ЯК СПРАВЫ? Павел Аракелян: Саксафон я не браў у рукі амаль са жніўня мінулага года

Сёння мы размаўляем з Паўлам Аракелянам — вядомым джазавым музыкам, адным з найлепшых саксафаністаў Еўропы, удзельнікам гурта «Крамбамбуля». Апроч таго, ён даў шмат дваровых канцэртаў падчас падзей лета-восені 2020, за што слухачы надалі яму тытул «Прэзідэнт мінскіх двароў».

_mg_4680_logo.jpg

— Такім чынам, як справы?
— Справы амаль як ва ўсіх астатніх у Аўшвіцы. Такія сабе.
— Цяпер ты — вядомы музыка. А калі і як ты ўсвядоміў, што будзеш займацца музыкай і больш нічым?
— Нават цяжка сказаць. У мяне тата быў таксама музыкам, і досыць класным. Дома заўсёды гучала розная музыка, і таму ў мяне была нейкая схільнасць да творчасці. Ну, і дакладныя навукі мне даваліся вельмі цяжка. А канчаткова ўсвядоміў, што гэта маё, менавіта калі скончыў музычную вучэльню па класе саксафона ў 2004 годзе.
— А чаму саксафон? Моладзь у той час больш схілялася да гітары.
— А я не «разумею» гітару дагэтуль. Я спрабаваў нешта, мне досыць лёгка даюцца амаль усе інструменты. У школе я пачынаў граць на піяніна, потым вось саксафон, але ў гітары зусім іншая схема, іншы спосаб, іншае мысленне. Паспрабаваў, зразумеў, што не маё, ну і ладна, асаблівай прагі і няма.

_mg_1273_logo.jpg

— Як з’явіуся на свет твой гурт «The Outsiders»? 
— Мне здаецца, гэта быў прыкладна 2007 год. Да таго таксама былі гурты, але гэта ўсё было на такім юнацкім узроўні. Збіраліся, гралі нешта вясёлае такое, разыходзіліся, потым зноў сыходзіліся. А да 2007 года я пачаў пісаць свой матэрыял, і ў маім тагачасным атачэнні сярод музыкаў не было чагосьці падобнага. Гэта было нейкае сутыкненне стыляў, эклектыка. Я шмат пісаў, нават не заўсёды мог патлумачыць, што атрымалася. Я ў той час вельмі сябраваў з гітарыстам Юрыем Дзмітрыевым і неяк паказаў яму свае творчыя эксперыменты, і ён сказаў: «А давай паспрабуем!» Мы пачалі разбіраць матэрыял, і праз месяц адбыўся першы канцэрт. Потым ужо было лягчэй, сталі больш зразумелымі прынцыпы стварэння новага матэрыялу.

_mg_0922_logo.jpg

— «The Outsiders» граюць не класічнае чытанне вядомых твораў, а ўвесь час эксперыментуюць. Вы не прыхільнікі класічнага гучання ці гэта нешта іншае?
— Не тое што не прыхільнікі. Я гадаваўся на класічным джазе, дагэтуль з вялкімі задавальненнем слухаю запісы амаль стогадовай даўніны. Але, па шчырасці, у тых рамках нам больш няма чаго сказаць. Дарэчы, што такое наогул джаз? Мне здаецца, што цяпер гэты тэрмін закансерваваўся і стаў на адну палічку з такімі, як «акадэмічная музыка», «класік рок». То-бок там, дзе ёсць свае каноны. Часта можна пачуць: «гэта джаз, а гэта — не джаз», «гэта сапраўдны рэп, а гэта — несапраўдны». Але джаз заўсёды першапачаткова быў музыкай руху наперад, музыкай эксперыментаў, а не кансервавання ў нейкіх рамках. Таму ў ХХІ стагоддзі нам хацеласяі адысці ад гучання стогадовай даўніны, рабіць новае. Ды і дагэтуль хочацца. Мне заўсёды шанцавала на музыкаў, яны мяне вельмі падтрымліваюць, і я, калі пішу свой матэрыял, стараюся пакідаць нейкую прастору для творчасці, каб кожны меў магчымасць дадаць нешта сваё. Толькі тады можа атрымацца выбітная кампазіцыя. Я нават сам заўважыў на канцэртах: калі мяняецца хтосьці з калектыву, мяняецца і гучанне. Не горш, не лепей — яно іншае, і заўважна іншае. Я паўтараюся, але мне шанцуе на музыкаў побач.
— Ты — найвядомы ў джазавым асяроддзі музыка, шмат хто лічыць цябе адным з першых саксафаністаў не толькі Беларусі, але і Еўропы. Але большасці людзей ты вядомы як саксафаніст гурта «Крамбабуля». Як пачалося гэтае супрацоўніцтва?
— Гэта быў ці тое 2011, ці тое 2012 год. Я не быў добра знаёмы з творчасцю Лявона Вольскага. Неяк мы абодва дадаліся ў сябры ў Фэйсбуку па матывах падзей 2010-2011 гадоў, мне вельмі падабаліся думкі, якія ён посціў. І неяк мне патэлефанавала Ганначка Вольская з прапановай сустрэцца і паразмаўляць. Мы сустрэліся, а літаральна праз месяц яны прапанавалі мне паўдзельнічаць у канцэрце на адным з фестываляў. Ну, і пагналі! Мой першы выступ з «Крамбабуляй» быў на ўкраінскім фестывалі «Захід», вельмі добра памятаю тую вандроўку. А потым, літаральна праз некалькі тыдняў, мы ўдвух з Вольскім паехалі ў тур па Беларусі з «Саўкам ды Грышкам» і класічнымі песнямі Вольскага. Вось з тых часін граем і сябруем.

_mg_5191_logo.jpg

— Цяпер «Крамбамбуля» неяк прыпыніла сваё існаванне. Не сумуеш?
— Не, не сумую. Я бачу, як Вольскі рухаецца наперад. Можа, неяк яму цеснавата стала ў межах «Крамбамбулі», але мы ўсе ведаем, што любы праект, які ачольвае Вольскі, — гэта ён і ёсць. Мы так ці інакш працягваем супрацоўніцтва, граем разам, лістуемся. Мне цяжка сумаваць, бо я разумею, з творчага пункту гледжання, што ён ідзе далей, і мне гэта вельмі падабаецца. Вельмі прыемна ісці з такім чалавекам па адной сцежцы. Я яго часта запрашаю ў свае праекты, бо лічу яго не толькі творцам, але і выбітным спеваком. У яго вельмі класны тэмбр голасу. Супрацоўніцтва працягваецца.

_mg_5118_logo.jpg

— У мінулым годзе ты адыграў шмат дваровых канцэртаў падчас вядомых падзей. Што ты можаш распавесці пра такі свой новы досвед?
— Мне ўжо нават здаецца што гэта было ў мінулым жыцці, а не ў мінулым годзе. Увесь час думаю: «А што я магу зрабіць карыснага?» Вось, усё жыццё жывеш, займаешся, напрыклад, музыкай і разумееш, што ва ўмовах нейкай стабільнасці гэта не вельмі істотная рэч. Я ў тым плане, што, напрыклад, лекар ратуе жыццё, а ёсць такая музыка ці няма... Ад гэтага ніхто не памрэ.
А тут такія часіны, што я рабіў сапраўды важную і патрэбную рэч, гэта было рэальна патрэбна людзям. Мы дапамаглі камусьці не захварэць, не атрымаць нервовы зрыў. Гэта быў вялікі злом у самаўспрыманні. Вось да гэтага было някепска, але больш для задавальнення, а тут гэта стала важна для людзей. Што мог, тое і рабіў, нічога не чакаючы за гэта. Я адчуваў, што раблю нешта важнае і патрэбнае. Гэта быў неверагодны прамы кантакт з новымі слухачамі, было шмат дзяцей, шмат людзей сталага ўзросту. Не было аніякага каардынацыйнага цэнтру, людзі пісалі лісты, званілі, падыходзілі падчас канцэртаў і запрашалі да свайго двара.

_mg_1017_logo.jpg


— Ці было чаканым тваё затрыманне?
— Я ведаў, што буду затрыманы, гэта было пытаннем часу. Нават быў здзіулены, што гэта адбылося на сыходзе такіх канцэртаў. Думаў, будзе раней. Міліцыянты мяне, канешне, пазналі, можа, па гэтай прычыне затрыманне было не вельмі жорсткім. У іншым часе я б, можа, і паабураўся, але ж не цяпер. Падчас адбыцця арышту я сустрэў шмат людзей. Нават з маім шырокім колам кантактаў я не ведаю, дзе б яшчэ я сутыкнуўся з такой колькасцю выбітных лекараў, фізікаў, праграмістаў, і цяпер я прыгадваю толькі пазітыўныя моманты з тых зносін.
— Цяпер шмат музыкаў, дзеячаў мастацтваў і не толькі з’язджаюць за мяжу. Ты не думаў таксама з’ехаць?
— Думаў, не буду хлусіць. Цяпер шмат падзей, нават не памятаеш, што адбывалася тыдзень таму. Падчас восеньскіх падзей у мяне былі прапановы гастроляў за мяжой, але я тады адмовіўся. У мяне былі гастролі ў Мінску. Не Скандынавія і Польшча — я быў патрэбны тут. Са жніўня я без працы, і ўжо надыходзіць час, калі не будзе на што існаваць. Тут працаваць не дадуць, але на бягучы момант у свеце сур’ёзны лакдаўн, і мае сябры за мяжой, якія маглі б чымсьці дапамагчы, таксама ў складаных умовах. Але ж думаю, што цягам нейкага часу проста давядзецца і мне з’ехаць, бо іншага выйсця пакуль няма.

_mg_4798_logo.jpg


— Чым пагражае нашай краіне такая масавая эміграцыя культурных дзеячаў?
— Я магу памыляцца, але мне здаецца, што гэта будзе своеасаблівы культурны дэфолт. Ён раўназначны маральнаму дэфолту, бо культура фармуе мараль, і гэта не толькі пра музыку. Тэатр, мастакі, пісьменнікі, паэты, музыкі фармуюць, будзем казаць так, шкалу маральных каштоўнасцей. Базавыя даюць бацькі, але астатняе фармуе культура. Наменклатурных «культурных» дзеячаў ніхто не слухае, не чытае. Як культурная з’ява яны існуюць толькі на паперы. Гэткая планавая культура, якая ні на што не ўплывае.
— Ты не толькі музыка, але яшчэ і спартсмен. На сцэне ты выглядаеш вельмі каларытна! Як і калі пачаўся твой шлях у гэтым напрамку?
— Ну, спартсмен я такі сабе. Вялікіх дасягненняў няма, але норму кандыдата ў майстры спорту па паўэрліфтынгу мог бы выканаць. Калісьці быў такі дрышчавы хлопчык з саксафонам, але пазнаёміўся з адной дзяўчынай. Яна была такая вельмі спартыўная, і я вырашыў таксама заняцца сабой. Прышоў у залу, і мне вельмі спадабалася цягаць жалеза. Вось адчуў, што гэта маё! Дзяўчына праз некаторы час знікла, а спорт застаўся. Яшчэ з дзяцінства я час ад часу займаўся класічным боксам. Так што паўэрліфтынг і бокс на аматарскім узроўні побач амаль усё жыцце. А каларытнасць? Калі ёсць добрыя задаткі — то чаму не. Па-першае, гэта прыгожа, а па-другое — досыць нядаўна зразумеў, што гэта манетызуецца. Прыемна ж глядзець на артыста, які выбіваецца з агульнага ўяўлення. Асабліва гэта я адчуў, калі працаваў у Еўропе. Казалі: «Такі вялікі, барадаты дзядзька і так душэўна джаз грае. Клас!» Дарэчы, я таксама працаваў інструктарам у фітнес-клубе.

_mg_5100_1_logo.jpg

— Што ты цяпер робіш, ці ёсць нейкі новы матэрыял, які мы калісьці зможам пачуць?
— Нічога. Я не дакранаўся да інструмента з таго часу, як запісаў песню «Заўтра». А саксафон я не браў у рукі амаль са жніўня мінулага года. Такі поўны штыль. На бягучы момант я сказаў усё, што мог. У краіне цяпер такая сітуацыя, што аб якой-кольвечы творчасці я пакуль не магу думаць. Гэтае бязмежжа павінна скончыцца. Для мяне немагчыма займацца творчасцю ў такіх умовах.