Зоркі пратэснага 2020-га. Што з імі праз тры гады
У жніўні 2020 года спартоўцы, музыкі, лекары, адвакаты, святары, дыпламаты, настаўнікі, працоўныя падтрымалі пратэсты супраць фальсіфікацый і гвалту, зрабілі яскравыя ўчынкі, выказалі выразную пазіцыю, прамовілі моцныя словы. Паглядзелі, як склаўся лёс некаторых з іх праз тры гады.
Дыпламат Ігар Ляшчэня
Што зрабіў
Стаў першым беларускім паслом, хто 15 жніўня 2020 г. публічна заявіў пра салідарнасць з мірнымі пратэстоўцамі і потым вярнуўся ў Беларусь. «Выкладваючы заяву ў інтэрнэт, я выразна разумеў, што іду ў нікуды і вяду ў нікуды маю сям'ю. Але інакш паступіць не мог», — гаварыў ён у інтэрв’ю. Потым ён стаў старшынёй грамадзянскай ініцыятывы «Сход», каб садзейнічаць вырашэнню палітычнага крызісу ў краіне праз дыялог.
Што было далей
Яго звольнілі і пазбавілі рангу. Быў нават прыняты ўказ прэзідэнта, які пазбаўляў такіх непаслухмяных амбасадараў спецыяльнай дапамогі пры выхадзе на пенсію. У жніўні 2021 года быў затрыманы ў межах крымінальнай справы па факце «масавых беспарадкаў» і знаходзіўся на Акрэсціна. Пасля выхаду адтуль заявіў, што сышоў з кіраўніцтва «Сходу». Дарэчы, зараз той пост недасяжны.
Дзе зараз
У Беларусі, ужо два гады пад крымінальным пераследам у якасці падазраванага. Спыніў публічныя выказванні ў сацсетках. Апошні пост там ад сакавіка 2022 года.
Музыка Павел Аракелян
Што зрабіў?
Са жніўня 2020 года правёў звыш 60 дваровых канцэртаў, якія сталі знакавай з’явай яднання і салідарнасці, вольна выказваўся ў СМІ пра сітуацыю ў краіне.
Што было далей?
7 лістапада 2020 г. пасля чарговага канцэрту Павел быў арыштаваны і асуджаны паводле арт. 23.34. Адбыў 15 сутак у Жодзіне і магілёўскай турме.
Ягоныя канцэрты ў краіне сталі немагчымыя, адпаведна, зніклі даходы, Павел спыніў і дзейнасць фітнес-трэнера, бо «не змог бы раіць людзям мацаваць азадкі, калі ў краіне такая сітуацыя».
Дзе зараз?
У лістападзе 2022 года Павел пакінуў Беларусь і зараз жыве ў Літве.
«Ну вось надышла мая чарга – ад гэтага часу я жыву ў Вільні, спрабую знайсьці саксафон, узнавіць форму й вярнуцца да прафесійнага жыцця», — напісаў ён у сацсетках.
Зараз Павел дае канцэрты па краінах Еўропы, напрыклад, 16-19 жніўня ён будзе выступаць у Нямеччыне.
Выкладчыца-лінгвістка Наталля Дуліна
Што зрабіла
Дацэнт кафедры італьянскай мовы МДЛУ актыўна падтрымлівала студэнтаў восенню 2020 года, разам з калегамі ўдзельнічала ў відэазвароце пра тое, што ўніверсітэт павінен быць тэрыторыяй духоўнай і інтэлектуальнай свабоды, а гвалт, беззаконне і абыякавасць недапушчальныя. У тым відэа 6 хвілін ішлі тытры з прозвішчамі і пасадамі выкладчыкаў МДЛУ, якія падтрымлівалі гэтыя тэзісы. 26 кастрычніка 2020 года яна далучылася да агульнанацыянальнага страйку, 27 лістапада – да Каардынацыйнай рады.
Што было далей
30 кастрычніка 2020 года выкладчыцу звольнілі з універсітэта, дзе яна адпрацавала каля 30 гадоў. У той жа дзень была арыштаваная за ўдзел у акцыі салідарнасці, адбыла 14 дзён арышту на Акрэсціна і ў Баранавічах. Усяго яна была арыштаваная па адміністратыўных артыкулах 4 разы, але не спынялася і не маўчала. На пачатку кастрычніка 2022 г. была затрымана ў межах крымінальнай справы за ўдзел у пратэстах (арт. 342 Крымінальнага кодэксу). Асуджана на 3 гады 6 месяцаў.
Дзе зараз
У Беларусі, у папраўчай жаночай калоніі. ПК № 4. 246035, г. Гомель, вул. Антошкіна, 3, Наталле Алегаўне Дулінай.
Ксёндз Вячаслаў Барок
Што зрабіў
Каталіцкі святар з Расонаў у 2020 годзе ў сваіх сацсетках і на Ютуб-канале адкрыта выказваўся супраць гвалту, фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў. Назваў гэтыя падзеі «беларускім Армагедонам». «Армагедон – гэта апошняя бітва дабра і зла. Гэта не проста палітычная кампанія, а барацьба за чалавека ў нас, за нашае сумленне», — гаварыў ксёндз у інтэрв’ю. Ягоныя пропаведзі набіралі тысячы праглядаў.
Што было далей
У снежні 2020 года ён быў асуджаны за тое, што размясціў у сацсетках працу мастака Уладзімера Цэслера «Стоп лукашызм», на якім прысутнічала выява нацысцкай свастыкі, і суд палічыў тое дэманстрацыяй нацысцкай сымболікі. Адбыў 10 сутак арышту ў віцебскім ІЧУ. Следчы камітэт праверыў ягоны Ютуб-канал і іншыя старонкі ў сацсетках на прадмет экстрэмізму, але экспертызы паказалі, што праяў экстрэмізму няма.
У ліпені 2021 года ксёндз з’ехаў з Беларусі ў камандзіроўку ў Польшчу, дзе працягваў прамаўляць слова Божае ў звязцы з грамадскім кантэкстам. Але нечакана знік з інфармацыйнай прасторы восенню 2022 года. Аказалася, што ён атрымаў забарону ад свайго біскупа Алега Буткевіча: «Мне пад пагрозай пазбаўлення магчымасці выконваць усе святарскія абавязкі было забаронена публічна выказвацца ў СМІ і, у тым ліку, у сацыяльных сетках. Біскуп сцвердзіў, што я "шмат увагі прысвячаю палітычнай сітуацыі ў Беларусі і свеце, выказванні выклікаюць згаршэнне сярод вернікаў і спрыяюць іх раздзяленню і ўзаемнай варожасці"», — напісаў Барок у ФБ. Апошняе відэа на ягоным Ютуб-канале было 9 месяцаў таму. Але на галоўнай старонцы там стаіць ролік «Касцёл, які маўчыць, ідзе на Іюдаву здзелку».
Дзе зараз
У Варшаве, служыць у касцёле Святога Аляксандра.
Праваабаронца Таццяна Гацура-Яворская
Што зрабіла
Таццяна Гацура-Яворская была кіраўніцай грамадскага аб’яднання «Звяно», якое стала партнёрам Міжнароднага камітэту расследавання катаванняў у Беларусі, валанцёры арганізацыі ў 2020 годзе наведвалі пацярпелых ад гвалту ў лякарнях, дакументавалі іхныя гісторыі. 30 сакавіка 2020 года «Звяно» адкрыла выставу, прысвечаную медыкам, якія супрацьстаялі пандэміі і палітызацыі сістэмы аховы здароўя «Машына дыхае, а я не». Выставу зачынілі праз два дні.
Што было далей
5 красавіка 2021 года Таццяну і яшчэ чатырох чалавек, якія мелі дачыненне да ГА «Звяно», затрымалі як падазроных у злачынстве паводле артыкула 342 Крымінальнага кодэксу («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак»). Таццяну пратрымалі 3 дні ў ІЧУ і 7 дзён у СІЗА-1. 15 красавіка яе вызвалілі з-пад варты без прад’яўлення абвінавачання, але выезд з краіны ёй забаронены. Яе муж, праваабаронца Уладзімер Яворскі, і малы сын выехалі з краіны на патрабаванне следчых. Яворскаму забаранілі вяртацца ў Беларусь 10 гадоў.
У сакавіку 2022 года Таццяна пакінула Беларусь, бо «не магу не быць яшчэ адным салдатам на ўкраінскім фронце ў гэтай нашай агульнай вайне», — напісала яна ў сацсетках.
Дзе зараз
Ва Украіне. Дапамагае ўкраінскім параненым, стварыла з камандай Рэабілітацыйны цэнтр ЛАНКА для ветэранаў і дзейсных жаўнераў пасля раненняў.
Спартовец Сцяпан Папоў
Што зрабіў
Чэмпіён свету і Еўропы па самба, пераможца I Еўрапейскіх гульняў, заслужаны майстар спорту пасля выбараў адным з першых падпісаў калектыўны зварот спартоўцаў супраць гвалту, за новыя сумленныя выбары. Пад ім падпісалася больш за 2000 спартсменаў.
«Я лічу, што гэты зварот адыграў значную ролю. Ніхто не чакаў, што спартоўцы скажуць сваё слова, бо нас у краіне ўспрымалі як маўклівых утрыманцаў – маўляў, ім дзяржава плаціць грошы – яны будуць маўчаць. Для чыноўнікаў зварот стаў шокам», – гаварыў Сцяпан Папоў у інтэрв’ю. Потым ён стаў актывістам аб’яднання вольных спартоўцаў.
Што было далей
Літаральна адразу спартсмена пазбавілі прэзідэнцкай стыпендыі, са студзеня 2021 года звольнілі з Рэспубліканскага цэнтру алімпійскай падрыхтоўкі адзінаборстваў па заканчэнні кантракту. Ён страціў магчымасць паўнавартасна выступаць, трэніравацца, таксама страціў бесперапынны стаж.
У 2021 годзе з’ехаў з Беларусі: «Я з’ехаў, калі пачалася Алімпіяда і была верагоднасць, што рэжым пад шумок возьмецца за спартоўцаў, хто адкрыта выказваў сваю пазіцыю», — тлумачыў ён у СМІ.
Спачатку была Турцыя, потым Украіна, потым Польшча. Дапамагаў Украіне: фуры разгружаў з гуманітарнай дапамогай, падтрымліваў ініцыятывы па зборы грошай. Удзельнічаў у Варшаве ў Кубку імя Сашы Івуліна, каб прыцягнуць увагу свету да рэпрэсій у Беларусі. З пачатку вайны завёў тэлеграм-канал, каб расказваць спартоўцам, у тым ліку расейскім, што адбываецца насамрэч.
Дзе зараз
У Польшчы, жыве ва Уроцлаве.
Адвакаты Людміла Казак і Дзмітрый Лаеўскі
Што зрабілі
Абодва адвакаты пасля выбараў аказвалі юрыдычную дапамогу пацярпелым у пратэстах і былі абаронцамі вядомых палітзняволеных. Людміла Казак працавала адвакатам па справе Сяргея Ціханоўскага, калі таго арыштавалі, была абаронцай Марыі Калеснікавай, калі яна і яе адвакаты Максім Знак і Ілля Салей аказаліся фігурантамі крымінальнай справы. Дзмітрый Лаеўскі бараніў Віктара Бабарыку, Максіма Знака, адваката Аляксандра Пыльчанку, які абараняў Марыю Калеснікаву і Віктара Бабарыку, пакуль яго не пазбаўлялі ліцэнзіі.
Што было далей
Абодвух адвакатаў пазбавілі права на прафесію: Людмілу ў лютым 2021 г., Дзмітрыя ў ліпені 2021 г. Яны страцілі крыніцы даходу. «Я нават не магу быць памочнікам адваката ў сваім жа бюро, бо такая забарона выявілася ў статуце Менскай гарадской калегіі адвакатаў, хоць у законе такога няма», — расказваў Дзмітрый Лаеўскі ў СМІ.
Абодва сталі лаўрэатамі міжнародных прафесійных прэмій за сваю сумленную працу.
Дзе зараз
Людміла Казак – за мяжой.
Дзмітрый Лаеўскі – у Беларусі. Да нядаўняга часу ён вёў тэлеграм-канал, дзе даступна з прававых пазіцый расказваў, што адбываецца ў краіне, у тым ліку з адвакатамі. Але летам 2023 года быў вымушаны выдаліць яго.
На развітанне ён напісаў: «Жыццё ў Менску мае свае перавагі. Аднак часы не становяцца прасцей. Гэтым пастом я завяршаю вядзенне канала. Ён, як і мой Фэйсбук калісьці, сыходзіць у гісторыю. Увесь гэты час у аснове кожнага тэксту была адна ідэя: мара аб прававой дзяржаве, дзе права – сродак дасягнення свабоды, а не інструмент рэпрэсій».
Фота з сацсетак герояў