Мэр Мелітопаля заявіў аб знішчэнні расійскай ваеннай базы

УСУ робяць усё для таго, каб вярнуць мірнае жыццё і ўкраінскую дзяржаўнасць у Мелітопаль.

melitopolmiting_6228adfd63770.jpg

Мэр акупаванага Мелітопаля Іван Фёдараў паведаміў, што ноччу ўзброеныя сілы Украіны нанеслі больш за 30 удараў і вывелі са строю адну з чатырох размешчаных у горадзе расійскіх ваенных баз.
Акрамя таго, заявіў Фёдараў, напярэдадні сілы супраціўлення дабіліся сходу з рэек расійскага браняпоезда з боепрыпасамі.
«Цяпер акупанты спрабуюць зрабіць правакацыі аб тым, што быў абстрэл мірных раёнаў, пацярпела мірнае насельніцтва, разбурана гарадская інфраструктура. Гэтага не было! УСУ робяць усё для таго, каб вярнуць мірнае жыццё і ўкраінскую дзяржаўнасць у Мелітопаль», – заявіў Фёдараў.
У прызначанай Расіяй адміністрацыі акупаванага Мелітопаля прадставілі сваю версію здарэння ўначы ў горадзе.
Па словах кіраўніка «адміністрацыі» Яўгена Баліцкага, украінскія вайскоўцы спрабавалі нанесці ўдары па жылых раёнах і інфраструктуры Мелітопаля, але дзякуючы працы СПА снарады патрапілі на тэрыторыю аэрадрома.
Акрамя гэтага, заявіў Баліцкі, «часткова нанесены ўрон прыватным домаўладанням і шматпавярховым жылым дамам авіягарадка». Пацярпелых, паводле яго слоў, няма.