«Жанчына — гэта шыя». Улады зноў заклікалі беларусак нараджаць
«Кар'еру можна паспець зрабіць, а вось добрую і моцную сям'ю, дзетак можна ўжо і не паспець своечасова завесці», — заявіла член камісіі Савета Рэспублікі па эканоміцы, бюджэце і фінансах Алена Зяблікава ў эфіры дзяржтэлеканала СТВ.
Яна заклікала беларусак нараджаць раней і больш.
«Я згодна са старадаўняй прыказкай: жанчына — гэта шыя. Куды яна паверне, так і будзе. Таму жанчына павінна пралічыць любую сітуацыю. Яна павінна быць разумнай, мудрай і своечасова накіраваць свайго мужчыну для таго, каб у сям'і быў лад, мір, спакой», — перадае яе словы «Люстэрка».
Яна занепакоеная тым, што беларускі хочуць пабудаваць кар'еру, а ўжо потым займацца стварэннем сям'і.
«Але я тут магу прывесці вельмі шмат і станоўчых прыкладаў. Сярод майго кола зносін ёсць вельмі шмат маладых людзей, якія маюць у 30 гадоў, да прыкладу, ужо траіх, думаюць пра чацвёртае дзіця. Шмат у нас цяпер маладых людзей, якія задумваюцца пра тое, што добрая сям'я, вялікая сям'я — гэта вельмі добра… Да ўсяго можна прывыкнуць, але тую радасць, якую дораць дзеці, тыя ўзаемаадносіны, якія яны прыносяць у сям'ю, напэўна, не заменіць ніякая кар'ера ў нашым жыцці. А кар'еру можна паспець зрабіць, а вось добрую і моцную сям'ю, дзетак можна ўжо і не паспець своечасова завесці», — упэўненая Зяблікава.
Яна заявіла, што ў Беларусі дзейнічае шмат ільгот для падтрымкі сем'яў з дзецьмі.
«Таму толькі нараджайце і рабіце мацней і сваю сям'ю, і нашу краіну. Бо гэта вялікая радасць і шчасце — мець свой працяг у дзецях», — падсумавала яна.
Нагадаем, за 2022 год колькасць дзяцей у Беларусі знізілася амаль на 20 тысяч. Нараджальнасць у нашай краіне зніжаецца на працягу шасці гадоў. У 2020 годзе Белстат перастаў публікаваць даныя аб нараджальнасці.
Па падліках, якія праводзіла «Люстэрка» сумесна з эканамістамі, у 2020-м у краіне нарадзілася амаль 84 тысячы дзяцей, у 2021-м — каля 79,4 тысячы. Мяркуючы па скарачэнні колькасці непаўналетніх у мінулым годзе на 19 953 чалавекі, можна казаць, што скарачэнне нараджальнасці працягваецца.