Генштаб УСУ: Лякарні ў Беларусі перапоўнены хворымі і параненымі расійскімі жаўнерамі
У выніку медыкі вымушаны адмаўляць у абслугоўванні беларускім грамадзянам, якія маюць патрэбу ў лекаванні.
![armija_r.jpg armija_r.jpg](/img/v1/images/armija_r.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Па звестках выведкі УСУ, у Брэсцкай вобласці, асабліва ў раёнах, дзе месцяцца падраздзяленні расійскай арміі, якія прыбываюць, значна ўзмацняецца нагрузка на сацыяльную сферу.
У прыватнасці, мясцовыя лякарні перапоўнены расійскімі вайскоўцамі, як параненымі, так і хворымі з-за нездавальняючых умоў утрымання ў намётавых лагерах. У выніку медыкі вымушаны адмаўляць у абслугоўванні беларускім грамадзянам, якія маюць патрэбу ў лекаванні, паведамляе BBC.
![100 000 расійскіх вайскоўцаў былі забітыя ці параненыя ў Украіне, заяўляюць ЗША «Значна больш» за 100 тысяч расійскіх вайскоўцаў забітыя ці параненыя на Украіне?](/img/v1/images/straty_100_000.jpg?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)
Нагадаем, Лукашэнка 10 кастрычніка заявіў, што дамовіўся з Расіяй разгарнуць рэгіянальную групоўку войскаў. Паводле яго слоў, у Беларусь прыедзе «не адна тысяча» расійскіх вайскоўцаў, ён даручыў іх «прыняць і размясціць». Разгортванне групоўкі праводзіцца нібыта з-за пагрозы ўдару з боку Украіны. Аднак у Дзярждуме РФ заявілі, што разгортванне групоўкі — гэта для зняцця «занепакоенасці Аляксандра Рыгоравіча і нашых беларускіх братоў» і адказ на дзеянні Польшчы, якая ўмацавала вайсковую прысутнасць на мяжы з Беларуссю.
14 кастрычніка Лукашэнка не змог назваць дакладную колькасць расійскіх вайскоўцаў, якія прыедуць у Беларусь, але адзначыў, што «10-15 тысяч ад Расіі патрабаваць зараз не трэба».
Першыя эшалоны з расійскімі вайскоўцамі з рэгіянальнай групоўкі войскаў прыбылі ў краіну 15 кастрычніка.