«Ты хацеў СССР, Ваня? Ну, вось ён». Гучны скандал у РФ з аблавай на хакеіста і яго дастаўкай у ваенкамат
Напярэдадні быў затрыманы крымінальным вышукам і дастаўлены ў ваенкамат 25-гадовы брамнік зборнай Расіі па хакеі Іван Фядотаў, «лепшы галкіпер КХЛ», уладальнік прэстыжных спартыўных узнагарод.
Ён хацеў вылецець у ЗША — у клуб НХЛ «Філадэльфія», з якім падпісаў кантракт. Але на яго зладзілі цэлую аблаву, у якой удзельнічалі дзясяткі сілавікоў. Спартоўца падазраюць ва ўхіленні ад войска, што пагражае яму двума гадамі пазбаўлення волі.
У ваенкамаце Фядотаву стала дрэнна, і ў ноч на 2 ліпеня
яго забралі адтуль на «Хуткай».
— Нябось здзівіўся. Пры тым што сам нядаўна выходзіў гуляць
супраць фінаў у майцы з надпісам «СССР», — каментуе сітуацыю
публіцыст Віктар Шэндэровіч. — Проста ён думаў, што горш ад гэтага прывіда
мінулага будзе чамусьці менавіта фінам. Ці нічога не думаў, а проста надзеў,
што далі. А яно вунь як атрымалася.
Ты хацеў СССР, Ваня? Ну, вось ён. Прыглядзіся.
Ён, відаць, добры хлопец, гэты Іван Фядотаў. Ён малады
і не памятае ніякага часу, акрамя пуцінскага. Ён яму, напэўна, падабаўся да
нядаўняга часу. Цяпер, напэўна, разпадабаўся ненадоўга...
Вядома, ненадоўга!
Адпусцяць яго. Ён жа не Кара-Мурза, не Навальны. Хто-небудзь
куды-небудзь патэлефануе (хоць той жа дэпутат Фяцісаў, які адкінуў калісьці канькі
ў тым жа ЦСКА — і па-ціхаму зліняў у суседні з Філадэльфіяй штат у часы, калі
свабода толькі пачыналася, а не сканчалася). Патэлефануе — і вырвецца Фядотаў
на волю, і як страшны сон будзе ўспамінаць перспектыву асабіста і бясплатна
паваяваць з Украінай.
Ды і якая ад яго карысць на фронце, ён і ў танк не ўлезе са
сваімі габарытамі, і трапіць у гэтыя 202 см можна з любой адлегласці, толькі
ўжо не шайбай.
Няхай ужо ляціць, я лічу, не будзем настойваць на
прынцыповасці, а будзем спадзявацца на карупцыю. Няхай вайсковая братва
дамовіцца між сабой па паняццях і адаб'е гэтае лядовае пабоішча ад святога
абавязку...
Але вось маечку з надпісам «СССР», Ваня, апранаць усё ж такі не варта было. На сабе не паказвай, як гаворыцца.
Паводле «Салідарнасці».