У ЗША абвясцілі лаўрэатак міжнароднай прэміі «Жанчыны мужнасці». Сярод іх — Вольга Гарбунова
У Злучаных Штатах Амерыкі абвясцілі лаўрэатак прэстыжнай праваабарончай прэміі. Сярод іх аказалася і беларуска.
У панядзелак, 4 сакавіка, у 11:30 дзяржаўны сакратар ЗША Энтані Блінкен і першая лэдзі Джыл Байдэн правядуць штогадовую міжнародную цырымонію ўзнагароджання «Жанчыны мужнасці» (IWOC) у Белым доме.
Цырымонія будзе транслявацца ў жывым эфіры на whitehouse.gov/live і www.state.gov.
Вось ужо 18-ты год запар прэмія IWOC прысуджаецца жанчынам з усяго свету, якія прадэманстравалі выключную мужнасць, сілу і лідарства ў адстойванні міру, справядлівасці, правоў чалавека, гендарнай роўнасці і пашырэння правоў і магчымасцей жанчын і дзяўчынак ва ўсёй іх разнастайнасці — часта з вялікімі стратамі, асабістай рызыкай і самаахвяраваннем. З сакавіка 2007 года Дзяржаўны дэпартамент узнагародзіў прэміяй IWOC больш за 190 жанчын з 90 краін. ЗША і дыпламатычныя прадстаўніцтвы за мяжой вылучаюць кандыдатуру адной адважнай жанчыны з адпаведных краін, а фіналісткі адбіраюцца і зацвярджаюцца высокапастаўленымі службовымі асобамі дэпартамента.
Пасля цырымоніі IWOC лаўрэаткі прымуць удзел у вочнай міжнароднай праграме лідарства (IVLP) і дадатковых праграмах у Лос-Анджэлесе, падчас якіх яны абмяркуюць з амерыканскімі калегамі стратэгіі і ідэі па пашырэнні правоў і магчымасцей жанчын і дзяўчынак па ўсім свеце. Лаўрэаткамі сёлетняй прэміі сталі жанчыны з Афганістана, Бангладэш, Бірмы, Кубы, Эквадора, Босніі і Герцагавіны, Ірана, Японіі, Марока, Уганды і Гамбіі. Ад Беларусі прэмію «Жанчыны мужнасці» атрымала Вольга Гарбунова.
Вольга Гарбунова — беларуская праваабаронца, якая прысвяціла сваё жыццё абароне правоў жанчын, дзяцей, супольнасці ЛГБТКІ+ і іншых маргіналізаваных груп у Беларусі. Пасля фальсіфікацыі выбараў 2020 года ў Беларусі яна была зняволеная рэжымам Лукашэнкі за арганізацыю жаночых маршаў і, знаходзячыся ў турме, падвяргалася псіхалагічным катаванням з боку ўладаў і пагрозам забойства за дапамогу жанчынам, якія зазналі гвалт. Пасля вызвалення Вольга пакінула Беларусь, баючыся рэпрэсій, якія працягваюцца па сённяшні дзень, і ў выгнанні ў Літве ўвайшла ў Аб'яднаны пераходны кабінет як прадстаўніца па сацыяльнай палітыцы.
Яе мандат уключае ў сябе працу над вызваленнем палітвязняў, аказанне падтрымкі былым палітвязням і іх сем'ям, а таксама садзейнічанне псіхасацыяльнай падтрымцы беларусам і беларускам у выгнанні. Як былая кіраўніца грамадскай арганізацыі "Радзіслава", што ў рэшце рэшт была ліквідаваная рэжымам Лукашэнкі, Вольга Гарбунова была актывісткай-першапраходцам у падтрымцы ахвяр хатняга гвалту і на працягу дваццаці гадоў кіравала адзіным прытулкам для дзяцей і жанчын у Беларусі.
Лаўрэаткамі гэтай прэміі былі таксама беларускі Наста Дашкевіч (у 2011 годзе) і Марыя Калеснікава (у 2021 годзе).