Тое, што мы бачым, — толькі вяршыня айсберга. Што адбываецца з сацыяльнай сферай у Беларусі

Дзяржава звяртае ўвагу на «сацыялку» толькі калі здараюцца рэзанансныя выпадкі кшталту забойства чатырох дзяцей у Оршы. І тое — дзеля таго, каб яшчэ больш запалохаць людзей.

Дзяржава не мае намеру дапамагаць уразлівым сем'ям, яе мэта — запалохваць. Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

Дзяржава не мае намеру дапамагаць уразлівым сем'ям, яе мэта — запалохваць. Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

Забойства ў Оршы чатырох дзяцей ва ўзросце ад 1 да 8 гадоў, па падазрэнні ў якім затрыманая іх маці, выклікала вялікі рэзананс. Блізкія да сілавікоў тэлеграм-каналы распаўсюдзілі інфармацыю, што сям’я была ў сацыяльна небяспечным становішчы і жанчына задушыла чатырох з шасці ўласных дзяцей, каб не аддаваць іх у органы апекі.

Паводле слоў знаёмых, сям’я жыла бедна, дзеці былі ад розных бацькоў, але маці не піла (у адрозненне ад мужа, якога накіравалі ў ЛПП) і выхоўвала іх як магла. Цяпер да расследавання справы падключылася ажно Генпракуратура. А прапагандысты, не чакаючы суда, па выніках гэтага і іншых рэзанансных выпадкаў з забойствам дзяцей заклікаюць «вынесці на абмеркаванне тэму смяротнага пакарання і для жанчын».

Але справа падаецца нашмат больш глыбокай і, па вялікім рахунку, падсвечвае катастрофу, якая проста цяпер адбываецца ў Беларусі. Бо замест таго, каб дапамагаць сем’ям, якія так ці інакш трапілі ў цяжкую жыццёвую сітуацыю (а на пачатак 2023 года, паводле афіцыйных звестак, у сацыяльна небяспечным становішчы (СНС) знаходзіліся каля 19 тысяч дзяцей), адказныя за гэта структуры, ад сілавікоў да школ і сацслужбаў, засяроджаныя на рэпрэсіях. НКА, якія дапамагалі, у прыватнасці, жанчынам у сітуацыі хатняга гвалту, знішчаныя. І таму падобныя трагедыі не прадухіляюцца, а паўтараюцца.

Пра глыбіню бездані, у якой мы ўжо знаходзімся, і магчымасці палепшыць сітуацыю «Филин» пагутарыў з сацыялагіняй, гендарнай даследчыцай і ўдзельніцай «Фемсуполкі» Каардынацыйнай рады Аленай Агарэлышавай.

«Гэта гісторыя не пра дапамогу, а пра запалохванне»

— У англійскай мове ёсць такое спалучэнне «carework» — клопат як галоўны механізм і прынцып таго, як мусяць функцыянаваць сацыяльныя службы. Але ў Беларусі цяпер усё больш і больш сацыяльныя службы, часам нават недзяржаўныя, ператвараюцца ў карныя органы, для якіх галоўнае — падпарадкоўвацца і выконваць загад, — адзначае Алена Агарэлышава.

А з іншага боку, іх праца — гэта гісторыя не пра дапамогу, а пра запалохванне людзей, каб тыя выконвалі пэўныя патрабаванні.


Глядзіце таксама

Як мне падаецца, гэта можа быць эфектыўным у вельмі маленькай колькасці выпадкаў. Асабліва калі мы гаворым пра адукацыю і сацыяльную сферу.

Такая практыка «выхавання насельніцтва праз пагрозы пакарання» існавала і раней, дадае сацыялагіня, але пасля 2020 года яна ўсё больш набірае абароты. Які «плён» дае імкненне рэжыму вярнуць і ўзмоцніць кантроль ва ўсіх сферах, выразна бачна нават па афіцыйных гендарных звестках Белстата, некаторыя з якіх сарамліва заканчваюцца ў 2019-2020-м.

— Калі і далей замест рэальнай дапамогі неўладкаваныя сем’і, сацыяльныя службы, педагогаў і медыкаў, якія «не дагледзелі», будуць проста караць — ці можна меркаваць, што сітуацыя пагоршыцца?

— Як бы мне ні хацелася адваротнага, пакуль не бачна ніякіх перадумоў для паляпшэння. Была б рада памыліцца, але відавочна: эканамічны стан людзей робіцца ўсё горшым, негатыўны ўплыў санкцый і вайны, у якой саўдзельнічае рэжым, працягваецца. А значыць, людзі будуць станавіцца ўсё бяднейшымі, асабліва тыя, хто і раней быў у групе рызыкі.

Нават тыя катэгорыі насельніцтва, хто быў у больш-менш стабільным стане, у тым ліку псіхалагічным, адчуваюць гэты негатыў — эканамічны, палітычны, і адчуваюць пастаянны стрэс. Для ўразлівых груп сітуацыя пагаршаецца значна.

«Мы бачым толькі вяршыню айсберга»

Даследчыца звяртае ўвагу, што на сілавы рэсурс  — армію, унутраныя войскі, міліцыю, «патрыятычныя» клубы і класы — дзяржава вылучае ўсё больш сродкаў, між тым як сацыяльная сфера фінансуецца па рэшткавым прынцыпе, скарачаецца колькасць сацработнікаў і іх заробак.

Больш за тое, расказвае Алена Агарэлышава: у Беларусі ў сацыяльныя службы часта ідуць жанчыны сталага веку, проста каб «дапрацаваць» да пенсійнага ўзросту. Для большасці супрацоўнікаў і супрацоўніц сацыяльнай сферы гэтая праца — не пра эмпатыю, не пра пакліканне сэрца, але ад бязвыхаднасці і ад таго, што няма варыянтаў іншай працы.


Глядзіце таксама

— Гэта так сабе «званочак» пра сферу, — канстатуе даследчыца. — А эфектыўнасць яе вымяраецца хіба паказчыкамі, якія даводзяць профільныя дзяржструктуры: кантраляваць, каб выконваліся пэўныя працэдуры, і справаздачыцца ў час.

Натуральна, вельмі складана наладжваць кантакт з уразлівымі сацыяльнымі групамі, калі твая галоўная мэта — не дапамагаць ім, не апекавацца, а менавіта кантраляваць і застрашваць… І мы ж бачым толькі вяршыню айсберга — а там, унізе, мне падаецца, усё яшчэ больш жахліва.

Алена Агарэлышава прыгадвае паказальны выпадак. Яшчэ жывучы ў Беларусі, яна супрацоўнічала з сацыяльнымі цэнтрамі: для супрацоўнікаў ладзілі адукацыйныя трэнінгі, дзе расказвалі пра хатні гвалт і як сябе паводзіць з ахвярамі і агрэсарамі, разбіралі стэрэатыпы, чаму жанчына не можа «проста ўзяць і сысці» і г.д.

Падавалася б, справа карысная і патрэбная, і ў сацыяльных цэнтрах узрадуюцца супрацоўніцтву. Але ж не. Наадварот, актывісты і валанцёры сутыкнуліся з супрацівам саміх работнікаў. Куфэрак адчыняўся проста: працоўную нагрузку з тых ніхто не здымаў, а трэнінгі і курсы сталі дадатковай, неаплочваемай… Не дзіва, што стомленыя, нярэдка ўжо з выгараннем жанчыны-супрацоўніцы былі, мякка кажучы, не рады.

— А гэта было яшчэ ў 2019-м, калі значную частку сацыяльнай працы дапамагалі рабіць НКА, — звяртае ўвагу суразмоўца. — Цяпер, мяркую, сітуацыю будуць вырашаць усё большым ціскам: давайце правядзём нараду, насварымся на сацыяльныя службы за тое, што «не дагледзелі», і па ланцужку зверху ўніз усім навесім дадатковыя рэчы, якія яны мусяць кантраляваць.

Гэта мы яшчэ не чапаем палітыку — бо адной з «навешаных» задач стаў палітычны, па сутнасці, кантроль, каб хадзіць і запалохваць сем’і, якія так ці інакш былі заўважаныя ў пратэстах. Вядомыя кейсы, калі з сям’і забіралі дзяцей менавіта праз палітычную актыўнасць бацькоў — хаця рэсурсы маглі быць скарыстаныя з карысцю, для тых сем’яў, якім гэта сапраўды патрэбна.

Цалкам прачытаць інтэрв'ю з гендарнай даследчыцай можна тут.