«Самыя сучасныя ўзоры ваеннага абсталявання» ў беларускай арміі паходзяць з XIX стагоддзя
«Беларускае войска мае ўсё неабходнае для абароны краіны. Яно мабільнае і абсталявана самымі сучаснымі ўзорамі ўзбраення і ваеннай тэхнікі», — казаў наш міністр абароны Хрэнін у траўні. Аднак на практыцы сучаснае абсталяванне — гэта (часам) рэчы царскіх часоў.
«Беларускі гаюн» звярнуў увагу на фота з 815-га цэнтра тэхнічнага забеспячэння падчас агляду гатоўнасці да новага навучальнага года. І пабачыў на ім рэчмяшок.
Афіцыйна гэты выраб называўся «мяшком рэчавым з намётавай тканіны з водаўпорным насычэннем з вонкавай кішэняй і рамянямі для мацавання шынельнай скаткі». У цэлым рэчмяшкі (па некаторых крыніцах) былі ў ходзе яшчэ з 1874 года ў Рускай імператарскай арміі і практычна без змен выкарыстоўваліся да 1950-х гадоў ужо ў арміі савецкай.
Пазней мяшок быў трохі мадэрнізаваны (дададзены вонкавая кішэня, месца для мацавання біркі з данымі ўладальніка і брызентавыя рамяні-сцяжкі для шынельнай скаткі). Менавіта такі «мадэрнізаваны» варыянт рэчмяшка і бачны на фота.
Нягледзячы на некаторыя плюсы (таннасць і кампактнасць) рэчмяшкі маюць істотныя мінусы (у першую чаргу нязручнасць нашэння і невялікі аб'ём). Відавочна, што ў ХХІ стагоддзі рэчмяшкі патрабуюць замены на больш сучасныя аналагі.
У апошнія гады сітуацыя пачынае мяняцца. Напрыклад, Мінабароны РБ у 2022 годзе закупіла для войска 6000 баулаў. А ў 2023 годзе было закуплена ўжо 26 600 новых баулаў. Таксама ў планах у МА РБ закупіць у 2023 годзе 1000 «заплечнікаў спецыяльных».
Пры захаванні такога аб'ёму закупак забяспечыць усіх вайскоўцаў новымі бауламі атрымаецца на працягу бліжэйшых некалькіх гадоў.
Ну, а пакуль частцы вайскоўцаў УС РБ прыйдзецца здавольвацца нестарэючай класікай.