Літва паведаміла пра затрыманне сваіх грамадзян у Беларусі

Міністэрства замежных спраў Літвы атрымала інфармацыю аб некалькіх грамадзянах Літвы, затрыманых або змешчаных у месцы пазбаўлення волі ў Беларусі. Паводле звестак МЗС, літоўцаў у Беларусі могуць затрымаць незаконна, піша Delfi.

Фота Delfi 

Фота Delfi 

«Цяпер у нас ёсць інфармацыя аб некалькіх грамадзянах Літвы, затрыманых або адбываючых пакаранне ў Беларусі. Беларускія ведамствы не заўсёды адразу інфармуюць аб затрыманні літоўскіх грамадзян», — адзначылі ў МЗС.

МЗС нагадвае, што сёлета жыхароў Літвы ўжо тройчы інфармавалі пра інтэнсіўныя варожыя і правакацыйныя дзеянні беларускіх службаў у дачыненні да літоўскіх грамадзян, якія жывуць або часова ўязджаюць на тэрыторыю Беларусі, а таксама пра тое, што іх затрыманне можа быць незаконным.

«Яшчэ раз нагадваем аб дзейнай рэкамендацыі — жыхарам Літвы настойліва не рэкамендуюць ездзіць у Беларусь, а тых, хто там знаходзіцца, просім неадкладна вярнуцца», — адзначыла МЗС.

Паводле звестак ведамства, Беларусь не лічыцца дзяржавай, якая прызнае вяршэнства законаў, у ёй няма аб'ектыўнай сістэмы судоў, таму складана спадзявацца на справядлівае і незалежнае расследаванне і судовае разбіральніцтва.

Мінулым летам Дэпартамент дзяржбяспекі Літвы папярэджваў грамадзян, што ў суседняй краіне разведка дзейнічае асабліва агрэсіўна. Паводле даных ДДБ, яны вярбуюць усіх запар, правяраюць тэлефоны і камп'ютары, выкарыстоўваюць для шантажу знойдзеную ў іх інфармацыю.

ДДБ адзначыў, што былі выпадкі, калі ў дачыненні да грамадзян Літвы ўжывалі шантаж і ціск, казалі, што забарону на ўезд у Беларусь для іх адменяць, калі яны будуць супрацоўнічаць з беларускай выведкай.


Глядзіце таксама

Нагадаем, 26 кастрычніка мініст замежных спраў Латвіі Крыш'яніс Карыньш заявіў, што Рызе вядома пра затрыманне апошнім часам 25 латвійцаў у Беларусі, якім выставілі розныя абвінавачанні.

Паводле слоў латвійскага міністра, большасць, калі не ўсе, выпадкі затрымання грамадзян Латвіі ў Беларусі з'яўляюцца, хутчэй за ўсё, палітычна матываванымі.

«У нас цяпер няма дыпламатычных стасункаў з Беларуссю, у нас няма ніякага ўплыву, таму мы не зможам дапамагчы», — сказаў Карыньш, дадаўшы, што латвійскае грамадства прызвычаілася да ўлады закона і справядлівага суду, але ў Беларусі нічога гэтага няма.

Кіраўнік латвійскага МЗС заклікаў жыхароў Латвіі не ездзіць у Беларусь, паколькі там няма законнасці, і ў выпадку якіх-небудзь непрыемнасцяў латвійскія дыпламатычныя прадстаўнікі не змогуць дапамагчы сваім суайчыннікам.