Азбука паліталогіі: Асаблівасці нацыянальнай дэмаграфіі
Пакуль начальнікі мераюцца сваімі IQ, расіянкі ідуць «ад жыцця». Паводле звестак расійскага «Коммерсанта», у 2022 годзе продажы прэпаратаў для медыкаментознага аборту выраслі на 60 працэнтаў.
Праблема скарачэння нараджальнасці актуальная для большасці сучасных краін. Не мінула чарга гэтая і Беларусь. Пра актуальнасць праблемы сведчыць спыненне публікацый Нацыянальным статыстычным камітэтам дэмаграфічнага штогодніка РБ. Апошні з іх датаваны 2019 годам — такая традыцыя. Канструктары беларускай мадэлі, па ўсёй бачнасці, кіруюцца прынцыпам «менш ведаеш — мацней спіш». І іх можна зразумець: моцны сон падданых вельмі спрыяе падтрыманню сацыяльна-палітычнай стабільнасці.
Тым не менш пошукі ў інтэрнэце сябе апраўдалі. У прыватнасці, удалося адшукаць значэнне фертыльнага каэфіцыента (колькасць нараджэнняў на адну жанчыну на працягу ўсяго рэпрадуктыўнага перыяду).
У 2021 годзе ён склаў 1,48. Калі ўлічыць, што для простага ўзнаўлення насельніцтва фертыльны каэфіцыент павінен быць не ніжэйшым за 2,1, то падставы для хвалявання і сапраўды існуюць, прычым занепакоіцца дэмаграфіяй варта было б на дзяржаўным узроўні.
Гэта і было пацверджана 1 жніўня падчас рабочай паездкі ў Камянецкі раён Брэсцкай вобласці: «Самая вялікая праблема для нас цяпер ужо не эканамічная (хоць усё ад эканомікі), а дэмаграфічная. Нам трэба больш, больш, больш насельніцтва».
У процілеглых кірунках
Сусветны вопыт, аднак, сведчыць, што прымусіць сучасную жанчыну “больш, больш, больш” нараджаць — задачка з зорачкай. З вельмі вялікай зорачкай. І хоць усё нібыта ад эканомікі, але метады эканамічнага стымулявання калі і здольныя павысіць фертыльны каэфіцыент, то нязначна.
Але рашэнне тым не менш існуе. Дзякуй варта сказаць фундаментальнай патрэбе чалавека шукаць, дзе лепш. Гэтую патрэбу і эксплуатуюць эканамічна развітыя краіны, прыцягваючы да сябе імігрантаў.
Зразумела, што як няма ліха без дабра, так і няма дабра без ліха. Імігранты, хоць дапамагаюць вырашаць адны праблемы, ствараюць іншыя. Аднак выніковы баланс залежыць ад іміграцыйнай палітыкі дзяржаў, якія іх прымаюць. Поспеху спрыяе вопыт, якім валодаюць краіны, створаныя еўрапейскімі каланістамі ў XVII-XIX стагоддзях (ЗША, Канада, Аўстралія).
Еўрапейскія краіны такім вопытам пахваліцца не могуць — і таму вымушаныя вучыцца на сваіх памылках. Аб праблемах, з якімі яны пры гэтым сутыкаюцца, рэгулярна паведамляюць навінавыя стужкі.
Беларусь — еўрапейская краіна. Прынамсі, да такой высновы прыходзіш, калі глядзіш на карту. А ў тым, што яна зручная для жыцця, упэўнены галоўны архітэктар беларускай мадэлі: «Я бачу Беларусь як зручную для жыцця. І той, хто хоча тут жыць спакойна, гадаваць сваіх дзяцей і хоча зарабіць, ён гэта заўсёды можа атрымаць».
Пералічаным плюсам спрыяе размяшчэнне Беларусі на скрыжаванні транзітных шляхоў: «Гэта стварае добрыя ўмовы для заробку людзей, эканамічнага развіцця краіны. Цяпер праз Беларусь рухаецца ўсё. Таму што ціхая, спакойная транзітная краіна».
Ціхая і спакойная — згодны. А што наконт прыметніка «транзітная»? Абмяжуюся навіной ад 10 жніўня: «Прэм’ер-міністр Літвы Інгрыда Шыманітэ паведаміла аб дасягненні пагаднення з Латвіяй і Польшчай па верагодным сумесным закрыцці межаў трох краін з Беларуссю».
А як жа наконт «цяпер праз Беларусь рухаецца ўсё»? Уся справа ў тым, калі гаварылася слова «цяпер». Цытата запазычаная з выступу перад студэнтамі Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта ў кастрычніку 2018 года. Не ў Сярэднявеччы жывём. Для някемлівых прывяду фрагмент з Паслання-2013: «Сучасная цывілізацыя — гэта цывілізацыя пастаяннага паскарэння. Яно адчуваецца паўсюль — не толькі ў хуткасці з’яўлення новых ідэй, але і ў тэхналогіях, у эканоміцы, у гандлі, у адукацыі, у сродках масавай інфармацыі, у палітыцы, нават у штодзённым побыце людзей».
Пяць гадоў, якія прайшлі пасля выступу перад студэнтамі, — гіганцкі па сучасных мерках тэрмін. Ва ўмовах пастаяннага паскарэння ад той Еўропы і той Беларусі мала што засталося, калі ўлічыць, што рухаліся яны ў процілеглых кірунках.
Насуперак намаганням штатных ідэолагаў
А як наконт «нашай Расіі» з яе шчыльнасцю насельніцтва 8,58 чалавекі на квадратны кіламетр? Праблема кіраўніцтвам краіны ўсведамляецца, пра што, у прыватнасці, сведчыць прапанова дэпутата Дзяржаўнай Думы РФ Віталя Мілонава прымусова асемяняць незамужніх жанчын, старэйшых за 24 гады: «Да 24 гадоў наплясаліся ўжо на дыскатэках, час і пра дзяржаву паклапаціцца».
Час. Даўно час. Калі развіваць ініцыятыву расійскага дэпутата, можна запрапанаваць выкарыстоўваць у якасці донараў спермы ўдзельнікаў СВА — так званай “расійскай спецаперацыі”. Прычым, пажадана, удзельнікаў, адзначаных дзяржаўнымі ўзнагародамі.
На Мілонаве, аднак, свет клінам не сышоўся. Свая прапанова маецца і ў міністра аховы здароўя Расіі Міхаіла Мурашкі, які заявіў, што Міністэрства аховы здароўя РФ плануе да канца года абмежаваць продаж прэпаратаў для перапынення цяжарнасці.
Прапанова міністра не ўзятая са столі і не высмактаная з пальца. Яна заснаваная на статыстыцы ААН, якая пацвярджае сусветнае лідарства Расіі па колькасці абортаў. На тысячу жанчын прыпадае 53,7 аборты, 5 з 10 цяжарнасцяў заканчваюцца штучным перапыненнем. За 30 гадоў — з 1991 па 2021 год — на тэрыторыі Расіі было зроблена 50 695 680 абортаў, і гэта без уліку тых, што праводзіліся ў прыватных клініках.
Аборты несумяшчальныя з традыцыйнымі каштоўнасцямі і з той высокай духоўнасцю, пра якую так любяць разважаць расійскія палітыкі і прапагандысты. Да таго ж аборты пазбаўляюць сэнсу святы прынцып: «бабы новых панараджаюць», які, калі верыць легендзе, быў сфармуляваны выбітным савецкім военачальнікам Георгіем Жукавым.
Але пакуль кіраўнікі мераюцца сваімі IQ, расіянкі ідуць «ад жыцця». Паводле даных расійскага выдання «Коммерсант», у 2022 годзе продажы прэпаратаў для медыкаментознага аборту выраслі на 60 працэнтаў.
«Калі была хваля мабілізацыі, то першая рэакцыя жанчын, якія чакалі дзяцей і даведаліся аб мабілізацыі будучых бацькоў, — перапыніць цяжарнасць», — пракаментавала аптэчную статыстыку дырэктар дабрачыннага фонду «Жанчыны за жыццё» Наталля Масквіціна.
Меў рацыю рускі паэт Мікалай Някрасаў: «Есть женщины в русских селениях», якія здольныя праявіць сваю суб’ектнасць насуперак намаганням штатных ідэолагаў.