Беларускае войска корміць расійскіх «калегаў»?
Міністэрства абароны Беларусі штогод на пачатку года робіць закупку паслугаў з арганізацыі харчаваньня для асабовага складу Ўзброеных сілаў. З гэтых лічбаў можна зрабіць ускосныя высновы пра тое, у якім стане знаходзіцца беларускае войска і, мажліва, пра тое, якая групоўка расейскіх войскаў разьмешчаная на тэрыторыі РБ.
У 2024 годзе інфармацыя аб закупцы была размешчаная на старонцы дзяржзакупак 26 студзеня, а ў 2023 годзе — 17 лютага. Аб'ём паслугаў у гэтых закупках пазначаны адзінкай «чал/год».
То-бок, гэтая адзінка аб'ёму непасрэдна зьвязаная з колькасьцю чалавек, якія знаходзяцца на забеспячэньні Мінабароны Беларусі.
Кожная такая закупка падзеленая на лоты па вобласьцях Беларусі, і ў кожным лоце ўказаныя аб'ёмы паслугаў у адпаведнай вобласьці.
Праведзены аналіз паказаў, што аб'ёмы згаданых паслугаў пачалі рэзка мяняцца ўва ўсіх вобласьцях Беларусі, пачынаючы з 2023 года, а адносна Менскае вобласьці і Менску — з 2022 года.
Для параўнаньня, у 2020 і 2021 годзе яны істотна не мяняліся, розьніца склала ўсяго 0.4%.
Апроч вайскоўцаў, гэтыя закупкі ахопліваюць таксама харчаваньне пацыентаў вайсковых шпіталяў. І аб'ёмы гэтых паслугаў таксама зьмяніліся пачынаючы з 2023 года.
Даныя аб'ёмаў паслугаў прыведзеныя ў табліцы ніжэй.
Бачна, што ў 2022 годзе аб'ём паслугаў з арганізацыі харчаваньня вайскоўцаў у Менскай вобласьці і Менску ў параўнаньні з 2021 годам паменшыўся на 20.6%. Пры гэтым памяншэньне аб'ёму, якое ў 2023 годзе назіралася па ўсёй астатняй Беларусі, Менскую вобласьць і Менск практычна не закранула.
У 2023 годзе агульны аб'ём паслугаў у параўнаньні з 2022 годам паменшыўся на 14.5%. Калі глядзець на лічбы па вобласьцях, то больш за ўсё памяншэньне адбылося ў Магілёўскай вобласьці — на 34.8%. У Віцебскай вобласьці — на 26.1%, у Гарадзенскай і Берасьцейскай вобласьцях — на 24.6%.
Варта адзначыць, што ў 2022 годзе Беларусь стала саўдзельніцай у вайне Расіі супраць Украіны. З беларускай тэрыторыі ажыццявіўся няўдалы для расійцаў «Кіеў за тры дні», і ў далейшым былі зафіксаваныя абстрэлы ракетамі і дронамі ўкраінскай тэрыторыі. Але напрыканцы 2022 — напачатку 2023-га гэтыя абстрэлы спыніліся. Дый беларускія партызаны напачатку 2023-га пашкодзілі самалёт-разведчык А-50 у Мачулішчах, у выніку чаго той зляцеў «на рамонт», але так і не прыляцеў назад.
Імаверна, памяншэнне выдаткаў на харчаванне ў 2023-м звязана з тым, што з Беларусі сышла частка расійскай групоўкі войскаў.
Цікава, што больш за аб'ём паслугаў з арганізацыі харчаваньня вайскоўцаў у кожнай з вобласьцяў у 2023 годзе паменшыўся аб'ём паслугаў з арганізацыі харчаваньня пацыентаў вайсковых шпіталяў — нават на 35.7%. Пры гэтым паводле закупкі на 2024 год істотна павялічыць гэты аб'ём не плянуецца.
І гэта, верагодна, пацвярджае тэзу, што ў 2022-м расійскія ваенныя, параненыя ва Украіне, лекаваліся на тэрыторыі Беларусі, але з закрыццём «паўночнага фронту» такая неабходнасць адпала.
А ў 2024 годзе агульны аб'ём паслугаў у параўнаньні з 2023 годам павялічыўся на 20.2%. У «лідарах» павелічэньня аб'ёму — тыя ж вобласьці, якія годам раней лідзіравалі ў памяншэньні. У Магілёўскай вобласьці аб'ём паслугаў павялічыўся на 91%, то-бок амаль удвая. У Віцебскай вобласьці — на 45.1%, то-бок амаль на палову. А ў Гарадзенскай вобласьці — на 39.1%. Пры гэтым варта заўважыць, што ў тым або іншым памеры гэтае павелічэньне ахапіла ўсе вобласьці Беларусі.
Нават калі параўноўваць плян на 2024 год з 2021 годам, то ў трох згаданых вобласьцях усё роўна бачна павелічэньне аб'ёму згаданых паслугаў, у тым ліку ў Магілёўскай вобласьці на 23.9%. У двух іншых вобласьцях у гэтым выпадку павелічэньне ня столь значнае, але ўсё ж істотнае — ў Віцебскай вобласьці на 6.6%, у Гарадзенскай на 4.3%.
Прычыны ўсіх апісаных вышэй хістаньняў дакладна невядомыя. Імаверна, памяншэньне аб'ёму паслугаў з арганізацыі харчаваньня вайскоўцаў у 2022-2023 гадах, а таксама павелічэньне гэтага аб'ёму ў плянах на 2024 год зьвязана з тым, што існуе нейкая колькасьць расейскіх вайскоўцаў на забеспячэньні Мінабароны Беларусі.