Маміны гісторыі. Чаго я не чакала ад дэкрэту

Да нараджэння дзіцяці дэкрэт у маім уяўленні быў нечым накшталт абмежавання волі. Такое ўражанне з'явілася пад уплывам сябровак, якія сталі мамамі. Хтосьці з іх выкарыстоўваў любую магчымасць пабыць без дзіцяці, хтосьці сыходзіў «у адрыў», калі з унукам ці ўнучкай пагаджалася пасядзець бабуля, хтосьці імкнуўся хутчэй уцячы на працу. І ўсе ў адзін голас наракалі на бясконцы «дзень сурка».

Ілюстрацыйная выява

Ілюстрацыйная выява

Стаўшы мамай, я ўсё чакала моманту, калі ж захачу «свабоды» ад дзіцяці. Але амаль за год мацярынства ён так і не настаў. 

З першых месяцаў жыцця сына, калі родныя стараліся па магчымасці ўзяць малога на сябе і адпусціць мяне «па сваіх справах», я спынялася пасярод вуліцы з адчуваннем, што чагосьці не хапае (вядома, чаго — вазка ў руках) і ў разгубленасці: якія ў мяне могуць быць справы, калі мая галоўная «справа» толькі што паела і салодка пасопвае.

Магчыма, у мяне яшчэ ўсё наперадзе, але я заўжды шалёна сумую і адчуваю сябе не ў сваёй талерцы, калі выпадае правесці пару гадзін без сына. У той жа час разумею, што калі-нікалі быць асобна патрэбна і яму, і мне.

Яшчэ адна дэкрэтная нечаканка — нарэшце стала магчымым расслабіцца і дазволіць жыццю ісці так, як яму хочацца, не прывязваючыся да дэдлайнаў і жорсткіх планаў. Бо з дзіцем у прынцыпе складана нешта планаваць, таму што ў самы апошні момант яно можа заснуць, закапрызіць, захварэць у рэшце рэшт. І ўсё, планы кату пад хвост. Таму застаецца толькі прыняць гэта і атрымліваць асалоду, што называецца, у моманце. Між іншым, гэта вельмі супакойвае нервы і настройвае на дзэн.

Дарэчы, пра душэўную раўнавагу. Аказваецца, ёй вельмі спрыяе прыборка. Пагадзіцеся, што вы будзеце значна спакайнейшымі, калі не трэба будзе перажываць, што дзіця абліжа брудны абутак ці загоніць у палец стрэмку, гуляючы на падлозе. Да таго ж прыборка — выдатны спосаб кантраляваць рэчаіснасць, нават псіхолагі яго раяць. Ну і сапраўдным адкрыццём для мяне стала тое, што прыборка можа быць не цяжкім абавязкам, а прыемнай дзеяй. Бачылі б вы, з якім задавальненнем я штодня шарую падлогу, уяўляючы, якія выкрутасы на ёй хутка будзе вырабляць сын!

Скажу шчыра: я трошкі баялася дэкрэта, бо часта чула меркаванне, што ў ім кагнітыўныя здольнасці, скажам так, зніжаюцца, і жанчына рызыкуе «абабіцца» і пераўтварыцца ў гэткую квактуху, якая жыве выключна інтарэсамі дзіцяці. Больш за тое, першы час пасля родаў я з жахам заўважала, што мой розум, як бы гэта сказаць… паплыў. Але гэта аказалася часовай з'явай, мазгі паступова сталі на месца і запрацавалі яшчэ лепш, чым да цяжарнасці. Таму што мацярынства — гэта о-го-го якая «прапампоўка скілоў». Мозг наладжваецца на абсалютна новую працу, цяпер яму трэба думаць «за сябе і за таго хлопца», ды яшчэ і на некалькі крокаў наперад! Плюс засваенне інфармацыі, датычнай дзіцяці, спрыяе стварэнню новых нейронных сувязяў.

Яшчэ адно цікавае назіранне адносна працы мозгу мамы ў дэкрэце: з'яўляецца цяга да эксперыментаў, выпрабаванняў, выклікаў. Хаця, здавалася б, якія табе яшчэ выклікі — сядзі, абараняй спакой дзіцяці. Ды дзе там: кожны дзень паўстаюць новыя квэсты: цікава, ці змагу я зладзіць шопінг з вазком? А паехаць у іншы канец горада? А як мы з малым будзем пачувацца, калі правядзем увесь дзень на прыродзе? І як арганізаваць кармленне, пераапрананне, купанне, сон? 

Напэўна, у звычайнага чалавека гэтыя пытанні ўвогуле не выклічуць ніякіх эмоцый, але толькі не ў мамы з маленькім дзіцем! Бо штодня ёй даводзіцца вырашаць дзясяткі звыклых побытавых задач, толькі з улікам малечы і навакольнага асяроддзя, мякка кажучы, далёкага ад даступнасці. А гэта зусім ужо іншы ўзровень стратэгіі і тактыкі! 

І вось што я заўважыла: калі выбіраеш пражываць жыццё тут і зараз, не чакаючы нейкага больш спрыяльнага моманту (калі, напрыклад, зможаш схадзіць у кавярню з сяброўкай без дзіцяці), так ці іначай знаходзіш выйсце з любой сітуацыі. І адчуваеш сябе супергераіняй! 

Безумоўна, усе дзеці розныя. Хтосьці не адпускае маму ні на крок і крычыць суткамі — гэта неймаверна знясільвае, і пабыць у адзіноце для мамы такога дзіцёнка — жыццёвая неабходнасць. 

Усе мамы таксама розныя: ёсць шмат жанчын, якія не могуць надоўга пагружацца ў руціну мацярынства, ім трэба рэалізоўвацца ў соцыуме. Ну і ўжо згаданага «дня сурка» ў дэкрэтным адпачынку ніяк не пазбегнуць. Нават я, страшэнны інтраверт, за час дэкрэту нарэшце перазнаёмілася з суседзямі і часцей стала хадзіць у госці і запрашаць гасцей да сябе. 

Але нягледзячы на гэта дэкрэт і мацярынства, нечакана сталі для мяне не цяжкім перыядам, а часам, пра які я буду ўспамінаць з задавальненнем і ўдзячнасцю.

Мамы, а як прайшоў ваш дэкрэтны адпачынак?