«Сыходзь хутчэй, стары». Малады ябацька ўбачыў намёк на Лукашэнку ў песні праўладнага гурта
У канцы 2020 года гурт «Дразды» выпусціў песню «Зіма, зіма, каляды». Праз тры гады старшыня так званага моладзевага парламента пры Нацыянальным сходзе Мікіта Рачылоўскі знайшоў у тэксце навагодняй кампазіцыі «пасхалку», піша «Люстэрка».
На яго думку, словы «Сыходзь хутчэйшы, стары» музыкі адрасавалі не адыходзячаму году, а асабіста Аляксандру Лукашэнку. Свае падазрэнні палітык агучыў у эфіры прапагандысцкага шоу на СТВ «Так! Але...».
— Ведаеце, у 2020 годзе, калі было важна бачыць кожнага чалавека, нават схаваныя сэнсы і намёкі, «Дразды» выпускаюць песню і кліп «Стары, зыходзь» (насамрэч песня называецца «Зіма, зіма, каляды», і там сапраўды ёсць радок: «Сыходзь хутчэй, стары»). Калі хадзілі [пратэстоўцы] па вуліцах, казалі: «Сыходзь, сыходзь», — падзяліўся сваімі падазрэннямі «моладзевы парламентарый».
— Яны казалі пра год? — удакладніў вядучы шоу прапагандыст Яўген Пуставы.
— Яны казалі не пра год, на жаль, а пра галоўнакамандуючага, — упэўнены Рачылоўскі. — Такі вось схаваны сэнс падавалі пад выглядам старога Новага года.
Пазней Рачылоўскі і зусім заявіў, што лідар гурта «Дразды» Віталь Карпанаў у 2020 годзе «вырашыў аказаць садзейнічанне, каб рэжым наш дзяржаўны ўпаў», а потым «зразумеў, што пратэсты сыходзяць на нішто, узяў пераабуўся і сёння робіць выгляд, што ён патрыёт, бегае з беларускім сцягам».
Песня «Зіма, зіма, каляды» была напісана ў 2020 годзе. У снежні на YouTube-канале «Драздоў» выйшаў кліп. Кампазіцыя ўвайшла ў альбом «Хачу дамоў», які выйшаў у свет у 2023 годзе.
Тэкст песні «Зіма, зіма, каляды»
Вецер, вецер дзьме, дзьме,
З хаты выйшаў ледзьве.
Цемра, цемра ў двары —
Ну дзе вы, ліхтары?
Думкі, думкі, бы валуны,
Лёс такі, ці год такі —
Чакаюць новай усе пары,
Сыходзь хутчэй, стары!
Зіма, зіма, зіма, каляды,
Прысмакі ды руляды.
Крый Бог край ад ліхіх падзей
І ўсім пашлі надзей…
Хмары, хмары ў небе,
мая ў хмарах недзе.
Зорка, зорачка, вядзі,
куды далей ісці?
Снег, сняжынкі, бы матылькі,
Лёс такі ды год цяжкі,
Чакаюць новай усе пары —
Сыходзь хутчэй, стары…
Месяц, месяц ўзыдзе.
І свята час надыдзе.
І засвецяць ліхтары
У кожным у двары.
Мары, мары спраўдзяцца,
І ўсё ва ўсіх наладзіцца.
Маладзік, ярчэй гары!
Ну ўсё, бывай, стары.
Нагадаем, Рачылоўскі даўно вядзе няроўны бой з беларускімі артыстамі і медыйшчыкамі, якія, на яго думку, недастаткова патрыятычныя. Увагу на «Драздоў» ён звярнуў яшчэ летась пасля таго, як на групу і іх фронтмэна Віталя Карпанава ўзлавалася гродзенская прапагандыстка Вольга Бондарава. Музыканта яна назвала «змагаром-дзяржпераваротчыкам». Пры гэтым сам Карпанаў рэгулярна спявае на праўладных канцэртах, а на адным з выступленняў заявіў, што дзякуючы Лукашэнку «мы маем краіну, дзе кожны мае магчымасць шчасліва працаваць, зарабляць, выхоўваць дзяцей і ўнукаў».