Наступ Расіі на Кіеў магчымы ў двух выпадках: ва ўкраінскім МУС патлумачылі ролю Беларусі
Расійскія войскі могуць аднавіць наступ на Кіеў пры двух умовах. Важную ролю ў патэнцыйнай атацы РФ адыгрывае Беларусь. Пра гэта заявіў дарадца міністра ўнутраных спраў Украіны Вадзім Дзенісенка ў інтэрв'ю РБК-Украіна.
«Першы выпадак — калі Лукашэнка згаджаецца
запусціць сюды беларускае войска, пакуль ён «віхляе» і такога дабра
не даў. Другі — калі Лукашэнка не згаджаецца, то ў гэтым выпадку наступ на Кіеў
магчымы толькі пасля таго, як будзе цалкам знішчаная ўкраінская групоўка на Усходзе Украіны», — падкрэсліў Дзенісенка.
Ён адзначыў, што цяпер Беларусь вельмі важная для Крамля,
паколькі яе магчымае ўварванне ва Украіну адцягне ўвагу часткі ўкраінскіх вайскоўцаў
ад Усходняга фронту і створыць пагрозу наступу на Чарнігаў або Кіеў.
Як вядома, Беларусь працягвае адпраўляць Расіі боепрыпасы,
праводзіць працяглыя вайсковыя вучэнні на мяжы з Украінай. У краіне абвешчаныя
вайсковыя зборы ля мяжы з Украінай, грамадзянам уручаюць позвы.
У апошнія дні актыўна распаўсюджваецца інфармацыя аб тым,
што, магчыма, будзе новы наступ на Украіну, на гэты раз — з боку Узброеных сіл
Беларусі.
У прыватнасці, Генштаб УСУ паведамляў, што з боку Беларусі
на Валынскім і Палескім напрамках магчымыя правакацыі.
Зрэшты, па словах дарадцы старшыні ОПУ Аляксея Арастовіча,
баяцца нападу з боку Беларусі не варта. Іншы дарадца кіраўніка Офіса прэзідэнта
Украіны Міхаіл Падаляк выказваў меркаванне, што чуткі пра напад Беларусі
з'яўляюцца нічым іншым, як чарговай спекуляцыяй расійскай прапаганды з мэтай
пасеяць паніку ва Украіне.
Паводле unian.net.