Беларуская flower power — лебядзіная песня рэжыму

Роўна тры гады таму ў гэты дзень адважныя беларускі выйшлі ў белым з кветкамі ў руках — і гэтым спынілі беспрэцэдэнтны гвалт на вуліцах і ў турмах. Роўна тры гады таму пачалася гісторыя жаночага пратэсту, якая натхняла ўвесь свет.

Мова flower power сцірала межы там, дзе мова зброі пасля малявала іх зноў. Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

Мова flower power сцірала межы там, дзе мова зброі пасля малявала іх зноў. Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

Кветкі сталі сімвалам недарэмна. Яны заўсёды, у любой міфалогіі былі пра прыгажосць і чысціню. І хаця мы стваралі сваю, новую міфалогію пратэсту, насамрэч нічога новага ў ёй не было — новымі былі толькі мы самі, тыя, хто адкрылі ў сабе абсалютнае непрыняцце зла і гатоўнасць яму супраціўляцца. Супраціўляцца так, каб самім не станавіцца злом.

Белае супрацьстаяла чорнаму, кветкі — кулям, і калі яны маглі цягаць нас па асфальце, мы маглі толькі брацца за рукі і спяваць. Я дагэтуль не магу слухаць «Купалінку» без слёз: яна была песняй адчаю, песняй болю і апошняй спробай спыніць гвалт за хвіліны да таго, як нас пачыналі хапаць.

Летам 2020 года беларускія жанчыны сталі сімвалам гераізму і смеласці. Намі захапляўся ўвесь свет, і мова flower power сцірала межы там, дзе мова зброі пасля малявала іх зноў. І, што ні кажы, а менавіта мы паказалі рэжыму, што гэтая песня будзе для яго лебядзінай. Жанчыны ўвесь час былі яго асноўным электаратам, на жанчын ён абапіраўся, як калос — на гліняныя ногі, і гэтая апора рухнула: мы выйшлі на вуліцы.


fota__5__logo_censored.jpg

Ён столькі гадоў запэўніваў нас, што мы можам адно варыць баршчы, што цяжар Канстытуцыі непамерны для крохкіх жаночых плячэй, што наша доля — быць ценем мужчыны і яго асноўным задавальненнем... Мы амаль паверылі. Мы так доўга маўчалі, што стваралася ўражанне, быццам усё гэта праўда. Але першы ж жаночы марш з плакатамі «Патрыярхат, табе п*зда», «Sasha, women are coming», «Хачу новую прэзідэнтку» паказаў, што нічога ў іх не атрымалася. Што мы проста вельмі доўга маўчалі.

Цяпер, праз тры гады, ведаючы, на што здольныя чорныя людзі з аўтаматамі, я не магу сабе ўявіць, колькі смеласці спатрэбілася кожнай з нас, каб пераадолець свае страхі і выйсці на вуліцу — і не са зброяй у руках, а з кветкамі супраць зброі. Усміхаючыся ў вочы тым, каго нацкоўвалі на «наркаманаў і прастытутак», адстойваючы адна адну, калі яны бессаромна ціснулі нас да сценак і кідалі ў аўтазакі.

Мы спявалі рэжыму яго лебядзіную песню, апошнія ноты якой — доўгае-доўгае маўчанне — можна назваць нашай паразай. Але цішыня бывае абсалютнай хіба што ў вакууме, а мы яшчэ жывыя, хаця ўжо даўно не з'яўляемся на старонках газет і ў блогах. Мы жывыя і працягваем сваю маленькую барацьбу кожны дзень, даючы падтрымку і дапамогу там, дзе яны патрэбныя. Гэта нашы рукі ўсё яшчэ збіраюць перадачы ў турмы, гэта на нашых плячах застаюцца дзеці, якім трэба шмат што тлумачыць, гэта мы штодзень рызыкуем сабою, каб чалавечнасць не знікала. Так што, пакуль не пастаўлена кропка, няма і паразы — ёсць толькі спроба прымусіць нас у яе паверыць.


img_2261_censored.jpg

Шмат што з таго, пражытага і незапісанага, сцерлася з памяці. Адзін толькі момант я заўсёды згадваю, калі іду па бязлюдным праспекце ў кірунку плошчы Перамогі. Тры гады таму ў адным з дамоў на апошнім паверсе стаяла самотная старая жанчына ў чырвоным плашчы. Ёй было цяжка перасоўвацца па адкрытым балконе, і яна проста стаяла, трымаючыся за парэнчы, і моўчкі паказвала нам знак перамогі. Тады гэта кранала і натхняла — вось такія маленькія асабістыя подзвігі (а гэта быў менавіта ён: можа быць, на такое выказванне жанчына сабрала ўсе свае сілы і ўсю сваю смеласць, каб падтрымаць іншых жанчын у іх гучным «не» гвалту і хлусні). Сёння гэта тое, што дапамагае трымацца, і я часта думаю, гледзячы на той балкон: «Як яна там? Што з ёю стала?».

Што з намі ўсімі стала — тымі, хто так шчыра і адкрыта ўсміхаліся адна адной летам 2020 года? Дзе мы цяпер? Чым жывём і на што спадзяёмся?


_cihi_supraciu__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__9__logo_1.jpg

Я дагэтуль бачу столькі натхняючых жанчын, якія не здаюцца: дапамагаюць палітвязням, ратуюць пацярпелых ад рэпрэсій, падтрымліваюць людзей у складаных абставінах, даюць працу і магчымасці жыць, — і шторазу мне становіцца сорамна за ўласныя слабасці. Тады я ўстаю і іду рабіць сваю маленькую Беларусь будучыні, плячом да пляча з гэтымі неверагоднымі, прыгожымі, захапляльнымі жанчынамі; думкамі з тымі, хто па той бок кратаў робіць тое самае, каб не здавацца.

Нас няма больш у газетах, і свету пляваць, як мы тут выжываем. Але галоўнае не гэта, а тое, што мы здабылі калісьці і не гатовыя больш аддаваць: сваю смеласць, сваю чалавечнасць, сваю любоў. Не здавайцеся, мае дарагія. Так пераможам.