Нягледзячы ні на што, беларускія жанчыны працягваюць абараняць дэмакратыю

У беларускіх жанчын няма абароненасці ад дзяржавы, яны нароўні з мужчынамі становяцца ахвярамі палітычных рэпрэсій, а таксама, акрамя таго, пакутуюць ад гвалту з боку партнёраў і зазнаюць дыскрымінацыю ў сацыяльнай сферы. Але, нягледзячы на гэта, працягваюць удзел у жыцці краіны.

Знакамітае фота пасткі, у якую АМАП загнаў беларускіх жанчын падчас маршу ў падтрымку выкрадзенай Марыі Калеснікавай, верасень 2020 года. Крыніца: Яўген Ярчак, EPA

Знакамітае фота пасткі, у якую АМАП загнаў беларускіх жанчын падчас маршу ў падтрымку выкрадзенай Марыі Калеснікавай, верасень 2020 года. Крыніца: Яўген Ярчак, EPA

«Глабальны індэкс міру і бяспекі для жанчын» прадставіў новы рэйтынг: група экспертаў з Джорджтаўнскага інстытута жанчын, міру і бяспекі (Georgetown Institute for Women, Peace and Security) размеркавала 177 краін свету паводле паказчыкаў, якія адлюстроўваюць сацыяльны статус жанчын у дзяржаве. Галоўнымі індыкатарамі рэйтынгу выступаюць тры катэгорыі параметраў: правасуддзе, бяспека і ўключанасць жанчын у эканоміку і сацыяльна-палітычнае жыццё дзяржавы. Індэкс 2023 года стаў чацвёртым рэйтынгам, выпушчаным Джорджтаўнскім інстытутам (папярэднія выходзілі ў 2017, 2019 і 2021 гадах). Індэкс складае група навукоўцаў Джорджтаўнскага ўніверсітэта пры падтрымцы Міністэрства замежных спраў Нарвегіі.

Паводле вынікаў іх падлікаў, найлепшай краінай для жанчын стала Данія, дзе жанчыны аказаліся на 100 адсоткаў інтэграваныя ў фінансавы і лічбавы сектары, а дыскрымінацыя па гендарнай прыкмеце на заканадаўчым узроўні адсутнічае зусім. Апошняе, 177-е, месца займае Афганістан, дзе жанчына ў сярэднім атрымлівае адукацыю на працягу 2,3 года, а рызыка апынуцца ў канфліктнай зоне, што пагражае жыццю, складае 91 працэнт.

Кожная краіна ў рэйтынгу ацэньвалася ў параўнанні з іншымі дзяржавамі паводле ўзроўню эканамічнага развіцця. Пры гэтым асобна была выдзелена група «ўразлівых дзяржаў», у якую трапілі ў тым ліку Украіна, Афганістан і Палесціна. У гэтых краінах рызыка апынуцца ў зоне канфлікту з ужываннем гвалту вышэй, чым у іншых, адзначаюць даследчыкі. Расія, Украіна, Беларусь, Грузія, краіны Балтыі, Цэнтральнай Азіі, Усходняй Еўропы і некаторыя Балканскія краіны аднесены ў групу краін Цэнтральнай і Усходняй Еўропы і Цэнтральнай Азіі.

Беларусь у гэтым рэйтынгу знаходзіцца на 69-м месцы са 177 магчымых, яе індэкс — 0,733. Самымі праблемнымі сферамі для нашай краіны аказаліся правасуддзе, бяспека і прадстаўленасць жанчын на палітычнай арэне.

Правасуддзе і заканадаўчая роўнасць

Па параметры «Доступ да правасуддзя» Беларусь атрымала ацэнку 0,85 па шкале ад 0 да 4. Гэты індыкатар вызначае, ці выконваецца права жанчын звяртацца ў суд, дамагацца справядлівага судовага разбору і атрымліваць кампенсацыю ў выпадку парушэння правоў. Тут мы «вісім» у хвасце рэйтынгу (найлепшы паказчык — у Чэхіі: 3,85; найгоршы — у Туркменістана: 0,66).


Глядзіце таксама

У дачыненні да дыскрымінацыі жанчын на заканадаўчым узроўні аказалася, што беларуская прававая сістэма прыкладна на 24% складаецца з законаў, якія абмяжоўваюць магчымасці жанчын удзельнічаць у жыцці грамадства і эканомікі (у суседняй Расіі сітуацыя прыкладна такая ж: там доля дыскрымінуючых законаў складае 27%). Пры гэтым стоадсоткава дыскрымінацыя на заканадаўчым узроўні адсутнічае ў Латвіі, а найгоршая сітуацыя — ва Узбекістане: там 29% законаў не ўлічваюць правы жанчын. Па параметры рэпрэзентацыі жанчын у парламенце Беларусь традыцыйна выглядае паспяховай краінай: у нас 34,7% парламента складаюць жанчыны. Самы вялікі паказчык — у Паўночнай Македоніі: там 42,5% жанчын удзельнічаюць у палітычным жыцці краіны, а найгоршая прадстаўленасць жанчын у палітыцы — у Венгрыі (13,1%). 

Сацыяльная сфера

Не ўсё добра і вясёлкава ў Беларусі з сацыяльнай сферай. Паводле «Глабальнага індэксу міру і бяспекі жанчын», колькасць беларусак, якія зазналі гвалт з боку партнёра, складае 6% (для параўнання: найгоршы паказчык у групе — у Туркменістана (14%), а найлепшы — у Босніі і Герцагавіны (3%)). Наколькі рэальныя гэта лічбы, на дадзены момант праверыць немагчыма: статыстыка па хатнім гвалце праваахоўнымі органамі не публікуецца з 2020 года.


Глядзіце таксама

Паказчыкамі, паводле якіх у Беларусі добрыя вынікі, аказаліся ўзровень адукацыі, фінансавая і лічбавая інтэграцыя, а таксама ўзровень занятасці сярод жанчын. Так, сярэдняя колькасць часу, выдаткаванага жанчынамі на адукацыю ў Беларусі, складае 12,2 года (з 15 магчымых). 88% беларусак, старэйшых за 15 гадоў, маюць мабільны тэлефон (і гэты паказчык знізіўся на 0,6% у параўнанні з 2017 годам), а ў 81,3% адкрыты банкаўскія рахункі (ці яны карыстаюцца фінансавымі паслугамі на мабільных прыладах). Найбольш прасунутыя ў фінансавых паслугах аказаліся эстонкі (99,6%), а жанчыны ў Туркменістане маюць менш за ўсіх магчымасцей карыстацца і самастойна кіраваць фінансамі (35,5%). 79,1% беларускіх жанчын ад 25 да 64 гадоў задзейнічаны на рынку працы (уключаючы і нефармальную занятасць), і гэта адзін з найлепшых паказчыкаў у рэгіёне: лепшы толькі ў Літвы (79,3%), а самы горшы — у Косаве (19,5%).

Бяспека

У якасці асаблівасці групы краін Цэнтральнай і Усходняй Еўропы і Цэнтральнай Азіі можна выдзяліць тое, што, нягледзячы на параўнальна высокі ўзровень эканамічнага развіцця, у многіх дзяржавах гэтай групы парушаюцца базавыя правы чалавека. Праз вайну Украіна аказалася на 117-м месцы ў рэйтынгу — з адным з самых высокіх разрываў паміж паказчыкамі бяспекі і іншымі параметрамі (да пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расіі Украіна была 66-й). Цяпер, паводле вынікаў даследавання, 81% жанчын ва Украіне знаходзяцца прыкладна за 50 кіламетраў ад зоны гвалтоўнага канфлікту.

Эксперты Джорджтаўнскага інстытута адзначаюць, што ў 2022 годзе каля 600 мільёнаў жанчын (15% сусветнага жаночага насельніцтва) жылі ў радыусе 50 кіламетраў ад зоны ўзброенага канфлікту. Гэтая лічба больш чым удвая перавышае паказчык 1990-х гадоў. За гэта ў тым ліку адказныя, як падкрэсліваюць даследчыкі, два найбуйнейшыя ваенныя канфлікты 2022 года — уварванне Расіі ва Украіну і грамадзянская вайна ў Эфіопіі. Вайна Расіі ва Украіне, згодна з дакладам, прывяла да гібелі больш за 81 500 чалавек. На абодва гэтыя канфлікты прыпадаюць 88% смярцей ад узброеных канфліктаў за разгледжаны перыяд.

Пры гэтым даследчыкі падкрэсліваюць, што, нягледзячы на рызыкі, жанчыны ўзначальваюць рухі за свабоду і дэмакратыю супраць аўтарытарных рэжымаў або адыгрываюць у іх значную ролю. У дакладзе згаданыя палітычныя падзеі ва Украіне, Беларусі і Расіі. Так, эксперты адзначаюць: ва Украіне «жанчыны адыгрываюць вядучую ролю ў вызваленчым руху краіны». Яны дакументуюць ваенныя злачынствы, якія здзяйсняюцца расійскай арміяй, і каардынуюць размеркаванне дапамогі, валанцёрскую працу.


Глядзіце таксама

Палітычныя падзеі ў Беларусі, звязаныя з прэзідэнцкімі выбарамі 2020 года, прыводзяцца ў якасці прыкладу інстытуцыйнага палітычнага гвалту ў дачыненні да жанчын. «Ведаючы, што палітычна актыўныя жанчыны пагражаюць іх уладзе, аўтарытарныя лідары арганізуюць кампаніі палітычнага гвалту, каб прымусіць жанчын замаўчаць», — гаворыцца ў даследаванні. Паводле звестак даследавання, 40 тысяч беларускіх пратэстоўцаў былі пазбаўленыя волі, многія з затрыманых і арыштаваных падвяргаліся прымусовай працы і сэксуальнаму гвалту. У індэксе WPS Беларусь займае 7-е месца з самым нізкім у групе узроўнем доступу жанчын да правасуддзя (з паказчыкам 0,85 з 4). У дакладзе адзначаецца, што рэжым Лукашэнкі пагражаў сем'ям апанентаў, абяцаючы забраць дзяцей з сем'яў, уцягнутых у антыўрадавую дзейнасць. «Нягледзячы на жорсткую рэакцыю, адкрыты гвалт і абуральную беспакаранасць злачынцаў, беларускія жанчыны працягваюць абараняць дэмакратыю», – гаворыцца ў даследаванні.

Кейсы іншых краін

Сярод іншых прыкладаў палітычнай дыскрымінацыі ў дачыненні да жанчын эксперты прыводзяць кейс Венгрыі. Агнес Кунхалмі, сябра Венгерскай нацыяналістычнай партыі, абвінавацілі ў тым, што яна нібыта была ў стане наркатычнага і алкагольнага ап'янення падчас прэс-канферэнцыі. Гэтая тактыка, паводле даследчыкаў, выкарыстоўвалася, каб падарваць яе рэпутацыю. Кунхалмі вядомая сваімі негатыўнымі выказваннямі на адрас прэм'ер-міністра Венгрыі Віктара Орбана. У дакладзе адзначаецца, што калі крытыка ў дачыненні да палітыкаў-мужчын у асноўным накіравана на іх прафесійную дзейнасць, то фокус увагі ў дачыненні да жанчын-палітыкаў ссоўваецца на іх характар і асабістыя якасці, альбо іх паводзіны сэксуалізуюць. У параметры палітычнай рэпрэзентацыі жанчын Венгрыя стала краінай з найгоршым вынікам у групе: 13,1%.

З тых параметраў, па якіх асобныя краіны апісваемай групы прадэманстравалі самыя нізкія паказчыкі, можна выдзяліць лічбавую інтэграцыю. Так, усяго 66% жаночага насельніцтва Таджыкістана маюць доступ да мабільных тэлефонаў. Яшчэ адзін паказчык, які трывожыць праваабаронцаў, — прадузятасць у дачыненні да полу дзіцяці, што сведчыць пра рызыку селектыўных абортаў. У прыватнасці, у Азербайджане на 100 дзяўчынак прыпадае прыкладна 112 хлопчыкаў, што, паводле даследавання, сведчыць пра негатыўную прадузятасць адносна з'яўлення на свет дзяўчынак (у Беларусі на 100 дзяўчынак прыходзіцца 105 хлопчыкаў). Яшчэ адзін значны параметр – гвалт з боку партнёра: у Таджыкістане 14% жанчын хоць бы раз станавіліся ахвярамі гэтага віду гвалту.


Глядзіце таксама

Дасягненнямі ў галіне гендарнай роўнасці сярод краін Усходняй Еўропы і Цэнтральнай Азіі могуць пахваліцца Эстонія (13 месца), Літва (16), Чэхія (18), Латвія (20) і Харватыя (25). У Эстоніі жанчыны інтэграваныя ў тэхналагічны сектар, а ўзровень дыскрымінацыі на заканадаўчым узроўні амаль адсутнічае (закон раўнапраўны на 97,5%). 71% жанчын у краіне адчуваюць сябе ў бяспецы.

Ва ўвядзенні да дакладу група навукоўцаў-аўтараў падкрэслівае пагаршэнне палітычнай сітуацыі ў сённяшнім свеце: рост аўтарытарных сіл, разбуральныя ўзброеныя канфлікты, наступствы пандэміі, кліматычны крызіс — усё гэта падрывае становішча жанчын і пагражае разбурыць дзесяцігоддзі прагрэсу. На думку навукоўцаў, індэкс WPS дэманструе прыярытэтнасць «інвестыцый у жанчын», паколькі гэта неабходна для бяспекі і дабрабыту кожнага члена грамадства. «Дабрабыт жанчын і дабрабыт нацый ідуць рука аб руку», — канстатуюць аўтары дакладу «Глабальнага індэкса міру і бяспекі для жанчын».