Шэсць парад, як падтрымаць маму малыша ў першы год яго жыцця

Першыя гады (ды што хаваць, і ўсе астатнія) звычайна вельмі цяжкія і энергазатратныя для мам малышоў. Як іх падтрымаць і пры гэтым не пакрыўдзіць? Склалі для вас спіс парад, як паводзіць сябе з наваспечанай мамай, каб палегчыць ёй жыццё, прынесці пазітыўныя эмоцыі і захаваць камунікацыю.

_horad___ljudzi___maci__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas_logo_1_logo.jpg

1. Падарунак для мамы дзіцёнка

Часта пасля нараджэння дзіцёнка блізкія пачынаюць завальваць бацькоў падарункамі для дзяцей, забываючы пра маму, якая прайшла праз роды і выпрабаванне беларускай радзільняй. А забываць не варта. Жанчыне, якая нядаўна стала мамай, можна падарыць: прыгожую піжаму, пахучае мыла, мілыя талеркі, – тое, што будзе атачаць яе дома і прыносіць радасць. 

Мяне вельмі падтрымаў падарунак ад блізкай сяброўкі, якая прэзентавала мне піжаму крутога брэнда. Па-першае, яна вытрымала ўсе вадкія дзіцячыя “сюрпрызы” і бясконцыя пранні. Па-другое, калі я глядзела ў люстэрка і бачыла апухшы твар, сінякі пад вачыма і гняздо на галаве, мне станавілася крыху лепей, бо яшчэ я бачыла прыгожую зялёную піжаму ад Women’secret. Якая, дарэчы, цудоўна адцяняла сінякі.

 2. Прапануйце прагулку з вазком

Дамоўцеся ў зручны дзень пад’ехаць на раён да маладой мамы, каб разам наразаць колы вакол дома, альбо прагуляцца ў бліжэйшы парк. Можна нават папрасіць пакатаць вазок, большасць мам з радасцю аддадуць яго на шпацыры, каб успомніць адчуванне свабодных рук падчас прагулкі. 

3. Падарунак для малыша

Калі вы ўжо падарылі штосьці наваспечанай маме, можна пераходзіць да падарункаў малышу. Лепш папярэдне запытаць, што патрэбна, каб не падарыць тое, што ўжо ёсць, ці чым бацькі не плануюць карыстацца. Ідэальны варыянт – калі вам дашлюць спасылку на канкрэтны тавар і менавіта яго вы і купіце. 

img_1440609498654_v_logo.jpg

Так я замаўляла ў сяброў і сваякоў фітбол, грызункі і некаторыя цацкі. Па выніку былі задаволены ўсе – і блізкія, што паўдзельнічалі ў жыцці малыша, і я, што падарылі тое, што рэальна патрэбна, і канешне, малыш. Хаця наконт апошняга недакладна.

4. Прывязіце гатовай ежы

У першы год жыцця дзіцёнка звычайнае прыгатаванне ежы можа стаць катаваннем для бацькоў. Прывязіце маме малыша штосьці простае з ежы, што прыгатавалі самі ці замовілі ў дастаўцы: бульбяное пюрэ, катлеты, суп, салат з гародніны, блінчыкі. Калі вы ведаеце густы чалавека, то можна штосьці больш незвычайнае. Не забудзьце перапытацца пра алергіі.

Я памятаю тыя райскія дні, калі ў госці прыязджала мама і прывозіла сумку ежы, я не гатавала два-тры дні і мела больш часу паспаць і адпачыць. А яшчэ ў памяці захаваўся момант, калі сяброўка прывезла неверагодныя пірожныя з кандытарскай, тады мне здавалася, што ў сваім жыцці я не ела нічога смачней.

5. Прапануйце і арганізуйце фотасесію

Часта першы год жыцця малыша для мамы праходзіць як у тумане. Добра, што ў сучасных тэлефонах ёсць камеры, і можна захоўваць цікавыя моманты на фота і відэа хоць кожны дзень. Але хочацца фотакартак у добрай якасці, а яшчэ лепш – адразу альбом. Прапануйце маме малыша такую ідэю, знайдзіце некалькі фатографаў на выбар, дашліце іх профілі ў Інстаграм, дапамажыце з выбарам і арэндай студыі. А можна гэты пункт аб’яднаць з першым пунктам – і падарыць фотасесію.

family_457235_1280.jpg

Я шкадую, што ў першы год у мяне не хапіла сіл на арганізацыю прафесійнай фотасесіі для малыша і ўсё сям’і. І першыя фота былі зроблены на звычайны тэлефон. Але ў 1,5 года малыша мы гэта навярсталі і зрабілі класны фотасэт, дзе было ўсё: фотка на далоньцы, кадр, дзе мы бяжым за дзіцём, каб ён не зваліўся ў раку, і маё любімае непастановачнае — малыш есць пясок.

6. Размаўляйце з мамай малыша, выслухайце яе

Бадай, самая важная парада для тых, у чыім атачэнні ёсць маладыя мамы. Жанчыны пасля родаў часта адчуваюць адзіноту, у некаторых бывае пасляродавая дэпрэсія. Важна быць на сувязі, запытваць пра самаадчуванне і прапаноўваць дапамогу. Бывае, што вам адкажуць праз дзень-другі, ці вы атрымаеце галасавыя на 10 хвілін пра колікі і газікі, але цяпер гэта рэчаіснасць, будзе далікатнымі і майце цярпенне. Не крытыкуйце, мякка і акуратна прапаноўвайце, жанчыны могуць вельмі ранімымі, улічваючы ўсе псіхалагічныя акалічнасці дэкрэта і змены ў гармонах.

Я ўдзячная сваім сябрам і сваякам, што пастаянна былі са мной на сувязі, я не згубіла сяброў, нягледзячы на тое, што мой рытм і лад жыцця кардынальна памяняўся. Я ўдзячная ім за тактычнасць і падтрымку. Яны вытрымалі ўсе мае расповеды пра масажыкі, сліняўчыкі і вараныя брокалі. 

А сябры, у якіх таксама ёсць дзеці, сталі яшчэ бліжэй, бо мы на адной хвалі: вечна хочам спаць, тлумачым па 100 разоў адное і тое ж, забываем назвы простых рэчаў і ўвесь час складаем розныя спісы, каб нічога не забыць. Напрыклад, як вось гэты.