«Нельга маўчаць!» Наколькі дзеці ў Беларусі абароненыя ад гвалту?

У нашай краіне біць дзяцей — усё яшчэ «нармальна». Інакш чым яшчэ патлумачыць бяздзейнасць дарослых, якія ўсё бачаць, чуюць і — маўчаць?

У Беларусі расце колькасць дзяцей, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы. Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

У Беларусі расце колькасць дзяцей, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы. Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

Улады Беларусі паведамілі пра вынясенне першага смяротнага прысуду ў 2023 годзе: да вышэйшай меры пакарання прысуджаны жыхар Слуцка, які разам з жонкай забіў да смерці 3-гадовага сына. Муж і жонка сістэматычна здзекаваліся з дзіцяці — пра гэта ведалі суседзі, міліцыя, сацслужбы, але трагедыю не прадухілілі. Пра тое, што робіць дзяржава для абароны дзяцей ад хатняга гвалту і ці можа дзіця разлічваць на дапамогу, калі яго крыўдзяць самыя блізкія, высвятляла «Deutsche Welle».

Трагедыя ў Слуцку

Трагедыя ў Слуцку адбылася на пачатку 2023 года. Бацькі 3-гадовага Сямёна, будучы ў стане алкагольнага ап'янення, білі яго рукамі і нагамі, у тым ліку па галаве. Ад атрыманых траўм дзіця памерла на месцы. Як высветліцца неўзабаве пасля трагедыі, такое «выхаванне» адбывалася рэгулярна. Бацька прызнаўся ў судзе, што маленькі Сямён раздражняў бацькоў, бо спаражняўся ў вопратку, краў ежу са стала і разбіваў талеркі.

Усяго ў сям'і было пяцёра дзяцей, і перыядычна іх ставілі на ўлік як тых, хто знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы (СНС). Пра тое, што бацькі выпіваюць, б'юць дзяцей і іх не даглядаюць, ведалі і суседзі, і сацслужбы, і праваахоўныя органы. Суд вынес максімальны вырак: смяротнае пакаранне бацьку і 25 гадоў зняволення маці, падчас якога яе прымусова будуць лячыць ад алкагалізму. 


Глядзіце таксама

Ці можна было пазбегнуць трагедыі ў Слуцку?

Паводле звестак Вярхоўнага суда, у Беларусі расце колькасць выпадкаў пазбаўлення бацькоўскіх правоў. У 2022 годзе такое рашэнне прынялі ў дачыненні да 2705 бацькоў, годам раней — 2452. Пры гэтым кожны пяты выпадак тычыцца маці.

Юрыст Алег Граблеўскі адзначае, што ў 2006 годзе быў прыняты прэзідэнцкі дэкрэт «Аб дадатковых мерах па дзяржаўнай абароне дзяцей у небяспечных сем'ях» і арганізавана сістэма міжведамаснага кантролю. У адпаведнасці з ёй, міліцыя, органы апекі і выканаўчай улады выяўляюць такія небяспечныя сем'і, а на камісіі выканкама прымаецца рашэнне, што рабіць з дзіцём.

«На паперы сістэма кантролю выбудаваная дасканала, — тлумачыць Граблеўскі. — Задзейнічаныя ўсе дзяржінстанцыі, а гэта не толькі школа і міліцыя, але таксама паліклінікі, камунальныя службы. І кожны спецыяліст на сваім этапе павінен адсачыць парушэнне і абараніць дзіця».

Дзіця могуць забраць з сям'і неадкладна, калі чыноўнікі палічаць, што існуе небяспека, працягвае юрыст: «Альбо паставіць сям'ю на ўлік — дзіця можа заставацца дома, але ў любым выпадку распрацоўваецца план, што павінны зрабіць бацькі, каб выправіць сітуацыю».

Адказныя асобы часта фармальна падыходзяць да сваіх абавязкаў

Вычарпальнага пераліку, за што дзяцей могуць прызнаць у сацыяльна небяспечным становішчы, няма, як і строгага плана выпраўлення сітуацыі. Паводле звестак Мінадукацыі, на канец траўня 2023 года ў Беларусі ў СНС знаходзілася больш за 19 тысяч дзяцей.

Па факце, працягвае юрыст, спецыялісты часта фармальна падыходзяць да сваіх абавязкаў. Горш за ўсё ідзе справа з асацыяльнымі сем'ямі: «Калі сям'я больш-менш прыстойная, але бацькі спатыкнуліся, з іх тры шкуры здзяруць, каб зняць статус СНС. А вось калі бацькі тыя, што п'юць, не хочуць працаваць і займацца дзецьмі, то з іх і пытаюць менш, маўляў, ну што ты з імі зробіш. Так і адбылося ў Слуцку».


Глядзіце таксама

Яшчэ адна праблема, паводле Граблеўскага, заключаецца ў карным падыходзе да сем'яў: «Да прыкладу, у Германіі таксама могуць выключыць дзіця з сям'і, калі яму пагражае небяспека, але там каштоўнасны падыход у працы сацслужбаў: ніякай спешкі і гвалту, максімальна зыходзяць з інтарэсаў дзяцей, з бацькамі працуюць, каб яны ліквідавалі праблемы і маглі як мага хутчэй уз'яднацца з дзецьмі».

Хто можа дапамагчы дзіцяці, якое б'юць у сям'і?

Спецыяліст адной з дабрачынных арганізацый, якая дапамагае ахвярам хатняга гвалту, адзначае, што ў Беларусі ёсць некалькі гарачых ліній, куды дзеці могуць патэлефанаваць і паведаміць пра свае праблемы.

«Акрамя таго, дзіця можа расказаць пра сітуацыю настаўніку або псіхолагу ў школе, і спецыялісты абавязаны адразу ж адрэагаваць. Звычайна пачынаецца расследаванне, каб зафіксаваць, якая сітуацыя ў сям'і, і прыняць рашэнне, як засцерагчы дзіця, — тлумачыць суразмоўца, якая папрасіла не называць яе імя. — Можна і проста патэлефанаваць у міліцыю, дзе таксама не могуць праігнараваць зварот».

Што тычыцца маленькіх дзяцей, якія самі яшчэ не могуць звярнуцца па дапамогу, то тут, паводле словах спецыялісткі, надзея на медыкаў у паліклініцы, куды дзіця абавязаны перыядычна прыводзіць на агляды (інакш лекары самі прыходзяць дадому), а таксама на работнікаў дзіцячага садка, якія павінны звяртаць увагу на знешні выгляд дашкольніка, яго паводзіны і развіццё. І калі ёсць праблемы, то інфармаваць міліцыю і сацслужбы.


Глядзіце таксама

Выявіць праблему дапамагае і анкетаванне дзяцей у школах, дзе іх пытаюцца пра тое, ці сутыкаліся яны з гвалтам у сям'і, ці баяцца яны сваіх бацькоў і іншых сваякоў, як іх звычайна караюць. Дзякуючы такім анкетам, як паказваюць праваахоўнікі, удалося выявіць і выпадкі педафіліі.

«Праблема ў тым, што ў беларускім грамадстве застаецца ўсё яшчэ талерантнае стаўленне да таго, што дзяцей б'юць у сям'і, — удакладняе супрацоўніца дабрачыннай арганізацыі. — Калі даходзіць да трагедыі, у судзе высвятляецца, што ўсе ведалі, што з дзіцяці здзекаваліся яго блізкія, але ўсе маўчалі і нічога не зрабілі, каб абараніць яго. Хоць і на сігнал суседзяў сацслужбы і міліцыя абавязаныя рэагаваць. Таму так важна не маўчаць».