Міхаіл Жамчужны: «Бутэлькай з вадою следчы выбіў мне зубы»

23-24 студзеня па ўсёй Беларусі адбыўся масавы рэйд сілавікоў на сем’і палітвязняў, былых палітвязняў і тым, хто дапамагаў ім. Допыты, ператрусы і затрыманні закранулі не менш за 287 чалавек. Былы палітвязень Міхаіл Жамчужны таксама дапамагаў палітвязням, таму сілавікі прыйшлі і да яго.

Міхаіл Жамчужны. Фота: Naviny.by


Міхаіл Жамчужны. Фота: Naviny.by

Адной з прычынаў рэйду стала дапамога сем’ям палітвязняў ад некалькіх ініцыятываў, у тым ліку і ад «INeedHelpBY», якую ўлады прызналі «экстрэмісцкім фармаваннем».

Пад гэты пераслед патрапіў і былы палітвязень Міхаіл Жамчужны, які таксама дапамагаў палітвязням. Яго затрымалі па падазрэнні ў супрацы з ініцыятывай па дапамозе палітзняволеным «Dissidentby».

Міхаіл Жамчужны распавёў «Вясне», як яго затрымлівалі за праяву салідарнасці, як падчас допыту ў КДБ яму выбілі зубы, а пасля ягонай заявы аднаго з супрацоўнікаў пазбавілі прэміі. Міхаіл таксама падзяліўся парадамі, як не патрапіць пад паўторнае затрыманне.  

Затрыманне за салідарнасць

Міхаіла Жамчужнага затрымалі 23 студзеня 2024 года ў межах крымінальнай справы за «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці» (ч. 2 арт. 361-4 КК). Яму ставілі ў віну тое, што ён нібыта супрацоўнічае з ініцыятывай па дапамозе палітвязням «Dissidentby», якая была прызнаная 29 лістапада 2023 года «экстрэмісцкім фармаваннем».

Міхаіл кажа, што сапраўды падтрымліваў двух палітзняволеных. За гэтую дапамогу да яго прыйшлі сілавікі.

«Я ім дасылаў перадачы і грашовыя пераводы. Іх малой дачцэ купляў памперсы. Маці палітвязня з інваліднасцю другой групы дапамагаў па гаспадарцы».

Вечарам у дзень затрымання Міхаілу некалькі разоў патэлефанавалі з незнаёмых нумароў.

«На незнаёмыя нумары я не адказваю, бо з іх мне могуць тэлефанаваць толькі супрацоўнікі спецслужбаў. Калі атрымаў серыю званкоў зразумеў, што зараз пачнуцца праблемы, і пачаў знішчаць уразлівую інфармацыю», – кажа мужчына.

Неўзабаве ў кватэру да Міхаіла пачалі спачатку настойліва званіць, а пасля моцна грукаць і пагражаць выламаць дзверы. Мужчына адкрыў сілавікам і ўбачыў некалькіх «касманаўтаў» у абмундзіраванні і са шчытамі. Далей быў вобшук, які праводзілі супрацоўнікі КДБ. Сілавікі доўга не маглі знайсці панятых. Бо ўсе суседзі Міхаіла адмовіліся ад гэтай працэдуры. У выніку ў якасці панятых запрасілі студэнтак юрфака, кажа суразмоўца. 

«Перагарнулі ўсе рэчы, мэблю. Спрабавалі нават узламваць сцены. Але нічога ўразлівага яны не знайшлі. У мяне было «паўвядра» розных тэлефонаў, падрыхтаваных спецыяльна, каб заблытаць міліцыю. Я іх адмыслова расклаў па ўсёй кватэры».

Падчас вобшука сілавікі вынялі ў Міхаіла 800 даляраў ЗША, якія той захоўваў на выпадак непрадбачных абставінаў.

Глядзіце таксама

«Бутэлькай з вадою следчы выбіў мне зубы»

Пасля ператрусу мужчыну павезлі на допыт у КДБ, дзе яго збілі і выбілі пярэднія зубы. Адзін са следчых ударыў Міхаіла пластыкавай бутэлькай з вадою па сківіцы і выбіў зубы, распавядае былы палітвязень.

«Падчас допыту я стаяў тварам да сцяны. Зайшоў следчы з суседняга кабінета. Ён пагаварыў са мною, спытаў, чаму я не размаўляю «на роднай мове». Спрабаваў запужваць і шантажаваць. А затым падышоў ззаду, моцна ўдарыў мяне па ніжняй сківіцы бутэлькай і выбіў керамічны мост. Пазней я спрабаваў яго рамантаваць, але не паспеў. Праз небяспеку трэба было тэрмінова з’язджаць з Беларусі». 

«Заяву пісаў на папяровым ручніку»

Міхаіл адразу склаў заяву на імя начальніка аддзялення КДБ аб тым, што ў дачыненні да яго прымяняюць катаванні. Яму адмовіліся выдаць паперу, таму мужчына напісаў яе на папяровым ручніку, які ён заўсёды носіць з сабой ў “трывожнай валізцы”.

«Следчы адразу зарэгістраваў маю заяву. Праз гадзіну з размовы паміж двума следчымі я пачуў, што начальнік КДБ зняў квартальную прэмію са следчага маёра Бакава І. Е. Гэта той следчы, які вёў у мяне допыт. Яго пакаралі за тое, што падчас допыту дапусціў у памяшканне чужога чалавека. Ці пакаралі таго следчага, які мяне ўдарыў, я не ведаю».

«Ведаю, як паводзіць сябе са спецслужбамі»

Але заява Міхаіла паўздзейнічала на супрацоўнікаў КДБ. Да мужчыны перасталі прымяняць катаванні, яго пасадзілі ў крэсла і далей допыт працягваўся ў спакойным рэжыме.

«Я вам скажу, што маю вялікі досвед дачыненняў са спецслужбамі. Таму ведаю, як з імі сябе паводзіць і абараняць свае правы. Падчас зняволення я адправіў на пенсію начальніка калоніі № 9 палкоўніка Лапатка. А ў СІЗА № 2 з дапамогай заяваў у пракуратуру прымусіў адміністрацыю зняць з пасады намесніка начальніка СІЗА па выхаваўчай працы падпалкоўніка Авечкіна. Я не дарую ім у дачыненні да сябе ніякіх незаконных дзеянняў».

Мужчыну не азнаёмілі з пратаколам допыту. Следчыя КДБ яму сказалі, што ён нібы адмовіўся ад подпісу. Яны паклікалі траіх іншых калегаў і падпісалі пратакол замест Міхаіла.

Пасля гэтага допыту Міхаіла павезлі ў Следчы камітэт, дзе яго зноў дапытвалі. Старшы следчы Яроміч А. А. падпісаў пастанову аб затрыманні, і суразмоўцу накіравалі ў ІЧУ Віцебска, дзе ён агулам прабыў два разы па 72 гадзіны.

У ізалятары мужчына спаў на жалезным ложку без матраса, ноччу яго будзілі для праверкі, цёплых рэчаў не выдавалі.

«У выніку мяне з рэчамі вывелі з ізалятара, не даўшы на подпіс ніякіх дакументаў. Я не ведаў, ці мне дазволены выезд з краіны, ці спынілі крымінальную справу. Толькі ўручылі квітанцыю аб аплаце паслуг, але сказалі не аплочваць да рашэння суда».


Глядзіце таксама

«Пакідаў тэлефон на пустыры, каб заблытаць міліцыянтаў»

Міхаіл выйшаў з ізалятара 29 студзеня і не заходзячы ў сваю кватэру стаў “на нелегальнае палажэнне” – адключыў сім-карты і жыў у сяброў.

«Але адзін тэлефон я пакінуў з уключанай сім-картай і адмыслова пакідаў яго на пустыры, каб міліцыя збілася са следу, шукаючы мяне па месцазнаходжанні мабільнага тэлефона. Вечарам я яго забіраў падзарадзіць, і на наступны дзень пакідаў у іншым месцы».

Суразмоўца кажа, што яго пільна высочвалі. Ён штодзень мяняў кватэры і такім чынам хаваўся ад пераследу да 10 лютага. Міхаіл вырашыў з’язджаць з Беларусі праз Расію у Грузію. Але, як ён кажа, выезд з Расіі быў забаронены. У выніку Міхаіл іншым шляхам з’ехаў у Літву.