У Літве вызначылі індыкатары для закрыцця мяжы з Беларуссю
Камісія нацыянальнай бяспекі Літвы ўхваліла індыкатары, на падставе якіх будзе ацэньвацца становішча на мяжы з Беларуссю. Яны будуць прымяняцца таксама і да ацэнкі сітуацыі на беларуска-польскай і беларуска-латвійскай мяжы. На падставе іх ацэнкі будуць прапаноўвацца меры ў адказ аж да закрыцця мяжы.
Як паведамілі ў прэс-службе ўрада Літвы, сітуацыя з бяспекай на мяжы з нашай краінай будзе ацэньвацца з улікам наступных індыкатараў:
- рызыкі / пагрозы ваеннага характару, якія ўзнікаюць,
- дзейнасць беларускіх разведвальных спецслужбаў супраць Літвы,
- інфармацыйныя атакі (дэзінфармацыя) у дачыненні да Літвы,
- памежныя інцыдэнты і гэтак далей.
На падставе аналізу гэтых індыкатараў ураду Літвы будуць прапаноўвацца тыя ці іншыя меры, якія вар'іруюцца ад абмежаванняў на перамяшчэнне людзей, транспарту або тавараў да поўнага закрыцця дзяржаўнай мяжы з Беларуссю.
Нагадаем, 28 верасня міністры ўнутраных спраў Польшчы і краін Балтыі ўзгаднілі механізм закрыцця мяжы з Беларуссю. Было заяўлена, што мяжа можа быць зачыненая ў выпадку «крытычнага інцыдэнту». Тады ў якасці прыкладу такіх інцыдэнтаў называліся прымяненне зброі на мяжы адной з дзяржаў, калі яна ўяўляе пагрозу нацыянальнай бяспецы, а таксама арганізаваны прарыў мігрантаў праз мяжу.
«Мы рашуча настроены на сумесныя дзеянні. Калі дойдзе да крытычнага інцыдэнту, незалежна ад таго, ці будзе гэта мяжа польская, літоўская або латвійская, мы неадкладна распачнем дзеянні ў адказ. Будуць зачыненыя ўсе памежныя пераходы, якія пакуль адкрытыя, роўна як грузавыя, так і пасажырскія. Рэжым Лукашэнкі багацее на таварным транзіце, які праходзіць па тэрыторыі Беларусі. Усе пераходы будуць зачыненыя», — сказаў міністр унутраных спраў і адміністрацыі Польшчы Марыюш Камінскі.