Міністры спорту 33 краін запатрабавалі прыпыніць сяброўства Расіі і Беларусі ў спартыўных арганізацыях
Кіраўнікі спартыўных ведамстваў 33 краін падпісалі сумесную заяву з патрабаваннямі прыпыніць сяброўства Расіі і Беларусі ў спартыўных арганізацыях і забараніць трансляцыі міжнародных спаборніцтваў у гэтых краінах.
![ioc_1_30998a000765af85e923e2fe164cae755ee55186.jpg ioc_1_30998a000765af85e923e2fe164cae755ee55186.jpg](/img/v1/images/ioc_1_30998a000765af85e923e2fe164cae755ee55186.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Пра гэта паведаміў міністр спорту і турызму Польшчы Каміль Бартнічук. Адпаведны артыкул быў апублікаваны 1 ліпеня на дзяржаўным партале Польшчы.
«Мы патрабуем прыпыніць сяброўства спартыўных федэрацый Расіі і Беларусі ў міжнародных арганізацыях, мы патрабуем выключыць прадстаўнікоў Расіі і Беларусі з кіроўных органаў міжнародных федэрацый, а таксама прыпыніць тэлевізійныя трансляцыі міжнародных спартыўных падзей на тэрыторыях Расіі і Беларусі», — сказаў Бартнічук.
У выпадку прыняцця спартыўнымі арганізацыямі і іншымі арганізатарамі спартыўных мерапрыемстваў рашэння аб допуску да ўдзелу ў спартыўных мерапрыемствах беларускіх і расійскіх спартсменаў прапануецца забараніць выкарыстанне дзяржсімволікі дзвюх краін.
Такія меры былі прынятыя ў адказ на расійскае ўварванне ва Украіну.
Заяву падпісалі міністры 25 краін ЕС, а таксама міністры з Вялікабрытаніі, Новай Зеландыі, ЗША, Аўстраліі, Паўднёвай Карэі, Японіі, Нарвегіі і Канады. Дакумент не падтрымалі Балгарыя, Венгрыя і Швейцарыя.