«Паўзучая дэленінізацыя». Гарады Беларусі, у якіх (ужо) няма помніку Ільічу

Помнік Леніну з’яўляецца неад’емнай часткай цэнтральных вуліц і плошчаў многіх беларускіх гарадоў. Звычайна правадыр пралетарыяту стаіць каля райвыканкамаў, але часам месца размяшчэння даволі арыгінальнае. Напрыклад, насупраць царквы або касцёла. Кампазіцыя «Ленін ідзе ў царкву» турыста можа моцна здзівіць, аднак яна паказвае на сур’ёзную ментальную «кашу» ў галовах людзей. А ёсць у Беларусі населеныя пункты, дзе бальшавіцкі крыважэр адсутнічае. 

Ілюстрацыйная выява. Магчыма, калі-небудзь і гэты помнік пойдзе пераплаўлены на званы

Ілюстрацыйная выява. Магчыма, калі-небудзь і гэты помнік пойдзе пераплаўлены на званы

Зусім нядаўна наконт помнікаў Леніну нечакана выказаўся Павел Латушка, адзначыўшы, што пакуль мы не пазбавімся Ленінаў ва ўсёй краіне, то наўрад ці можам думаць, што Беларусь стане свабоднай, дэмакратычнай і па-сапраўднаму незалежнай. Беларусь з’яўляецца радзімай помнікаў Леніну. Яшчэ ў 1922 годзе ў мястэчку Краснаполле на Магілёўшчыне з’явіўся першы ў свеце помнік правадыру бальшавікоў. Драўляную скульптуру яшчэ пры жыцці Уладзіміра Леніна зрабіў Артур Грубэ.

Глядзіце таксама

Зразумела, што скульптура камуністычнага дзеяча на цэнтральных вуліцах гарадоў Беларусі — гэта атавізм, які з цягам часу будзе прыбраны назаўсёды. Аднак прынамсі ў 16 гарадах і мястэчках Беларусі помнікі Леніну з цэнтральных вуліц і плошчаў не ўдасца прыбраць ні пры якіх акалічнасцях. Справа ў тым, што за савецкім часам помнікаў Леніну там не ставілі. У спісе гарадоў — Белаазёрск, Валожын, Дрыбін, Карэлічы, Кіраўск (Качэрычы), Клецк, Косава, Ляхавічы, Мар’іна Горка, Мёры, Мсціслаў, Наваполацак, Светлагорск (Шацілкі), Слаўгарад (Прапойск), Тураў, Фаніпаль. У кожным з гэтых гарадоў Леніна не ўсталявалі са сваіх прычын.

Замест Леніна Пятро Мсціславец, Тадэвуш Касцюшка і легендарны Шаціла

Часам на месцы Леніна стаіць іншы бальшавіцкі дзеяч. Напрыклад, у Кіраўску на цэнтральнай плошчы стаіць Кіраў, у гонар якога гістарычныя Качэрычы перайменавалі ў 1939 годзе. Не нашмат лепш за Леніна, бо як кажуць «абое-рабое»: быў застрэлены, бо сам расстрэльваў так званых «контррэвалюцыянераў».

Помнік Сяргею Калініну замест звыклага Леніна перад кіраўскім райвыканкамам. Крыніца - https://glubinka.by

Помнік Сяргею Калініну замест звыклага Леніна перад кіраўскім райвыканкамам. Крыніца - https://glubinka.by

А вось у старажытным Мсціславе Ленінаў наогул не было. А ў 2001 годзе на галоўнай плошчы горада сімвалічна з'явіўся помнік Пятру Мсціслаўцу — кнігадрукару, які выдаў разам з Іванам Фёдаравым першую друкаваную рускую кнігу «Апостал». Помнік Пятру Мсціслаўцу размешчаны недалёка ад мясцовага райвыканкама і гэта адзін з нешматлікіх прыкладаў, калі ля ўладнага будынка знаходзіцца не Ленін.

Пятро Мсціславец на цэнтральнай плошчы горада. Крыніца - wikipedia.org

Пятро Мсціславец на цэнтральнай плошчы горада. Крыніца - wikipedia.org

Бальшавіцкага ката няма і ў Светлагорску, хаця ён тут меўся з’явіцца. У канцы 1980-х 10-тонны помнік Ільічу са сцягам ужо прывезлі ў Светлагорск, але так і не ўсталявалі. Бронзавы помнік выкарысталі ў 2005 годзе, калі яго пераплавілі ў звон — помнік на брацкай магіле салдат, што загінулі ў Другую сусветную вайну.

Светлагорскага Леніна ў савецкі час усталяваць не паспелі. Па чутках, з помніка вырабілі мемарыяльны звон. Крыніца -  34mag.net

Светлагорскага Леніна ў савецкі час усталяваць не паспелі. Па чутках, з помніка вырабілі мемарыяльны звон. Крыніца -  34mag.net

Пры гэтым у цэнтры горада стаіць помнік легендарнаму Шацілу, ад якога, згодна з народным паданнем, і з’явіліся Шацілкі, што за савецкім часам былі перайменаваны ў Светлагорск. Натуральна, гэты помнік з’яўляецца гарадской славутасцю і прыцягвае ўвагу гасцей горада. 

Помнік Шацілу ў цэнтры Светлагорска-Шацілак. Крыніца - monument.goub.by

Помнік Шацілу ў цэнтры Светлагорска-Шацілак. Крыніца - monument.goub.by

У Мар’інай Горцы таксама няма Леніна, плошча перад выканкамам пустая, ніякіх помнікаў там увогуле няма. Савеччыны ў горадзе хапае ў іншых манументах і назвах вуліц, але пры гэтым ёсць адметны ўязны знак, у якім выяўлена жаночае ўвасабленне горада, бо ўзнікненне паселішча ў паданнях звязваецца з жаночым персанажам. Паводле першага падання, назва мясціны пайшла ад узвышша, на якім павесілася дачка памешчыка Мар’я. Згодна з другім, назва паселішча ўтварылася ад паганскай традыцыі, бо некалі тут было капішча, дзе язычнікі маліліся сваёй багіні Мары.

Уязны знак у Мар’іну горку ў выглядзе жаночай постаці. Крыніца- planetabelarus.by

Уязны знак у Мар’іну горку ў выглядзе жаночай постаці. Крыніца- planetabelarus.by

У невялічкім горадзе Косава Івацэвічскага раёна досыць нестандартная сітуацыя для бальшыні беларускіх райцэнтраў, гарадоў і мястэчак. Справа ў тым, што помніка Леніна ў Косаве не было і няма, але пры гэтым ёсць помнік Тадэвушу Касцюшку — ураджэнцу гэтых месцаў, славутаму вайсковаму дзеячу Рэчы Паспалітай, нацыянальнаму герою адразу некалькіх краінаў (ЗША, Летува, Беларусь, Польшча), які змагаўся за сваю дзяржаву супраць акупантаў з Усходу.

Помнік Касцюшку ў Косаве, у якім не было Леніна. Крыніца - wikipedia.org

Помнік Касцюшку ў Косаве, у якім не было Леніна. Крыніца - wikipedia.org

Натуральна, што ў гэтых населеных пунктах шмат савецкіх найменняў вуліц і плошчаў, а сярод іх як абавязковы элемент тапанімікона ёсць вуліца Леніна ці Ленінская вуліца. Аднак плошчаў Леніна і адпаведна помнікаў правадыру сусветнага пралетарыяту, як было вышэй адзначана, у гэтых населеных пунктах няма. Адсутнасць помніка Леніну ў будучым будзе спрыяць хуткім ментальным зменам тутэйшага маладога пакалення местачкоўцаў. 

Глядзіце таксама

Як знікалі Леніны ў некаторых беларускіх гарадах

У Беларусі няма праграмы па дэкамунізацыі. Але гэта не перашкаджае прыбіраць савецкія помнікі па ўсёй краіне. Праўда, робіцца гэта вельмі павольна і часцей за ўсё па вострай неабходнасці, выпадковасці або па непрыдатнасці помніка. Можна сказаць, што ідзе «паўзучая дэленінізацыя» і «леніназрух». За апошнія 30 год у больш чым 20 гарадоў і мястэчак з цэнтральных плошчаў зніклі помнікі Леніну. Дэсаветызацыі, якая вельмі павольнымі тэмпамі адбываецца ў Беларусі, спрыяюць ментальныя змены беларускага грамадства. Менавіта адсутнасць помнікаў крыважэрнаму ідэалісту Леніну будзе толькі спрыяць умацаванню лакальнага патрыятызму і зацікаўленасці мясцовай гісторыяй, канчатковаму адыходу ад савецкасці ў рэгіёнах.

Вось некалькі прыкладаў, якім чынам знікалі альбо былі пасунуты помнікі бальшавіку ў беларускіх гарадах. 

Нясвіж, 2003 год

У гэты час тут заканчвалася рэканструкцыя гарадской ратушы. Каб вярнуць плошчы гістарычны выгляд, помнік Леніну адсюль прыбралі. Яго перанеслі да рога суседніх вуліц. У мясцовых камуністаў пярэчанняў не было, бо яго не знішчылі, а проста прыбралі з цэнтра гістарычнага горада.

Ратушная плошча ўжо бяз помніка Леніну. Крыніца - radzima.org

Ратушная плошча ўжо бяз помніка Леніну. Крыніца - radzima.org

Глуск, 2004 год

У лютым 2004 года ў помніка, які стаяў перад будынкам райвыканкаму, адвалілася рука. Улады тады тлумачылі пашкоджанне  помніка тэмпературнымі скачкамі. На пашкоджаны помнік нацягнулі доўгі мех з чорнай тканіны і абвязалі вяроўкамі. У такім выглядзе ён прастаяў больш за тыдзень, пакуль на загад з райвыканкаму яго не дэмантавалі. Аднак калі фігуру сталі падымаць кранам на тросах, помнік разваліўся на часткі.

Дэмантаж Леніна ў Глуску. Крыніца — svaboda.org

Дэмантаж Леніна ў Глуску. Крыніца — svaboda.org

Ашмяны, 2013 год

Тут помнік Леніну, як найчасцей бывае, стаяў на цэнтральнай плошчы перад выканкамам. Гэтага Леніна любілі фатаграфаваць на фоне суседніх царквы і касцёла. Але з 2013 году фонам для Леніна стаў будынак пракуратуры і суду, куды яго перанеслі. На новым месцы правадыру значна панізілі пастамент. У 2012 годзе ў горадзе праходзіла рэканструкцыя цэнтральнай плошчы напярэдадні абласных Дажынак. Па новым праекце на ёй не было месца помніку. Афіцыйна мясцовыя ўлады хацелі больш рацыянальна выкарыстоўваць прастору пры правядзенні масавых гарадскіх мерапрыемстваў, пагэтаму і прыбралі Ільіча.

Больш за дзесяць год таму на фоне царквы і касцёла стаяў помнік Леніну, якога цяпер няма. Крыніца - darriuss.livejournal.com

Больш за дзесяць год таму на фоне царквы і касцёла стаяў помнік Леніну, якога цяпер няма. Крыніца - darriuss.livejournal.com

Дэленінізацыя на прыкладзе Крычава 

Павольную дэленіназацыю можна праглядзець на прыкладзе ўсходнебеларускага Крычава. З чатырох крычаўскіх помнікаў савецкаму лідару толькі два засталіся на ранейшым месцы. З адкрыццём сквера гістарычнай памяці восенню 2022 года ў старой частцы горада галоўны помнік Леніна заняў другаснае месца ў архітэктурна-гістарычным ансамблі, хоць і не знік канчаткова — яго схавалі падалей ад цэнтра плошчы. Дагэтуль помнік галоўнага бальшавіка размяшчаўся акурат насупраць праваслаўнай Свята-Уваскрасенскай царквы, мясцовыя жартавалі, што «Ленін ідзе ў царкву». 

Выгляд плошчы ў старой частцы горада да зменаў і пасля іх. Фота аўтара

Выгляд плошчы ў старой частцы горада да зменаў і пасля іх. Фота аўтара

Абазначэнне найбліжэйшага прыпынку «плошча Леніна» знікла і застаўся толькі знак, які пазначае прыпыначны пункт. Адпаведна і плошча фактычна перастала называцца палітычным псеўданімам Ульянава. 

Помнік Леніну, які размяшчаўся побач з домам піянераў. Крыніца - yandex.ru/maps

Помнік Леніну, які размяшчаўся побач з домам піянераў. Крыніца - yandex.ru/maps

Акрамя таго ў дзіцячым парку ў старой частцы Крычава колісь працавалі каруселі, быў дом піянераў, а побач з ім знаходзіўся помнік Леніну. Хоць дом піянераў адносна даўно знік, аднак помнік Леніну яшчэ доўга стаяў. Увосень 2022 года правадыра пралетарыяту прыбралі, а колішні дом піянераў трансфармаваўся ў філіял Крычаўскага раённага цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі «Крэчут». Але Ільіч знік ціха, без «пылу і шуму», як казалі ў савецкай кінакамедыі.

Цяперашні выгляд былога будынку дома піянераў без помніка Леніна. Фото аўтара

Цяперашні выгляд былога будынку дома піянераў без помніка Леніна. Фото аўтара