Таццяна Гацура-Яворская пра ўкраінска-беларускі хейт: «Бачу два траўмаваныя народы»
Беларуская праваабаронца выказалася з нагоды хейта, які ў гэтыя дні гучыць з абодвух бакоў.
— Як чалавек, які жыў у атмасферы таталітарызму, а цяпер
жыве ў атмасферы вайны, я бачу два траўмаваныя народы, якія накіроўваюць сваю
энергію не туды, куды было б больш карысна, — пішаТаццяна
Гацура-Яворская. — Абараняць сваю годнасць, у тым ліку нацыянальную, пажадана
заўсёды і перыяд вайны не выключэнне.
Але некаторыя каментары мне хочацца разбачыць.
З іншага боку, іх часта пішуць людзі, якія паняцця не маюць,
што адбываецца ва Украіне. Напрыклад, каменты што «калі б беларускім
палітвязням можна было выбраць катавальную турму або Кіеў, то 100% бы
выбралі Кіеў».
Я думаю, што так бы гэта і было, але толькі таму, што
палітвязні, таксама як і большасць каментатараў, не жылі ў Кіеве і іншых
гарадах Украіны ў перыяд вайны. Ім здаецца, што верагоднасць траплення ракеты ў
ваш дом занадта мінімальная і ў параўнанні з турмой гэта вольнае і нават
камфортнае жыццё.
Як чалавек, які да нядаўняга часу знаходзіўся ў Мінску, а
цяпер жыве ў Кіеве, я лічу гэта памылковым уяўленнем. Як адказала на
абвінавачанні ў хейце украінцаў адна кіеўская беларуска — прыязджайце сюды, тут
вельмі мяняюцца адчуванні.
Сябры, калі вы памятаеце 10-11 жніўня 2020 года ў Беларусі, то
вось у такое эмацыйнай атмасферы жыве Украіна ўжо чатыры месяцы. Гэта не стан
апошніх двух гадоў, калі людзі жывуць у чаканні ператрусу, арышту і магчымага
тэрміну (што таксама жудасна) — гэта чаканне новых смерцяў (што непапраўна і
незваротна).
Не, ніхто не бяжыць ужо ў бамбасховішчы, але некалькі разоў
за дзень падчас трывогі думае, а можа менавіта цяпер дарма не схаваўся. Ніхто
не скардзіцца, што псіхічна не вытрымлівае, але незнаёмыя людзі штодзённa галосяць на пахаванні.
Яшчэ заўважыла такую асаблівасць. Людзі, якія жывуць ва
Украіне, крытыкуюць толькі ўлады Украіны і па сутнасці, а вось здалёку ўсіх
больш за ўсё хвалюе хейт простых украінцаў. Я супраць хейта, але калі я чытаю
паведамленні а-ля «калі ўкраінцы будуць нас хаяць, то не будзем дапамагаць», то думаю — калі вы дапамагаеце ўкраінцам, каб ім спадабацца, то можа не трэба?
Вяртаючыся да меркавання, што ў ваенным Кіеве лепш, чым у
беларускай турме — а я не ведаю. Часам мяне радуе, што я не ў беларускай турме
і магу быць карыснай, часам мне настолькі балюча, што я думаю, у турме, дзе ад
цябе нічога не залежыць і твая задача абараняць толькі сваю годнасць, было б
прасцей.
Мне здаецца, я і не выбірала на самай справе, дзе мне быць.
Дзе апынулася, там стараюся трымаць планку.