«Кажуць, яны ў шэраг ляжалі». Што вядома пра забойства чацвярых дзяцей у Оршы
У Оршы здарылася страшнае: 14 лютага ў кватэры дома №3 па вуліцы Завадскага былі знойдзеныя трупы чацвярых маленькіх дзяцей — ім было ад года да васьмі гадоў. Па падазрэнні ў забойстве затрыманая іх маці. «Медыязона» распавядае, што вядома пра трагедыю.
Чацвёра дзяцей са слядамі задушвання
Паводле версіі Генпракуратуры, аб трупах дзяцей у Аршанскае РУУС паведаміла сацыяльны педагог. Па падазрэнні ў забойстве затрыманая іх 36-гадовая маці. Як стала вядома, яе завуць Ірына Куранкова.
Крыніца, блізкая да сям'і, сцвярджае, што дзяцей знайшла іх бабуля.
«Усе суседзі распавядаюць, што яна адчыніла дзверы сваім ключом. Прыйшла, бо не магла датэлефанавацца. І ўбачыла там Ірыну ў крыві, таму што тая спрабавала вены парэзаць. І дзяцей. Кажуць, яны ў шэраг ляжалі», — распавядае крыніца.
Паводле суразмоўцы, у сям'і было шасцёра дзяцей: трое вучыліся ў школе № 20 у Оршы. Старэйшы сын — у 11 класе, яго брат — у 8-м, сястра — у першым. Яшчэ тром дзецям было ад года да пяці гадоў.
У дзяцей Ірыны былі розныя бацькі. Прадстаўнік Генпракуратуры распавёў, што ўсе яны «вялі амаральны лад жыцця і з дзецьмі не пражывалі».
У доме часта не было ежы для дзяцей
Паводле слоў крыніцы, Ірыну не бачылі п'янай, але часта быў п'яны яе муж. Крыніца сцвярджае, што ён збіваў яе — знаёмыя бачылі яе з сінякамі ў дзіцячым садзе.
У Генпракуратуры паведамілі, што цяперашні муж і бацька аднаго з дзяцей цяпер знаходзіцца ў ЛПП. Гэтую інфармацыю пацвердзіла і крыніца: паводле яе слоў, мужчыну адправілі туды прыкладна паўгода таму. Паводле інфармацыі былых сілавікоў з BELPOL, мужа Ірыны завуць Дзмітрый Куранкоў. З 2004 года ён працаваў зваршчыкам на заводзе «Легмаш» і больш за 10 разоў прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці за знаходжанне ў стане алкагольнага ап'янення. Ірына працавала на Аршанскім ільнокамбінаце аператарам машыннага абсталявання.
Дом № 3 на вуліцы Завадскага (на фота), дзе жыла сям'я, быў здадзены ў 2017 годзе. Тады «Аршанская газета» пісала, што яго жыхарамі сталі «аршанцы, якія маюць права на сацыяльнае жыллё і маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў».
У заяве Генпракуратуры гаворыцца, што ў дачыненні да сям'і тройчы «праводзілася сацыяльнае расследаванне». Па выніках апошняй праверкі дзеці былі прызнаныя «ў сацыяльна небяспечным становішчы» (СНС), бо «бацькі не задавальнялі іх асноўныя жыццёвыя патрэбы» — часта дома нават не было ежы.
Паводле слоў знаёмых, сям'я жыла бедна, у кватэры не было пральнай машыны. Адна з суседак аднойчы збірала па горадзе дапамогу для іх — цацкі і адзенне для дзяцей.
Узбуджана крымінальная справа аб забойстве заведама
малалетніх (пункты 1,2 часткі 2 артыкула 139 КК). Прадстаўнік Генпракуратуры
ўдакладніў, што будуць правераныя дзеянні ўсіх «кампетэнтных службаў у частцы
абароны правоў і законных інтарэсаў дзяцей у дадзенай сям'і».