Дзе ў Мінску і буйных гарадах вучаць па-беларуску? Спіс устаноў
У спісе навучальныя ўстановы, якія сёлета набіраюць класы з беларускай моваю навучання. Пералік прыводзіць «Наша Ніва».
Мінск
У гімназіі № 4 (Фрунзенскі раён, вуліца Кунцаўшчына, 18) плануюць набраць 96 першакласнікаў. Колькі з іх будзе вучыцца па-беларуску, вызначыцца пазней. У гімназіі з беларускай моваю паглыблена вывучаецца англійская, а таксама даюцца веды ў галіне інфармацыйных тэхналогіяў, музычнага мастацтва.
У гімназіі № 9 (Першамайскі раён, вуліца Сядых, 10) набіраюць два беларускія класы з 48 вучнямі. Беларускамоўнае навучанне сумяшчаецца з паглыбленым вывучэннем англійскай мовы і польскай факультатыўна. Тут вучаць прадметам музычнага цыкла.
Гімназія № 14 (Заводскі раён, вуліца Васняцова, 10) штогод набірае беларускамоўныя класы. Сёлета не выключэнне, сказалі ў гімназіі. Пакуль, аднак, не вызначана, колькі першакласнікаў будзе вучыцца ў гімназіі па-беларуску.
Разам з беларускамоўным навучаннем у гімназіі даюць паглыбленыя веды па замежных мовах. Выкладаюцца таксама спецкурсы па міфалогіі, псіхалогіі, асновах эканамічных ведаў, журналістыцы.
У беларускамоўнай гімназіі № 23 (Савецкі раён, праспект Незалежнасці, 45) плануюць набраць два першыя класы. Плануецца, што ў іх будуць вучыцца 52 вучні. У гімназіі выкладаюцца англійская, кітайская, польская мовы.
У гімназіі № 28 (Ленінскі раён, вуліца Ракасоўскага, 93) навучанне цалкам беларускамоўнае. Сёлета, як і ў папярэднія гады, не абыдуцца без беларускіх класаў.
Колькасць першакласнікаў пакуль невядомая. У даважку да беларускай мовы дзяцей паглыблена вучаць французскай і англійскай мове.
У школе № 60 (Маскоўскі раён, вуліца Лібкнехта, 82) сёлета набіраюць адзін клас з беларускай моваю навучання.
Адзін беларускамоўны клас з'явіцца ў 72-й мінскай школе (Партызанскі раён, вуліца Халмагорская, 59).
Пачатковая школа № 112 (вуліца Убарэвіча, 142 — Заводскі раён) таксама набірае адзін беларускамоўны клас.
Магілёў
1 клас з беларускай мовай навучання набіраюць у школе № 1.
У ёй ужо ёсць тры беларускамоўныя класы з невялікай колькасцю вучняў. Калі ў бацькоў з'явіцца жаданне аддаць туды сваіх дзяцей, то праблемаў з гэтым не ўзнікне. Школа № 1 у цэнтры горада, на вуліцы Першамайскай, 24.
У мясцовай школе № 34 прымуць новых вучняў у існуючыя беларускамоўныя 2, 4, 6 і 8 класы.
Набіраць першакласнікаў сёлета тут не плануюць.
Школа знаходзіцца ў Задняпроўі на вуліцы Габраўская, 16.
Дзве згаданыя школы чаргуюцца ў наборы першакласнікаў. Год адна, затым год другая.
Гродна
У Гродне беларускамоўных першакласнікаў чакаюць у мясцовай школе № 32, якая месціцца на вуліцы Ліможа, 11.
«Традыцыя захавалася дагэтуль», — сказалі ў школе пра беларускамоўнае навучанне.
Пакуль у клас запісалася 5 вучняў.
Клас з беларускай моваю навучання набіраюць таксама ў 34-й школе. Яе адрас: Індурская шаша, 14.
Пакуль вучыцца па-беларуску ў гэты клас бацькі аддалі траіх дзетак.
У Гродне беларускамоўныя класы набіраюць цягам апошніх 10 гадоў.
Гомель
У Гомелі беларускамоўных першакласнікаў чакаюць у гімназіі № 36 імя Івана Мележа.
Цяпер у клас набіраюць дзяцей, якія прапісаныя па адрасах, замацаваных за навучальнай установай. Дзяцей з іншых раёнаў запішуць у яго, калі застануцца вольныя месцы. Бацькі такіх першакласнікаў мусяць пазначыць у заяве, што яны просяць разглядзець магчымае залічэнне.
Трапіць у беларускамоўны клас лягчэй, чым у рускамоўны, кажуць у гімназіі.
Брэст
У Брэсце на беларускай мове вучаць з 1 да 4 класа ў гімназіі № 3.
З 5 класа пачынаецца рускамоўная школа, сказалі ў адміністрацыі Ленінскага раёна горада.
Запісаць дзяцей у гімназію можна толькі пры наяўнасці вакантных месцаў, бо першакласнікаў набіраюць па тэрытарыяльным прынцыпе.
Бацькам, якія хочуць вучыць дзяцей па-беларуску, варта звяртацца да адміністрацыяў школ і гімназіяў. Неабходна праглядаць абвесткі на сайтах навучальных устаноў і раённых аддзелаў адукацыі.
Заявы на залічэнне ў школы прымаюцца да 15 жніўня. Іх
маюць разгледзець да 28 жніўня. Як правіла, у беларускамоўныя класы вучняў
бяруць на працягу года.