У Рэчыцкім раёне затрымалі брата палітолага Валерыя Карбалевіча разам з жонкай
Па Гомельшчыне пракацілася вялізная хваля рэпрэсій. Пад каток лукашэнкаўцаў трапілі дзясяткі людзей па ўсёй вобласці, распавядае «Гомельская Вясна». Паведамляецца, што, у прыватнасці, у Рэчыцкім раёне затрымалі брата вядомага палітолага Валерыя Карбалевіча, а палітзняволенаму Міхаілу Лапунову дадалі чарговыя 15 содняў арышту.
Супрацоўнікі САХР з Мінска з пачаткам так званых «антытэрарыстычных» вучэнняў праехаліся па Рэчыцкім раёне. Там затрымалі брата палітолага Валерыя Карбалевіча разам з жонкай. Іх прымушалі запісаць «пакаяннае» відэа, але сям'я не згадзілася. Пасля іх забралі ў ІЧУ, пратрымалі 72 гадзіны, але асудзіць не паспелі, бо затрыманых у той дзень было шмат. Вядома, што сямейству выдалі позвы ў суд на 10 лістапада. У жонкі забралі тэлефон: там у акаўнце ў «Аднакласніках» знайшліся падпіскі на «Радыё Свабода».
Таксама перад выходнымі на чарговыя 15 сутак асудзілі бацьку аднаго з самых маладых палітвязняў Мікіты Залатарова — Міхаіла Лапунова. Яго абвінавацілі ў «распаўсюдзе экстрэмісцкай прадукцыі». Гэта ўжо шосты 15-суткавы арышт запар. Агулам мужчына правядзе за кратамі не менш за 90 содняў — тры месяцы.
Акрамя таго, у Рэчыцкім раённым судзе ў прамінулую пятніцу разглядалі справы паводле артыкула 19.11 («Распаўсюд» экстрэмісцкай прадукцыі): над Вадзяніцкім Аляксандрам, Фурманам Валерыем, Жолудзем Уладзімірам, Гарбаром Аляксандрам, Кулажанка Паўлам.
У Хойніках па тым жа артыкуле судзілі Машко Аляксандра — прычым над ім абылося адразу некалькі адміністратыўных працэсаў.
У Светлагорску асудзілі Лапцева Аляксея. У Мазыры — Талмачэвец Інгу, у Жлобіне — Луткову Наталлю, Ліманава Паўла, Юдзіна Мікіту, у Петрыкаве — Грыцкевіча Дзмітрыя.
У гомельскіх судах таксама не сядзелі без справы: у Навабеліцкім судзе па артыкуле 19.11 асудзілі Загорцаву Людмілу, у судзе Савецкага раёна — Больбуха Яўгенія, у Гомельскім раённым судзе — Сабурава Сяргея.
Пакуль выракі па гэтых справах не вядомыя, адзначаюць праваабаронцы.
Валерый Карбалевіч — вядомы беларускі палітолаг, супрацоўнічае з «Радыё Свабода». Зараз жыве за межамі Беларусі.
Мікіта Залатароў пасля затрымання ў жніўні 2020 года
асуджаны на 4,5 года пазбаўлення волі паводле ч. 1 арт. 293 Крымінальнага
кодэкса (Арганізацыя масавых беспарадкаў), арт. 364 (Гвалт альбо пагроза
ўжывання гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў), арт. 295 (Н«»езаконныя
дзеянні ў дачыненні да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў).
На момант затрымання хлопцу было 16 гадоў, ён хварэе на эпілепсію.