21 год: Ад Гедыміна да Купалы. Што рабілі знакамітыя беларусы ў гэтым узросьце

У сацсетках амаль кожны другі ўзяў удзел у папулярным трэндзе, падчас якога людзі выстаўляюць  сябе на здымках ва ўзросьце 21 году. Асобы з гісторыі Беларусі ў свой час маглі б паўдзельнічаць крыху іншым чынам — пахваліцца тымі ці іншымі зьдзяйсьненьнямі, зробленымі ў тым жа ўзросьце. Што пасьпелі зрабіць нашыя продкі?

Вялікі князь Гедымін на ўезьдзе ў Кіеў

Вялікі князь Гедымін на ўезьдзе ў Кіеў

Вітаўт

Будучы вялікі князь нарадзіўся ў 1350 годзе, і вядома, што ва ўзросьце 22 гадоў (даруйце невялікую хібу ў канцэпцыі) разам з дзядзькам, Альгердам, удзельнічаў у паходзе войска Вялікага Княства Літоўскага на Маскву.

Францішак Багушэвіч

Малады Францішак Багушэвіч

Малады Францішак Багушэвіч

На сваё 21-годзьдзе адзін з пачынальнікаў беларускай літаратуры скончыў пачатковую адукацыю. А менавіта Віленскую гімназію ў 1861 годзе. Там пасябраваў з Цітусам Далеўскім, Юлянам Чарноўскім, Вінцэнтам Віткоўскім, Канстантыем Далеўскім, Зыгмунтам Мінейкам, якія сталі пазьней актыўнымі ўдзельнікамі паўстаньня пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага.

Гедымін

У 1296 годзе славуты князь меў 21 год, і акурат у гэты час у яго разам з Вольгай нарадзіўся сын, якому далі імя Альгерд.

Уладзімер Караткевіч

Калі малады пісьменьнік дасягнуў 21 году, ён навучаўся ў Кіеве. А на радзіме ў аршанскай раённай газэце «Ленінскі прызыў» былі надрукаваныя два вершы паэта: «Тут будзе канал» (на рускай мове) і «Якубу Коласу» (на беларускай мове).

Жыгімонт Ваза

Жыгімонт Ваза

Жыгімонт Ваза

21-шы год жыцьця для Жыгімонта стаў шчасьлівым. У 1587 годзе яго абіраюць у якасьці вялікага князя літоўскага, а таксама караля польскага. Сын швэда і прадстаўніцы нашай Ягелёнскай дынастыі трымаў уладнае стырно амаль паўстагодзьдзя, да сваёй сьмерці ў 1632 годзе.

Браніслаў Эпімах-Шыпіла

Знакаміты культурны дзеяч адсьвяткаваў сваё 21-годзьдзе ў 1880 годзе, калі скончыў Рыжскую гімназію з залатым медалём. Сам Шыпіла менавіта з часу навучаньня ў гэтай установе зьбіраў матэрыялы па беларускай гісторыі, этнаграфіі і літаратуры. У 1880 годзе паступіў на адзьдзяленьне клясычных моваў гісторыка-філялягічнага факультэту Санкт-Пецярбургскага ўнівэрсітэту. Недахоп фінансавых сродкаў вымушаў пастаянна зьвяртацца з прашэньнем аб вызваленьні ад платы за слуханьне лекцыяў. У студэнцкія гады даваў прыватныя ўрокі, і такім чынам зьяўлялася магчымасьць аказваць матэрыяльную дапамагу маці.

Язэп Пушча

Язэп Пушча (Іосіф Плашчынскі) на здымку яшчэ не здагадваецца пра будучыя рэпрэсіі

Язэп Пушча (Іосіф Плашчынскі) на здымку яшчэ не здагадваецца пра будучыя рэпрэсіі

У 1923 годзе ўраджэнец вёскі Каралішчавічы пад Менскам стаў адным з заснавальнікаў літаратурнага аб’яднаньня «Маладняк».

Зыгмунд Мінейка

Адзін з кіраўнікоў паўстаньня 1863 году ў свае 21 ужо актыўна супрацьстаяў расейшчыне. У 1861 годзе ён вярнуўся ў родную Вільню, дзе прыняў удзел у маніфэстацыях і агітацыі сярод сялянаў. Сярод іншага, Мінейка, пераапрануўшыся ў сялянскую вопратку, распаўсюджваў беларускі ананімны сатырычны твор «Гутарка старога дзеда».

Янка Купала

Янка Купала

Янка Купала

Жыцьцё будучага клясыка было няпростым у 21-гадовым узросьце. У 1902 годзе памёр бацька, і, як старэйшы з семярых дзяцей, Іван Луцэвіч застаўся за гаспадара. Праз паўгода ад шкарлятыны памёр малодшы брат Казік, а яшчэ праз тыдзень — сёстры Гэля і Сабіна. У пошуках заробку Луцэвіч пайшоў «у людзі»: пачаў працаваць вандроўным настаўнікам, пісарам у судовага сьледчага ў Радашковічах у 1903 годзе. Таксама ў гэтым жа годзе выйшлі першыя надрукаваныя вершы паэта, на польскай мове ў часопісе «Ziarno».

Іван Луцкевіч

Іван Луцкевіч у гімназіі

Іван Луцкевіч у гімназіі

У 1902 годзе, ва ўзросьце 21 года, Іван сканчвае навучаньне ў гімназіі, разам з братам Антонам яны едуць у Санкт-Пецярбург. Іван паступіў на юрыдычны факультэт Санкт-Пецярбургскага ўнівэрсітэту і адначасова ў Археалягічны інстытут. У сталіцы Расейскай імпэрыі ў гэты час было шмат беларускіх студэнтаў, тут браты знаёмяцца з Вацлавам Іваноўскім. У гэтым жа годзе Іван і Антон Луцкевічы разам з Іваноўскім арганізоўваюць «Круг беларускай народнай прасьветы і культуры». Мэтай гуртка было стварэньне беларускай школьнай адукацыі і выдавецтва беларускіх кнігаў.

Зьмітрок Бядуля

Знакаміты беларускі паэт габрэйскага паходжаньня ў свае 21 пачаў літаратурную дзейнасьць. Яшчэ хлопчыкам ён складаў вершы на старажытнагабрэйскай мове, але пачаткам дзейнасьці лічыцца ўсё ж 1907 год, калі ён пачаў пісаць вершы на рускай мове і дасылаць іх у пецярбургскія часопісы. Там вершы хвалілі, але не друкавалі.