Выбары ў парлямэнт Беларусі 1947 года: Сталін, Танк, Машэраў і іншыя

У лютым 1947 года ў Беларусі адбыліся выбары ў парлямэнт – Вярхоўны Савет ІІ скліканьня. Як і сёньня, у орган пры камуністычным (а цяпер лукашэнкаўскім) рэжыме траплялі толькі самыя адданыя. У 1947 годзе на 371 месца прэтэндаваў 371 кандыдат. Якія знакавыя асобы змагаліся ва ўпартай барацьбе?

Шалупіньне органа дыктатуры

Шалупіньне органа дыктатуры

Выбары адбываліся ўпершыню пасьля Другой сусьветнай вайны. З папярэдняга галасаваньня, якое адбылося ў 1938 годзе, на вайне загінуў кожны чацьверты беларус. Камуністы акупавалі Заходнюю Беларусь і ўключылі яе ў БССР, акрамя гэтага Вільня і Віленскі край былі перададзеныя Літве, а Беластоцкая вобласьць – сацыялістычнай Польскай Народнай Рэспубліцы.

З такімі ўводнымі данымі была праведзеная выбарчая кампанія. Выбары адбываліся па мажарытарнай сістэме, калі перамогу атрымлівае той кандыдат, за якога прагаласавала большасьць выбарцаў.

Зрэшты, выбіраць прыходзілася няпроста. У кожнай выбарчай акрузе, а іх было 371, вылучаўся адзін кандыдат. У 1947 годзе на выбары пайшоў выбарчы блёк, які спадзяваўся атрымаць падтрымку насельніцтва. Ён меў амбіцыйную назву «Сталінскі блёк камуністаў і беспартыйных».

У сьпісы выбарцаў было ўнесена каля 4,4 мільёнаў жыхароў Беларусі. Выканаць свой грамадзянскі абавязак вырашылі 99,97% зь іх. Такая яўка ня сьнілася Ярмошынай ніколі. Зрэшты, тагачасныя ярмошыны працавалі таксама спраўна.

Па выніках выбараў за кандыдатаў ад «Сталінскага блёку камуністаў і беспартыйных» прагаласавалі 99,57% ад тых, хто прыйшоў на выбары. Пераканаўчая перамога, згадзіцеся.

Як сёньня модна казаць, па «гендарных квотах» у парлямэнт запісалі 27% кабетаў.

А хто там апынуўся?

Улётка на давыбарах у Вярхоўны Савет І скліканьня пасьля акупацыі Заходняй Беларусі камуністамі

Улётка на давыбарах у Вярхоўны Савет І скліканьня пасьля акупацыі Заходняй Беларусі камуністамі

Сярод 371 дэпутата былі цікавыя і вядомыя да сёньня імёны. Пройдземся па некаторых. У Менску, напрыклад, былі створаныя 12 акругаў. Так, па Сталінскай акрузе ў Вярхоўны Савет Беларусі ІІ скліканьня быў абраны грузін. Імя яго – Іосіф Сталін. Крывавы тыран акрамя крамлёўскіх пытаньняў быў адначасова і дэпутатам беларускага органа. Цікава, ці зьявіўся ён на нейкім паседжаньні.

Маршал Клімент Варашылаў, які меў прыблізна столькі ж беларускай крыві, як і Сталін, пасьпяхова быў абраны ад Калінінскай выбарчай акругі Менску. Тагачасныя камуністы крыху недакруцілі з лёгікай, бо маршал мог перамагчы ў іншай менскай акрузе, якая насіла яго імя – Варашылаўская, але нешта пайшло не так. Па той акрузе прайшоў партызан Казімір Пушчын.

Таксама магла атрымацца сітуацыя як у Сталіна, які перамог па Сталінскай акрузе ў іншага боса чырвоных – Вячаслава Молатава. Але па менскай Молатаўскай акрузе перамог Аляксей Золаў, а сам Молатаў у Дзяржынскай менскай выбарчай акрузе.

Галоўны беларускі камуніст таго часу – Панцеляймон Панамарэнка перамогу атрымаў таксама ў Менску, па Аўтазаводзкай акрузе. Нагадаем, гэта той самы Панцеляймон, які, як кажуць, прапаноўваў перадаць Кёнігсберг і ўсю акупаваную Ўсходнюю Прусію менавіта Беларусі, а не непасрэдна Маскве.

Сярод іншых, хто перамог у Менску быў яшчэ адзін расеец – Мікалай Патолічаў, які з 1950-га стаў першым сакратаром ЦК камуністаў Беларусі, а потым амаль 30 (!) гадоў быў міністрам зьнешняга гандлю СССР.

Ад сталіцы Беларусі пяройдзем да рэгіёнаў. Тады, дарэчы, замест сёньняшніх 6 абласьцей у нас было 11.

Ад Менскай вобласьці можна вылучыць некаторых сапраўдных слугаў народу. Адзін зь іх быў кампазытар Анатоль Багатыроў, партызан Іван Варвашэня, іншы партызан Раман Мачульскі, а таксама арганізатарка падрыхтоўкі забойства кіраўніка нямецкай акупацыйнай адміністрацыі ў часы вайны – Вільгельма Кубэ, спадарыня, ці лепш таварыш Марыя Осіпава.

Былі і два акадэмікі – гісторыкі Мікалай Нікольскі і Ўладзімер Перцаў, які ў свой час спрычыніўся да заснаваньня БДУ ў 1921 годзе і быў сябрам беларускай дэлегацыі ў Арганізацыі Аб’яднаных Нацый у час яе заснаваньня ў 1945 годзе.

Уладзімер Перцаў

Уладзімер Перцаў

Па адной з акругай Бабруйскай вобласьці дэпутатам Вярхоўнага Савета ІІ скліканьня стаў Кандрат Крапіва. На паседжаньнях яму, верагодна, не давялося распавядаць свае байкі. Разам зь ім прайшоў былы старшыня Рады Міністраў Беларусі Кузьма Кісялёў, які на той момант займаў пасаду першага міністра замежных справаў Беларусі.

На сэсіях магла нарадзіцца і новая байка Кандрата Крапівы, калі той Кісялёў яму меў магчымасьць пахваліцца: «А правяду-ка я незалежную замежную палітыку Беларусі…» Зрэшты, нешта праводзіў па праўдзе. На сваёй пасадзе пратрымаўся 20 гадоў, больш за Макея.

Суворы Кандрат Крапіва

Суворы Кандрат Крапіва

Ад Баранавіцкай вобласьці ў парлямэнт трапіў народны мастак Беларусі Іван Ахрэмчык. А ад Берасьцейскай можна вылучыць пісьменьніка Максіма Танка. Захаваліся сямейныя ўспаміны сваякоў аўтара, як пасьля Другой сусьветнай вайны Аляксандар Хадзінскі некалькі разоў зьвяртаўся да Танка, калі трэба было дапамагчы рэпрэсаваным сваякам ці сябрам. І Максім Танк дапамагаў.

Ад Віцебскай вобласьці ў парлямэнт прызначылі архітэктара Міхаіла Асмалоўскага, таго самага, чыім імём названы квартал у цэнтры Менску, які раз-пораз зьбіраюцца зьнесьці.

Таксама ад гэтага рэгіёну прайшоў і Мінай Шмыроў, больш вядомы як Бацька Мінай, знакаміты партызан.

Бацька Мінай. Малюнак Аляксандра Мазалёва

Бацька Мінай. Малюнак Аляксандра Мазалёва

Ад Гомельшчыны ў Вярхоўны Савет Беларусі ІІ скліканьня трапіў украінскі габрэй, які аддана служыў Крамлю і асабістаму сябру – тырану Сталіну. Гэты чалавек меў імя Лазар Кагановіч. Ён нёс непасрэдную адказнасьць за масавыя забойствы ў часе камуністычных рэпрэсіяў у 1930-я гады. Безьліч людзей былі расстраляныя дзякуючы яго намаганьням, а сам дэпутат Вярхоўнага Савету Беларусі пражыў цэлых 97 гадоў, і памёр толькі ў 1991 годзе.

Разам зь ім трапіў у беларускі парлямэнт у 1947 годзе і Лаўрэнці Цанава, жудасны кіраўнік КДБ Беларусі тых часоў. Калі б выбары адбыліся на 10 гадоў раней, ён быў бы запісаны па сваім сапраўдным прозьвішчы, якое ўжываў да 1938 года – Джанджава. Але кіраўніку КДБ не пашанцавала: ужо пасьля сьмерці Сталіна яго арыштавалі, і праз некалькі гадоў ён памёр у маскоўскай вязьніцы.

Лазар Кагановіч

Лазар Кагановіч

Ад Гарадзенскай вобласьці быў прызначаны будучы кіраўнік камуністычнай Беларусі Кірыла Мазураў. Ад Вялейскай абраўся пісьменьнік Аркадзь Куляшоў, вядомы пралетарскі пясьняр.

Ад Пінскай – скульптар Заір Азгур і пісьменьнік Міхась Лынькоў. Разам зь імі былі яшчэ два чалавекі, якіх у Беларусі будуць памятаць доўга: шматгадовы будучы кіраўнік камуністычнага рэжыму Пятро Машэраў і клясык, былы палітвязень Якуб Колас.

Ад Полацкай вобласьці (а гучыць як амаль ад Полацкага Княства) у Вярхоўны Савет трапіў паміж іншымі Пятрусь Броўка.

Цырк, пад назваю выбары ў Вярхоўны Савет ІІ скліканьня абсалютна роўназначны сучаснай падзеі, пад назваю выбары ў палату прадстаўнікоў Беларусі. Палата для прызначаных «дэпутатаў» павінна быць іншай.