Беларускія помнікі, якія сагрэюць вашую душу

На днях мы рабілі падборку помнікаў, існаваньне якіх у нашай краіне выклікае спрэчкі і пытаньні. А зараз — хараство і прыгажосьць. Беларусь як яна ёсьць. Глядзіце!



dzed_hlybaczanin.jpg

Дзяржаўныя дзеячы

Заслаўе. Помнік Рагнедзе і Ізяславу. Усталяваны ў 1993-м

Прыгожае ўвасабленьне гераічнай падзеі ў нашай гісторыі — калі маленькі ўнук полацкага князя Рагвалода — Ізяслаў — абараняе сваю маці Рагнеду ад кіеўскага князя Ўладзімера, які гвалтам захапіў яе і змусіў выйсьці замуж. Як мы ведаем, маленькі князь выйшаў з мячом супраць свайго бацькі Ўладзімера ў 987 годзе, паказваючы такім чынам нязломнасьць крывічоў.

rahneda_i_izjaslau.jpg

Заслаўе. Помнік Ізяславу. Усталяваны ў 2014-м

Самому Ізяславу таксама ў горадзе яго імя ёсьць цэлыя два помнікі. Пры Ізяславе ў Полацкім княстве распаўсюджваецца хрысьціянства.

izjaslau.jpg

Полацк. Помнік Усяславу Чарадзею. Усталяваны ў 2007-м

Легендарны князь Полацкага княства. Яго помнік — першы конны ў незалежнай Беларусі. Усяслаў Чарадзей прыходзіцца ўнукам князя Ізяслава, сына Рагнеды. Самы росквіт Полацкай дзяржавы прыйшоўся на яго ўладараньне. Знакаміты Сафійскі сабор быў пабудаваны па яго загадзе ў 1060-я гады. Дарэчы, Усяслаў Брачыслававіч усталяваў рэкорд па кіраваньні беларускай дзяржавай — 54 гады. У 1068-м быў палітвязьнем.

czaradzej.jpg

Ліда. Помнік Вялікаму князю Гедыміну. Усталяваны ў 2019-м

Помнік зусім нядаўна ўрачыста адкрылі з нацыянальнымі сьцягамі. Гедымін тут на кані, гэта рэдкасьць для помнікаў у Беларусі. Вялікі князь, які зрабіў сваю краіну напраўду вялікай, кіраўнік, які ў сьне ўбачыў абрысы і месца новай сталіцы ВКЛ — Вільні. На помніку таксама ёсьць старажытны знак Гедыміна і яго нашчадкаў — герб Калюмны.

hedzimin.jpg

Віцебск. Помнік Вялікаму князю Альгерду. Усталяваны ў 2014-м

Сын Гедыміна — Альгерд — атрымаў выкшталцоўны конны помнік у Віцебску. Месца безумоўна самае спрыяльнае — менавіта тут у 1318-м Альгерд узяў шлюб з Марыяй, дачкой Віцебскага князя, па сьмерці якога Альгерд і сам стаў княжыць у Віцебску. Такім чынам, праз дынастычны шлюб Віцебскае княства ўвайшло ў Вялікае Княства Літоўскае. Увогуле за час кіраваньня Альгерда ВКЛ у 1345-1377 гг. усе беларускія землі былі злучаныя ў адзіную магутную дзяржаву. У ВКЛ увайшлі і Кіеў, і Смаленск, і Чарнігаў. Князь Альгерд тройчы біў дзідай у Крэмль.

alherd.jpg

Горадня. Помнік Давыду Гарадзенскаму. Усталяваны ў 2018-м

Помнік знакамітаму сярэднявечнаму палкаводцу князя Гедыміна разьмешчаны ў горадзе на Нёмане. На думку некаторых дасьледчыкаў, жонкай Давыда была дачка Гедыміна. Палкаводзец узначальваў Гарадзенскі замак (а магчыма, і быў князем гарадзенскім — тут погляды гісторыкаў разыходзяцца). Удзельнічаў у пасьпяховых паходах супраць крыжакоў у Прусію, Лівонію. Ваяваў у Мазовіі. У 1326 г. мазавецкі рыцар забіў маладога Давыда ўдарам у сьпіну.

dyvyd_haradzenski.jpg

Полацк. Помнік князю Андрэю Альгердавічу. Усталяваны ў 2009-м

Старэйшы сын вялікага князя Альгерда атрымаў помнік на 5 гадоў раней за бацьку. За доўгае жыцьцё князь Андрэй пасьпеў стаць значнай і дастаткова супярэчлівай асобай. Менавіта Андрэй быў апошнім полацкім князем у межах ВКЛ. Падчас жыцьця свайго бацькі быў князем у Пскоўскім княстве, якое дамагалася падтрымкі ВКЛ у змаганьні з Ноўгарадзкім княствам. У 1372 Андрэй хадзіў з паходам на Маскву. Аднак пасьля сьмерці бацькі выявіліся яго іншыя амбіцыі — Андрэй абвясьціў сябе вялікім князем рускім са сталіцай у Полацку, але пад націскам свайго дзядзькі Ягайлы ўцёк у Пскоў, затым у Маскву і ўжо разам з Маскоўскім княствам захапіў у ВКЛ некалькі гарадоў. Затым быў захоплены Ягайлам, а пасьля вызваленьня зноў стаў князем у Пскове. У 1399 забіты ў баі на рацэ Ворскле, калі войска ВКЛ пад кіраўніцтвам Вітаўта атрымала паразу ад Залатой Арды.

andrej_alherdavid.jpg

Лепель і Слонім. Помнік канцлеру Льву Сапегу. Усталяваныя ў 2010-м і 2019-м адпаведна

Спадзяемся, кожны беларускі школьнік і дарослы чулі пра тры Статуты ВКЛ, апошні зь якіх быў прыняты ў 1588 дзякуючы менавіта Льву Сапегу. Са Слонімам у Льва Сапегі былі шчыльныя і прыемныя адносіны — ён быў старастай горада, пры ім месца напраўду квітнела. У 1591 г. нават было атрыманае Магдэбургскае права (права на мясцовае самакіраваньне). На помніку ў Слоніме Леў Сапега трымае ў руцэ аркуш з тэкстам ад вялікага князя Жыгімонта Вазы, у якім той надзяляе Сапегу правам на выданьне збору законаў. Нагадаем, што статуты ВКЛ лічацца першай эўрапейскай канстытуцыяй, а на Беларусі дзейнічалі аж да 1839 г., нават калі Вялікае Княства ўжо было акупавана Расейскай імперыяй ў 1772-1795 гг.

sapeha_slonim.jpg

А ў Лепелі помнік паставілі з нагоды таго, што Леў Сапега заснаваў гэтае месца ў 1586 г. як Новы Лепель (Стары Лепель знаходзіцца непадалёк, зараз гэта толькі вёска).

sapeha_lepel.jpg

Косава. Помнік Тадэвушу Касьцюшку. Усталяваны ў 2018-м

Пасьля сьмерці нацыянальнага героя Беларусі ў 1817 прайшло 200 гадоў, і нарэшце на радзіме быў усталяваны помнік выбітнаму сыну нашай бацькаўшчыны. Дзяржава дала толькі дазвол, а вось сродкі на стварэньне помніка зьбіралі самі беларусы — атрымалася няблага, за некалькі дзён былі сабраныя каля 22 тысячаў рублёў. Цікавы факт: на адкрыцьці прысутнічалі дэпутаты палаты прадстаўнікоў і мноства людзей з нацыянальнымі бел-чырвона-белымі сьцягамі, абыйшлося без затрыманьняў. Тадэвуш Касьцюшка на пастамэнце з шабляй назіраў за імпрэзай.

kascjuszka_1.jpg

Сьвіслач. Помнік Кастусю Каліноўскаму. Усталяваны ў 1958-м

Адзіны помнік іншаму нацыянальнаму герою — Каліноўскаму — знаходзіцца ў Сьвіслачы — месцы, дзе ён скончыў вучэльню. Прыгожае апісаньне помніка знаходзім у кнізе «Збор помнікаў гісторыі і культуры. Гродзенская вобласьць», якая пабачыла сьвет у 1986 г.: «Стрыманы парыў, гордая незалежнасьць, духоўная актыўнасьць героя пададзены ў павароце галавы, сьмелым позірку, у рысах твару. Кампазыцыя бюста ажыўлена рухам рукі, якая трымаецца за штрыфель фрака. Старанная прапрацоўка формаў, дэталей касьцюма (фрак, шырокі гальштук) надае вобліку жыцьцёвую канкрэтнасьць і верагоднасьць».

Сьвіслач — цікавае помнікавае месца. Тут і крывавы Сталін з нашага мінулага матэрыялу пра дрэнныя помнікі, тут і асобная «Алея помнікаў», дзе поруч з Леніным-Сталіным стаяць бюсты Рамуальду Траўгуту, а таксама да нядаўняга часу стаяў і яшчэ адзін сьвіслацкі помнік Кастусю Каліноўскаму. У 2018 г. гэты помнік зьнік, застаўся толькі той, усталяваны ў 1958 г. Занадта страшэнныя былі ў паўстанца словы: «Толькі тады, народзе, зажывеш шчасьліва, калі над табою Маскаля ўжэ ня будзе!».


kalinouski_9.jpg

Бабруйск. Помнік Ахвярам палітычных рэпрэсій. Усталяваны ў 1998-м

Малавядомы помнік, які сёньня мусіць стаяць у кожным горадзе. Цудам зьявіўся напрыканцы мінулага тысячагодзьдзя. На камяні прымацаваная шыльда з надпісам «Бабруйчанам — ахвярам неабгрунтаваных рэпрэсій» (нібыта рэпрэсіі могуць быць «абгрунтаванымі»). У 1992 г. мясцовыя актывісты і ахвяры камуністычнага тэрору ўрачыста ўсталявалі камень з надпісам, што на гэтым месцы будзе пастаўлены помнік ахвярам рэпрэсій. Па праэкце, помнік мусіў выглядаць як спаленая хата. Яе сымбалізавалі чатыры каменныя слупы па кутах, якія ўтваралі б куб памерам 3 на 3 метры, а вянчаў яго «прагарэлы дах» — драбы даху з мэталу. Усярэдзіне меркавалася ўсталяваць скульптуру: мэталічны крыж, на якім як бы выяўлялася фігура чалавека — плечы і рукі з папярочнай перакладзіны, ногі — з вертыкальнай. Але, на жаль, у 1992 г. старшынём гарваканкаму быў упарты камуніст, якому была зусім недаспадобы гэтая гісторыя з помнікам. Актывісты вырашылі паспрабаваць усталяваць на хуткую руку элементы помніка, якія былі зьнесеныя на загад камуніста. Пазьней быў прывезены камень, які і знаходзіцца зараз у гістарычным цэнтры Бабруйска.

represii_1_1.jpg

represii_2.jpg

Культурныя дзеячы і зьявы

Полацк. Помнік літары «Ў». Усталяваны ў 2003-м

Самая беларуская літара. Помнік знаходзіцца ў горадзе, адкуль паходзіць і першадрукар Скарына, і асьветніца Эўфрасіньня. Рыгор Барадулін яшчэ не дачакаўся помніку сабе, але словы зь яго верша ўжо знайшлі сваё гістарычнае месца на помніку. Акрамя паэтычнага радка на гэтым помніку напісаныя шматлікія словы зь літарай «Ў».

u_1_1.jpg
u_3.jpg


Полацк. Помнік Францішку Скарыну. Усталяваны ў 1974-м

Гэта першы помнік распачынальніку беларускага кнігадрукарства. Цікава, што ідэя паставіць яго зьявілася яшчэ раней, у 1925 г., падчас сьвяткаваньня 400-годзьдзя беларускага кнігадруку. Але помнік не пасьпелі зрабіць да вайны. Сёньня помнікі Скарыну стаяць у Полацку, Лідзе і Менску.

skaryna_9.jpg

Полацк. Помнік Эўфрасіньні Полацкай. Усталяваны ў 2000-м

Эўфрасіньня пры нараджэньні мела імя Прадслава. Яна была ўнучкай полацкага князя Ўсяслава Чарадзея і прапрапрапраўнучкай Рагвалода. Адна з самых знакамітых беларусак за ўсю гісторыю. У 12 гадоў па задуме бацькоў мусіла ўзяць дынастычны шлюб з якімсьці князем, але адмовілася і пайшла ў кляштар. Сымбалічным зьяўляецца месца, дзе беларуская сьвятая адыйшла ў вечнасьць — Ерусалім, куды Эўфрасіньня трапіла з пілігрымкай у 1167 г.

eufrasinnja.jpg

Тураў і Гомель. Помнікі Кірылу Тураўскаму. Усталяваныя ў 1993-м і 2004-м адпаведна

Адначасова з Эўфрасіньняй, на поўдні Беларусі, у Тураўскім княстве жыў Кірыла. Ужо ў ХІІ стагодзьдзі ён заклікаў людзей чытаць кнігі, «якія дазваляюць адчыніць браму вечнага жыцьця, знайсьці невымоўныя даброты будучага веку». Як і паўночная сьвятая з Полацка, Кірыла таксама быў далучаны да ліку сьвятых. Асьветнік і выдатны пісьменьнік, біскуп Тураўскі імкнуўся стаць прыкладам для жыхароў таго часу.

turauski_turau.jpg
turauski_homel.jpg


 Нясьвіж. Помнік Сымону Буднаму. Усталяваны ў 1982-м

Менавіта ў гэтым горадзе Сымон Будны ў 1562 г. выдаў на беларускай мове кнігу «Катэхізіс». Кальвініст, які змагаўся з прадстаўнікамі іншых хрысьціянскіх дэнамінацый, Сымон Будны актыўна пашыраў кнігадрук на Беларусі. Ён пераклаў Біблію на польскую і ў тым жа Нясьвіжы, у заснаванай ім тыпаграфіі, выдаў яе ў 1570-х. Аднак трэба адзначыць, што ў гэтым перакладзе Сымон Будны дазваляў сабе апускаць пэўныя рэчы і дапісваць некаторыя іншыя ад сябе. Напрыканцы жыцьця ён адыйшоў ад кальвінізма і пашыраў ідэі аб антытрынітарнасьці (плынь у пратэстантызме, якая адмаўляе дагмат аб Тройцы — Бога Айца, Бога Сына і Духа Сьвятога, а таксама сьцьвярджае, што першароднага граху не існавала). Перад сьмерцю пасьпеў паспрачацца (у межах прыстойнай палемікі) з езуітамі пра несьмяротнасьць душы.

budny_1.jpg

Янава. Помнік Напалеону Орду. Усталяваны ў 1997-м

У час нараджэньня будучага мастака і кампазытара ў Беларусі стала вельмі папулярным імя для хлопчыкаў, якое давалі ў гонар французкага імпэратара. Напалеон Орда нарадзіўся на Палесьсі і праз усё творчае жыцьцё пранёс захапленьне краявідамі роднага краю. Дзякуючы яго творам мы маем бясконцую колькасьць выяваў гарадоў, якія ўжо не дайшлі да нашага часу, але захаваліся праз талент Орды. Як і адзначаны вышэй Кастусь Каліноўскі, скончыў Сьвіслацкую гімназію. Удзельнічаў у паўстаньні супраць расейскай акупацыі ў 1830-1831 гг. Помнік двойчы быў пашкоджаны ўварваньнямі. Першы раз — бандытаў, другі раз — урагана, у абодвух выпадках рука Напалеона была адарваная. Пра беларускую валюту не прынята выказвацца ў станоўчым ключы, але на рублях вы можаце знайсьці малюнкі Напалеона Орды, а менавіта выявы замкаў у Нясьвіжы і Міры.

orda.jpg

Менск. Помнік Валенцію Ваньковічу. Усталяваны ў 2010-м

У ціхім сталічным дворыку, дзе месьціцца сядзіба роду Ваньковічаў, знаходзіцца помнік самаму вядомаму прадстаўніку сям’і — бліскучаму мастаку ХІХ стагодзьдзя Валенцію. Як казаў аўтар помніка Ўладзімер Слабодчыкаў, скульптура была гатовая ўжо ў 2000 г., у 200-ю гадавіну народзінаў мастака, але дзесяць гадоў вымушаная была прастаяць, пакуль тагачасны міністар культуры Павал Латушка не ўзяў ініцыятыву ў свае рукі.

Валенці Ваньковіч вядомы як выдатны партрэтыст. На жаль, здароўе яго было не моцным, праз гэта ён адмовіўся ад удзелу ў паўстаньні 1830-1831 гг., выехаў у эміграцыю і памёр у 1842 г. у Парыжы на руках свайго сябра Адама Міцкевіча.

vankovicz.jpg

Менск. Помнік Адаму Міцкевічу. Усталяваны ў 2003-м

Паэт у бронзавай выяве зьявіўся ў сталіцы з ініцыятывы польскай дыяспары. Міцкевіч усё жыцьцё імкнуўся наладзіць жыцьцё ў акупаванай айчыне. Стаў палітвязьнем у 1823 г., пяць гадоў быў на «хіміі» — высылцы ў глыб Расеі. Пазьней вымушана эміграваў у Парыж, дзе спрабаваў арганізаваць фінансаваньне ўзброенага супраціву. Клясічны лёс беларускага патрыёта.

mickevicz_3.jpg

Маладэчна. Помнік Міхалу Клеафасу Агінскаму. Усталяваны ў 2002-м

Гэта той самы кампазытар, які напісаў знакаміты палянэз «Разьвітаньне з Радзімай». Апроч музыкі Міхал Клеафас актыўна займаўся дзяржаўнымі справамі, а ў 1794 г. удзельнічаў у паўстаньні Тадэвуша Касьцюшкі. Узяў шлюб з італьянскай сьпявачкай Марыяй дэ Нэры, зь якой меў 5 дзяцей. Помнік стаіць ля музычнага каледжу.

ahinski_1.jpg

Іншыя добрыя помнікі

Глыбокае. Помнік Дзеду-глыбачаніну. Усталяваны ў 2015-м

На поўначы Беларусі, на беразе возера некалькі гадоў таму зьявіўся гэты цікавы помнік. Ён увасабляе сабою зборны вобраз жыхара горада Глыбокае. Тут мы знойдзем інтэлігентнага выгляду сталага чалавека, кнігу ля яго, элементы касьцёла і царквы, што стаяць на цэнтральнай плошчы Глыбокага адно насупраць другога. Сам чалавек знаходзіцца ў чаўне, ён вяртаецца з рыбнай лоўлі.

dzed_hlybaczanin.jpg

Глыбокае. Помнік Езус і Самаранка. Усталяваны ў 2014-м

На цэнтральнай плошчы Глыбокага стаіць помнік Езусу і Самаранцы. Яго паставілі з нагоды 600-годзьдзя Глыбокага. У разуменьні аўтара скульптура «Езус і Самаранка» зьяўляецца «сымбалем духоўнасьці, простага чалавечага слова, супакою паміж народамі; вада — сымбаль праўды, ісьціны, вечнасьці, якія ўзвышаюць сьвядомасць чалавецтва». Нагадаем нашым чытачам, што сюжэт узяты з Эвангельля. У ім Езус падыходзіць да калодзежа ў Самарыі і просіць незнаёмую жанчыну аб вадзе. Самаранка была вельмі зьдзіўленая, бо было не прынята юдэям зносіцца з самаранамі. Завязваецца гутарка, у якой Езус адкрывае таемнае ў сэрцы жанчыны, пасьля чаго яна ідзе ў свой родны горад і распавядае ўсім пра мэсію.

ezus_i_samaranka.jpg

Менск. Помнік Анры Дзюнану. Усталяваны ў 2010-м

Адзін з надзвычай рэдкіх выпадкаў, калі ў Беларусі знаходзіцца месца ўшанаваньня замежных, апроч расейскіх, выбітных дзеячаў. Помнік Анры Дзюнану месьціцца ў сталіцы ля вуліцы Маркса, каля штаб-кватэры беларускага таварыства Чырвонага Крыжа. Менавіта спадар Дзюнан быў заснавальнікам гэтай арганізацыі ў 1863 г., пасьля таго як стаў сьведкам страшэнных ваенных дзеяньняў, у якіх падчас аднаго з баёў былі забітыя і параненыя больш за 40 тысячаў чалавек. У 1901 г. Анры Дзюнан стаў першым, каму была нададзеная прэмія Нобэля за мір.

dzjunan.jpg

Менск. Помнік Звон Нагасакі. Усталяваны ў 2000-м

Каля Чырвонага касьцёла была пастаўленая гэтая кампазыцыя, у якой прысутнічае японскі звон з Нагасакі, што адмыслова адлілі на запыт японскага каталіцкага біскупа. Гэты звон — дакладная копія арыгінальнага звана, які ацалеў і быў знойдзены пасьля атамнай бамбардзіроўкі Нагасакі ў 1945 г. Арыгінальны звон усталяваны ў цэнтры Нагасакі як напамін пра жахі Другой сусьветнай вайны. Ксёндз Уладзіслаў Завальнюк быў ініцыятарам усталяваньня помніка, на якім месьціцца надпіс: «Гэты звон пастаўлены ў памяць ахвярам, якія загінулі з прычыны выпрабаваньняў ядзернай зброі і ядзерных катастроф у XX стагодзьдзі, і перадаецца касьцёлу Сьвятога Сымона і Сьвятой Алены і ўсяму беларускаму народу. Аб’яднайма нашы сілы і пабудуем на гэтай зямлі сапраўдны спакой, свабодны ад ядзернай зброі і войнаў. Памолімся аб спакоі ў сьвеце». Пад помнікам маюцца капсулы з зямлёй, прынесенай з Ерусаліма, Хірасімы, Нагасакі і рэгіёнаў, пацярпелых пасьля выбуху на Чарнобыльскай АЭС.

nahasaki.jpg

У Беларусі існуе дастаткова вялікая колькасьць помнікаў, якіх можна ацаніць станоўча. Зь іншага боку, безумоўна, ёсьць яшчэ большая колькасьць выбітных дзеячаў, падзей, якія вартыя ўсталяваньня помніка. Пішыце ў каментары на старонках нашых сацсетак, якія помнікі вы жадалі б бачыць на вуліцах і плошчах нашай Беларусі.