Зьнесьці ці пакінуць? Помнікі ў Беларусі са спрэчнай рэпутацыяй (Спойлер: ёсьць нават помнік АМАПу)

У гонар людзей, падзей і зьяваў усталявана вельмі шмат помнікаў. У першай частцы нашай падборкі мы разгледзім бюсты і статуі, якія, верагодна, можна аднесьці да помнікаў са знакам «мінус». Што зь імі рабіць у новай Беларусі — будзе добрым і цікавым пытаньнем. Спецыяльна не ўключалі сюды самы папулярны помнік, які можна ўбачыць у кожным горадзе — Уладзімеру Ўльянаву.



suvorau.jpg

Кобрын. Помнік Аляксандру Сувораву. Усталяваны ў 1949-м

Беларускія будучыя афіцэры з гонарам сканчваюць Менскую сувораўскую вучэльню, каб выконваць свой сьвяты вайсковы абавязак па запаветах генерала. Чалавек, які зьнішчаў Беларусь, нашую Рэч Паспалітую і здушыў паўстаньне Тадэвуша Касьцюшкі ў 1794-м. У Кобрыне ёсьць праваслаўная царква, дзе захоўваецца «рэліквія» — псалтыр з надпісам, што «на гэтым псалтыры чытаў і сьпяваў Сувораў». У гэтым месяцы зьявілася ініцыятыва аб далучэньні забойцы да ліку сьвятых РПЦ. Нагадаем таксама, што Сувораў вёў выключна заваёўніцкая войны, а не абарончыя. 


Сьвіслач, Гродзенская вобласьць. Помнік Іосіфу Сталіну. Усталяваны ў 2000-м

stalin_svislacz.jpg

Гучыць фантасмагарычна — у 2000 годзе паставіць помнік асобе, вінаватай у мільёнах закатаваных уласных суграмадзянаў! Ад іх удзячных нашчадкаў і прыйшла ініцыятыва аб упрыгожаньні Сьвіслачы бюстам крывавага тырана. Каб доўга не адцягваць справу, схадзілі ў бліжэйшы хлеў, дзе на пачэсным месцы стаяла гэтая галава, бо раней мясцовы калгас меў імя ўсё таго ж Сталіна. 

Лашаны, Менская вобласьць. Помнік Іосіфу Сталіну. Усталяваны ў 2009-м

stalin_laszany.jpg

Помніку ў Сьвіслачы было малавата для такой буйной асобы, таму праз колькі гадоў зьявіўся другі помнік на так званай «Лініі Сталіна», куды масава беларускія настаўнікі возяць маленькіх беларусаў знаёміцца з выключнай роляй генералісімуса ў перамозе над нямецка-фашысцкімі захопнікамі. 

Віцебск. Помнік АМАП. Усталяваны ў 2018-м

amap_7.jpg

Што прыходзіць на думкі, калі чуеце слова «АМАП»? У Віцебску што прыйшло, тое і напісалі на гэтым помніку — «Законнасьць, гонар, адвага». Дадаць бадай што і няма чаго. Напэўна, добра, што яго паставілі на ўскрайку паўночнага горада, каб не муляў вока. 

Магілёў. Помнік Аляксандру Пушкіну. Усталяваны ў 2015-м

puszkin1.jpg
puszkin2.jpg


Расейскі літаратар атрымаў цэлы трэці помнік у Магілёве. Мы безумоўна шануем сусьветную літаратуру, і было б добра і лягічна, каб помнікі Бальзаку, Гётэ, Шэкспіру, Дантэ, Гамэру былі прысутныя на беларускай зямлі. Маем тое, што маем.

Дарэчы, варта прывесьці арыгінал цытаты вялікага расейскага паэта пасьля задушэньня нашага паўстаньня 1830-1831 гг. супраць расейскай улады: «Ихъ надобно задушить и наша медленность мучительна. Для насъ мятежъ Польши есть дело семейственное, старинная, наследственная разпря, мы не можемъ судить ее по впечатлетямъ Европейскимъ».

Больш за тое, ужо ў 2015-м стваральнікі помніка дадумаліся зьмясьціць на пастамэнце радкі з верша Пушкіна «Паклёпнікам Расеі», дзе прапануецца нязгодным з расейскай палітыкай паслаць сваіх жаўнераў, каб быць забітымі і закапанымі.

У выніку розгаласу гэты твор магілёўскі аблвыканкам вымушаны быў прыбраць. Справа за помнікам. 

Крайск. Менская вобласьць. Помнік Мікалаю ІІ. Усталяваны ў 2008-м

mikalaj_ii.jpg
mikalaj_ii2.jpg


Гэты сьвяты РПЦ мае свой помнік ля мясцовай царквы, сьвятар якой публічна дзяліўся снамі, у якіх расейскі цар усьміхаўся яму і паказваў розныя знакі. Беларусы ў Крайску ва ўсіх сэнсах моляцца на цара, без цара ў галаве. На сьцяне царквы таксама намалявалі Мікалая з надпісам — «Прабач нам Гасудар». Бог вам будзе дараваць, альбо ня будзе. 

Менск. Помнік Міхаілу Калініну. Усталяваны ў 1978-м

kalinin_1.jpg

Вялікі дзеяч камуністычнай партыі трымаў у сэрцы Беларусь і ў 1938 г. падпісаў дакумент з тэкстам: «Расстраляць 3 тысячы чалавек як найбольш варожых і вядучых актыўную контррэвалюцыйную працу і выслаць з межаў Беларусі 9800 чалавек менш актыўных, але варожых элементаў».

У 1934 г. ён падпісаў загад, у якім прысуд да вышэйшай меры пакараньня неабходна прыводзіць у выкананьне неадкладна па вынясеньні прысуду.

Цікавая дата ў яго біяграфіі — 1931 г., калі Калінін падпісаў загад аб наданьні гораду Цьвер новай назвы — горад Калінін. 

Менск. Помнік Міхаілу Фрунзэ. Усталяваны ў 1975-м

frunze.jpg

Стаіць каля адміністрацыі Фрунзэнскага раёну сталіцы, недалёк ад мэтро «Фрунзэнская». Гэты чалавек 4 сакавіка 1917 г. з бандай бальшавікоў захапіў аддзелы менскай царскай паліцыі, што сёньняшні рэжым лічыць днём стварэньня беларускае міліцыі, у сувязі з чым вешаюць медалі пра 80-90-100 гадоў.

Законнасьць, гонар, адвага — у 1920 г. Фрунзэ зьяўляўся кіраўніком Паўднёвага фронту і ў гэтай якасьці зьвярнуўся да вайскоўцаў генэрала Урангеля ў Крыму з абяцаньнем поўнага прабачэньня ў выпадку, калі яны застануцца ў Расеі. Пасля захопу Крыма ўсім гэтым вайскоўцам было загадана зарэгістравацца (адмова ад рэгістрацыі каралася расстрэлам). Пасьля гэтага вайскоўцы Белага войска, якія паверылі Фрунзэ, былі арыштаваныя і расстраляныя непасрэдна пад гэтым рэгістрацыйным спісам. Усяго падчас чырвонага тэрору ў Крыме было расстраляна ці патоплена ў Чорным моры 50-75 тысячаў чалавек. 

Менск. Помнік Менскаму гарадавому. Усталяваны ў 2017-м

haradavy_1.jpg

Гэта акурат прадстаўнік той царскай паліцыі, каго захапілі, разграмілі банды бальшавікоў з абзаца вышэй, пра Фрунзэ. Камічнасьць сытуацыі ў тым, што гэты помнік быў асабістым гарачым жаданьнем тагачаснага міністра МУС Шуневіча, вядомага касплэем на НКУС. Перакручанасьць лёгікі здаецца іх не непакоіць, але што ж. Сам Шуневіч на адкрыцьці помніка заявіў, што скульптура — падарунак гараджанам, і ён упэўнены, што помнік стане ўлюбёным месцам для фота. Як у ваду глядзеў — гараджане сталі рабіць пэрфомансы і здымкі каля помніка. У 2017 г. анархіст Вячаслаў Касінераў у знак пратэсту супраць міліцэйскага беззаконьня накінуў на галаву гарадавога пятлю, за што быў асуджаны. У 2018 г. хлопец падскокнуў і даў поўху скульптуры. Юнак быў затрыманы, а пазьней зьявілася відэа, як ён на афіцыйным Youtube канале МУС просіць прабачэньня за свой учынак. 

Лясная, Магілёўская вобласьць. Помнік у гонар 200-годзьдзя перамогі расейскіх войскаў у Палтаўскай бітве. Усталяваны ў 1908-м

paltava_1.jpg

Нагадаем нашым чытачам, што згаданая Палтаўская бітва адбылася ў 1708 г. у межах Паўночнае вайны паміж Расеяй і Швэцыяй. Дарэчы, каралём скандынаўскай краіны на той час быў Карл ХІІ — прапрапраўнук нашага караля Жыгімонта Вазы.

У наш час складана ўявіць, напрыклад, у Тэгеране помнік у гонар 2200-годзьдзя перамогі Аляксандра Македонскага над персамі альбо ў Бэрліне помнік у гонар перамогі Напалеона над Прусіяй у 1806 годзе. 

Полацк, Віцебская вобласьць. Помнік героям айчыннай вайны 1812. Усталяваны ў 2010-м

pomnik_1812.jpg

Вайна Напалеона супраць Расейскай імперыі для беларусаў ніяк ня можа быць названая айчыннай. На 17 год пасьля поўнай акупацыі тэрыторыі Вялікага Княства Літоўскага пасьля падзелаў Рэчы Паспалітай, надзвычай наіўным было б сцьвярджаць аб памкненьні беларусаў бараніць акупацыйную дзяржаву. Насупраць — Напалеон абяцаў аднавіць ВКЛ, імператара воплескамі сустракалі ў Вільні і іншых буйных гарадах Беларусі.

Першы помнік быў усталяваны ў 1850 г., зьнесены камуністамі ў 1931 годзе. І вось праз 80 гадоў вырашылі, што Полацку без гэтага ня жыць. Помнік упрыгожваюць зь дзясятак бронзавых расейскіх дзьвюхгаловых арлоў. 

Полацк, Віцебская вобласьць. Помнік Уладзімеру Азіну. Усталяваны ў 1979-м

azin.jpg

Калі вы ня ведалі пра Азіна, мы крыху распавядзем, тым больш у першай беларускай сталіцы ёсьць яму помнік. Азін нарадзіўся на Полаччыне ў латышскай сям’і ў 1895 г., у 1918 г. стаў кіраваць латышскім камуністычным бандфармаваньнем. У 1919-1920 гг. кіраваў бальшавіцкай дывізіяй, якая захапіла Казань, і ваявала супраць Калчака. У 1920 г. быў забіты. 

Менск. Помнік Максіму Горкаму. Усталяваны ў 1981-м

horki_1.jpg

У цэнтры беларускай сталіцы ёсьць цэнтральны дзіцячы парк імя расейскага пісьменьніка Максіма Горкага з помнікам яму ж пры ўваходзе. Складана прасачыць, калі і што зрабіў галоўны пісьменьнік сацыялізму ў Беларусі ці для яе, але ўсё новыя і новыя пакаленьні дзетак ідуць адпачываць і забаўляцца ў парк імя Горкага. Сучасны расейскі пісьменьнік і біёграф Горкага Дзьмітры Быкаў у манаграфіі, прысьвечанай Горкаму, знаходзіць яго чалавекам, «абдзеленым густам, неразборлівым у сяброўстве, славалюбным, схільным да самалюбаваньня пры ўсім сваім абліччы Буравесьніка і праўдалюбцы». 

Берасьце. Помнік Мікалаю Гогалю. Усталяваны ў 1962-м

hohal.jpg

Падобным прыкладам да вышэйпазначанага Горкага можна назваць помнік Гогалю. Таленавіты і цудоўны пісьменьнік — праўда. Што ён робіць у Берасьці? Рытарычнае пытаньне. 

Магілёў. Помнік Змагарам за савецкую ўладу. Усталяваны ў 1982-м

zmaharam_sssr.jpg

Паводле гарадзкой легенды, статуя мусіла стаяць тварам да Дняпра, аднак савецкія ідэолягі вырашылі разгарнуць яе да горада, каб людзі не казалі, што жанчына бяжыць тапіцца.

Змагацца за савецкую ўладу беларусы пэўна не зьбіраюцца далей, таму патрэба існаваньня гэтай кампазыцыі выклікае вялікія сумневы.

У шэрагу камуністычных правадыроў, чые постаці пагрозьліва вісяць па-над беларускімі гарадамі, адзначым:

Менск. Помнік Сяргею Кіраву. Усталяваны ў 1981-м

kirau.jpg

Менск. Помнік Рыгору Арджанікідзэ. Усталяваны ў 1966-м

Стаяў ля Камароўскага кірмаша ў сталіцы. Зьнесены ў 2021-м, але ў хуткім часе было заяўлена, што яго зноў адновяць і паставяць.

ordz.jpg

Менск. Помнік Фэліксу Дзяржынскаму. Усталяваны ў 1955-м

dzjarzynski.jpg

Менск. Помнік мітрапаліту Філарэту. Усталяваны ў 2022-м

filaret_1.jpg

Самы новы помнік у нашай падборцы. Філарэт — асоба неадназначная, прывядзем некалькі вытрымак. У 2004 г. напярэдадні рэферэндуму аб скасаваньні абмежаваньняў на колькасьць прэзыдэнцкіх тэрмінаў, Філарэт сказаў: «У мінулыя гады беларускі народ не раз праяўляў мудрасьць. Упэўнены, што і зараз нашы суайчыньнікі зробяць правільны выбар». У 2007 г. у Крамлі Пуцін узнагародзіў яго ордэнам, у адказ Філарэт вымавіў: «Служу Расеі!». У 2009 г. мітрапаліт выказваўся аб фільтрацыі інтэрнэту ў Беларусі на ўзор Кітая.

Горадня. Помнік Васілю Чапаеву. Усталяваны ў 1981-м

czapaeu_3.jpg

Скончым нашую падборку гэтым бюстам, чыё нядаўняе зьнікньне ў 2019 г. з горада на Нёмане прынесла радасьць адным і глыбокі непакой іншым. У выніку гэты помнік зноў усталяваны ў Горадні некалькі дзён таму каля вайсковай часткі, дзе базуецца мясцовы АМАП. Так званы герой грамадзянскай вайны (няўжо ў грамадзянскай вайне ёсьць героі?) ні дня свайго жыцьця не быў у Беларусі. У 2020 г. пляменьніца Чапаева зьвярнулася да Лукашэнкі з заклікам ня даць зьнікнуць помніку, які нібы дэмантавалі па патрабаваньні «Маладога Фронту». 

Што пакінуць і што зьнесьці? Пішыце свае меркаваньні ў нашых сацсетках. І якім яшчэ, на ваш погляд, помнікам ня месца ў Беларусі?