«Элгэбэтэшны старыкан». Інфаказачка Бондарава прычапілася да снегавіка ў Галоўпаштамце
Вядомая актывістка «рускага свету» і, бадай, самая пацешная ябацька Вольга Бондарава працягвае змаганне з ветракамі. Гэтым разам яна абурылася навагоднім упрыгожаннем у сталічным Галоўпаштамце і паскардзілася Чамаданавай. Гэта заўважыла выданне «Люстэрка».
У будынку Галоўпаштамта на праспекце Незалежнасці адміністрацыя размясціла ёлку і паставіла каля яе дзве фігуры — снегавіка з таблічкай «Santa stop here» (Санта спыняецца тут) і Шчаўкунка. Снегавік з таблічкай якраз і выклікаў абурэнне прапагандысткі.
— Галоўпаштамт: Санта-Клаўс тут больш не спыняецца. Бо няма чаго элгэбэтэшных старыканаў падсоўваць нашым дзецям,— заявіла Бондарава, прадэманстраваўшы ў сваім тэлеграм-канале фота «да» і «пасля». На апошнім здымку бачная ёлка ўжо без дзвюх фігурак — прыбралі і снегавіка, і Шчаўкунка.
Відавочна, фігуркі прыбралі не без удзелу начальніцы Галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай працы і ў справах моладзі Мінгарвыканкама Вольгі Чамаданавай. Менавіта ёй дзякуе ў сваім пасце прапагандыстка.
— Ад усёй душы дзякуем чараўніцы — Снягурцы з Мінгарвыканкама Вользе Мікалаеўне Чамаданавай за шчыры і дзейны клопат аб сталічнай моладзі. Што там кіраўніцтва Галоўпаштамта, ці прапануе наведвальнікам любавацца, інсталяцыямі з нашымі, айчыннымі, героямі казак, з Дзядулем Марозам і Снягуркай?.. Хутка Новы год, — намякнула прапагандыстка.
Вольга Бондарава з тых «гарадскіх вар’ятак» позняга лукашызму, якія прысвячаюць сваё жыццё змаганню фактычна з галасамі ў сваёй галаве. «БЧБ-бесаў», «прапаганду ЛГБТ» і іншыя каштоўнасці «тлятворнага Захаду» яна можа ўбачыць там, дзе, акрамя яе, ніхто гэтага не заўважыць.
Так, Бондарава нападае то на торты гродненскіх прадпрымальнікаў, якія не адпавядаюць яе ўяўленням аб прыўкрасным, то на іконы ў гродненскіх храмах, то накідваецца на вытворцу калгот і шкарпэтак «Чобат», то на лагатып лінейкі тавараў для дзяцей у выглядзе вясёлкавага аднарога.
Зрэдку ўлады адмахваюцца ад яе абсурдных скаргаў, але часцей паслухмяна здавольваюць прэтэнзіі палымянай барацьбіткі за «традыцыйныя каштоўнасці».
На погляд сацыёлага Генадзя Коршунава, які патлумачыў феномен «бондараўшчыны» ў інтэрв’ю ютуб-каналу «Ток», Бондарава — гэта варыянт гарадской вар'яткі, якая трапіла ў дзяржаўнае рэчышча. Такіх, як Бондараву і Азаронка, складана прыцішыць нават іх кампаньёнам, бо праз гэта могуць узнікнуць падазрэнні. Таму, лічыць сацыёлаг, «ад яе будуць хутчэй дыстанцыявацца, так, каб не запэцкацца. Але, каб спыніць, трэба, каб яе моцна занесла (а гэта ўжо здаралася)».
На думку сацыёлага, пры круцейшым заносе Бондаравай
скажуць «стоп» і «закрыюць капітальна». Але, лічыць Коршунаў, гэта
малаверагодна.