«Сказалі наклеіць беларускія». З кабінетаў замежнай мовы ў школах прыбіраюць брытанскія сцягі

Цяпер школы Беларусі актыўна рыхтуюцца да новага навучальнага года і чакаюць праверак спецыяльных камісій. Некаторыя навучальныя ўстановы прыбіраюць з кабінетаў англійскай мовы сцягі, а таксама іншую сімволіку і наглядны матэрыял, звязаны з Вялікабрытаніяй. Пра гэта паведамляюць тэлеграм-канал «Учительская» і чытачы «Люстэрка». Каб разабрацца, у чым справа, журналісты патэлефанавалі ва ўпраўленне адукацыі і Мінадукацыі.

Фота pixabay.com

Фота pixabay.com

— На мінулым тыдні калега, якая выкладае англійскую, выйшла з адпачынку. Першае даручэнне, атрыманае ёй ад адміністрацыі, — прыбраць сімволіку з кабінета замежнай мовы, — апісвае сітуацыю Вольга, якая працуе настаўніцай адной з мінскіх школ. — Распараджэнне было вусным. Наколькі мы зразумелі, гаворка ідзе пра брытанскія сцягі. На стэндзе над імі сказалі наклеіць беларускія ці ж пейзажы нашай краіны. Патлумачылі: сімволіка не зацверджаная праграмай. Што менавіта гэта значыць, ні я, ні калега не ведаем.

Алена таксама выкладае англійскую ў адной з мінскіх школ. Яна кажа, што з такой сітуацыяй сутыкнулася яшчэ мінулым летам:

— На ўроках мы з дзецьмі гаворым пра Вялікабрытанію, ЗША, Канаду, Аўстралію. Наколькі памятаю, ні ў карпаратыўным чаце, ні на нарадзе пытанне пра сімволіку гэтых краін не ўздымалася, але ўсе педагогі ведаюць: падчас прыёмкі ў кабінетах не мусіць быць вялікіх сцягоў і гербаў англійскамоўных краін. Чаму? Ніхто не тлумачыў. Пры гэтым падчас навучальнага года, калі іншамоўную сімволіку ніхто не правярае, у нас на сценах віселі карты са сцягамі і ніякіх праблем праз гэта не было.

Пра тое, што ў кабінетах англійскай просяць прыбраць сцягі замежных дзяржаваў, расказвалі настаўнікі не толькі з Мінска, але і з Брэста. Аднак у той жа час педагогі з пяці навучальных установаў, сярод якіх былі і настаўнікі са сталіцы, сказалі, што ў іх школах нічога такога не было і няма.

— Нашая навучальная ўстанова прайшла прыёмку на мінулым тыдні. Ні пра што такое і гаворкі не ішло, — кажа завуч адной са школ Мінскай вобласці Вольга. — Выкажу здагадку, што гэта нейкія ініцыятывы на месцах. Калі нас просяць рабіць нейкую лухту, начальства не саромеецца рабіць гэта афіцыйна.


Глядзіце таксама

Тэлеграм-канал «Учительская» таксама спытаў педагогаў з розных школ краіны, ці атрымлівалі яны распараджэнне «прыбраць усю сімволіку і наглядныя матэрыялы, звязаныя з Вялікабрытаніяй».

— Сапраўды, перад прыёмкай школы сказалі зняць сцяг Брытаніі са сцяны і адклеіць маленькія выявы сцягоў са стэнда пра Вялікабрытанію. Да гэтага сцяжкі ўжо некалькі гадоў віселі. З прадметных дэкарацый у кабінеце пакінулі толькі карту Брытаніі, англійскі алфавіт і фота каралеўскай сям'і, — расказаў тэлеграм-каналу адзін з педагогаў.

Паводле слоў іншага, ім паведамілі, што сцягоў не мусіць быць на журналах, а таксама «каралёў са сцягамі на плакатах і стэндах».

— Пастаўленая задача цалкам адысці ў афармленні ад дзяржаўнай сімволікі, згадак службовых асобаў, манархаў Вялікабрытаніі, партрэтаў прэзідэнтаў ЗША і да таго падобнага, — цытуе «Учительская» кіраўніка адной з навучальных установаў. — Падача мусіць быць наступная: англійская і нямецкая мовы — мовы міжнародных зносін, а не Біг-Бэн ці ўзаемасувязь з брытанскім сцягам.

«Было не тое што ўказанне, а рэкамендацыя дадаць чагосьці беларускага нават у кабінеты англійскай»

Каб зразумець, што адбываецца, журналістка як маці аднаго з вучняў патэлефанавала чыноўнікам ад адукацыі. У прыёмным пакоі ўпраўлення па адукацыі Фрунзенскага раёна Мінска пытанню пра тое, навошта прыбіраць з кабінетаў замежнай мовы сцягі Вялікабрытаніі і Канады, здзівіліся і парэкамендавалі ўдакладняць гэтую сітуацыю ў дырэктара школы.

Ва ўпраўленні па адукацыі Першамайскага раёна адказалі наступнае:

— Хай бы вы пацікавіліся ў настаўніка англійскай, якая дала вам такую інфармацыю. Лічу, мусіць быць разуменне на ўзроўні выкладчыка, які данёс вам гэтую інфармацыю. Ведаю, было не тое што ўказанне, а рэкамендацыя, каб дадалі чагосьці беларускага нават у кабінеты англійскай мовы. Бо калі вы прыедзеце ў Вялікабрытанію, вы, на жаль, не ўбачыце там беларускага сцяга.

— Гэта ж не яны беларускую вучаць, а мы англійскую.

— Няважна, што вучаць. Гэта ж проста вучоба, не пастаяннае дзеянне, а ўкараненне ў навучальны працэс англійскай мовы.

Супрацоўніца ўпраўлення адукацыі адміністрацыі Ленінскага раёна Брэста расказала, што ў Міністэрстве адукацыі праходзіла «калегія ці нарада», на якой акцэнтавалі ўвагу на нейтральным афармленні стэндаў. Падрабязнасцяў сустрэчы гэтая спецыялістка не ведала. Паводле яе слоў, ніякіх нарматыўных дакументаў, дзе было напісана пра забарону замежных сцягоў, яна не сустракала.

— Ведаю, што пры наведванні міністрам адной са школ быў стэнд з выявай сцягоў і была зробленая заўвага, — расказала суразмоўніца і патлумачыла, як цяпер мусяць выглядаць стэнды. — Калі вы нешта робіце, то інфармацыю можаце выстаўляць такую, як вам падабаецца. Пры гэтым каб не было на адным стэндзе нагрувашчання ўсіх сцягоў.

— Але на геаграфіі дзеці вывучаюць тыя ж сцягі.

— Я разумею, але вы спыталі менавіта пра стэнд. У той жа час, калі вы на ўроку расказваеце пра сцяг, можаце яго прынесці і паказаць. Не проста можаце, а і мусіце гэта зрабіць. Як можна вучыць англійскую мову, не ведаючы сцяг Вялікабрытаніі? Але больш заклікаюць, каб на стэндах не было шмат усяго ярка-стацыянарнага.