-прэм'ера. Яго бацька Мікалай Круты з 1999 па 2003 год кіраваў канцэрнам «Беллеспаперапрам», г.зн. працаваў на пасадзе, супастаўнай з пасадай міністра.
Радзьковы-Пярцовы
Аляксандр Радзькоў — міністр
адукацыі ў 2000-х і першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта ў 2010-х. Яго дачка Юлія працуе вядучай на
дзяржаўных тэлеканалах, там яна пазнаёмілася з Уладзімірам Пярцовым, за якога
выйшла замуж. Сёння Пярцоў — міністр інфармацыі.