Беларусь перакідвае больш за 50 адзінак ваеннай тэхнікі на мяжу з Украінай

Узброеныя Сілы Беларусі перакідваюць больш за 50 адзінак ваеннай тэхнікі з Гродна ў Брэсцкую вобласць. На тэхніцы ёсць апазнавальны знак — чырвоны квадрат.

Ілюстрацыйнае фота

Ілюстрацыйнае фота


Як паведамляе РБК-Украіна, напярэдадні ў Гродзенскай вобласці на чыгуначных станцыях «Каробчыцы» і «Свіслач» ішла пагрузка вайсковай тэхнікі. У прыватнасці, гэта 37 адзінак БМП, 5 ЗРК 9К33М3 «Аса», 2 «Уралы», БРДМ-2, БТС-4, дзве адзінкі асноў для ЗРК «Аса» пад тэнтам.

Пры гэтым 2 чэрвеня каля 8 раніцы эшалон выехаў з Гродна, а ў 10 раніцы быў заўважаны ў Баранавічах, а таксама ў аграгарадку Лясны, праз 40 хвілін — у раёне аграгарадка Даманава і ў 11:00 у горадзе Івацэвічы па кірунку на Брэст.

Выданне адзначае, што вялікая частка гэтай тэхнікі стаяла ў Хойніках з 7 траўня. Раней яе выкарыстоўвалі для ўмацавання мяжы з Украінай у Гомельскай вобласці. Іншая ж, меншая частка, таксама выкарыстоўвалася для ўзмацнення мяжы з Польшчай, а цяпер яе перавозяць у кірунку Брэста.

Раней паведамлялася, што Беларусь здымае з баз захоўвання свае танкі і баявыя машыны пяхоты. Ваенная тэхніка можа быць перададзена Расіі.