Краіна вымушаных герояў

Калі ты жывеш у Беларусі і спрабуеш нешта рабіць на яе карысць, вельмі часта замест падтрымкі рызыкуеш атрымаць кпіны і непрыемныя эпітэты ад тых, хто дакладна ведае, што і як трэба рабіць.

Фота Арцёма Лявы

Фота Арцёма Лявы

Ёсць такое азначэнне, што крытык — гэта той чалавек, які тлумачыць, як зрабіў бы ён, калі б умеў гэта рабіць.

Але ёсць людзі, якія не надта ведаюць, як трэба, аднак ідуць і робяць, бо адчуваюць, што мусяць. Таму што так ім падказвае сумленне. І, бывае, гэта неверагодным чынам спрацоўвае і дае плён — без усялякіх папярэдніх стратэгій і планаванняў.

Не, я не кажу, што план дзеянняў не патрэбны. Пісьменна распрацаваны план — ужо палова поспеху справы. Але ў жыцці бываюць сітуацыі, калі нешта спланаваць ці прадугледзець проста немагчыма. Ну хіба ж планавалі ўкраінцы, што суседняя дзяржава ўварвецца на іх тэрыторыю і адбярэ кавалак зямлі? У гэтым выпадку на планаванне папросту не было часу, трэба было неадкладна дзейнічаць — уставаць на абарону краіны. І паўстаў такі патрыятычны ўздым, які і да сёння дазваляе ўкраінцам супрацьстаяць нападнікам. Іншая справа, што вельмі хутка ў гэтае супрацьстаянне сталі ўключацца палітыкі і пачалі весці свае, ужо спланаваныя, гульні.

Альбо, вяртаючыся да нас, ці магчыма было прадказаць, што ўласнікі рэстарацыі «Поедем поедим», а разам з імі і ўлады, так радыкальна і так цынічна будуць дзейнічаць на тэрыторыі мемарыялу Курапаты?

Любыя выклікі спараджаюць сваіх герояў. І, напрыклад, для мяне ў сучасных беларускіх рэаліях героі — гэта не тыя прыгожыя і паспяховыя людзі, якія вучаць, як трэба жыць, і чые імёны не сыходзяць са стужак навінаў. Пра сапраўдных герояў сродкі масавай інфармацыі — не заўсёды, але часцяком, — не ўзгадваюць.

kurapaty_hadavina_varty_dzijana_seradzjuk__6__logo_1.jpg

Як, напрыклад, пра ўдзельнікаў Курапацкай варты, якія ўжо амаль 1,5 года бесперапынна псуюць жыццё гора-бізнесоўцам, чые імёны вядомыя, але якія якраз і не хочацца лішні раз узгадваць. А вось што да імёнаў актывістаў Варты, якіх не больш за пару дзясяткаў, — ці вы ведаеце іх усе? А між тым менавіта гэтыя людзі ў любое надвор’е выходзяць і супрацьстаяць бруду і грубасці, якія сыплюцца на іх ад наведвальнікаў рэстарацыі (а часам ім даводзіцца «адграбаць» ад сваіх жа «канапных экспертаў»). Хоць, упэўненая, яны маглі б бавіць час больш прыемна і карысна для сябе, як большасць з нас. Скажу шчыра: мне цяжка прыходзіць на Варту, бо робіцца фізічна кепска ад таго, што даводзіцца там бачыць і чуць. А абаронцы Курапатаў трымаюць гэты ўдар увесь час.

Для мяне герой і Дзіма Паліенка, які адкрыта выказаў свой пратэст сістэме і яе несправядлівасці, парэзаўшы сабе руку наўпрост у зале суда. Так, спосаб радыкальны, але што яшчэ застаецца чалавеку, у якога забіраюць свабоду і якому больш няма чаго губляць?

А яго паплечнікі, якія пастаянна вырываюць нас з нашых утульных стужачак у сацсетках, дзе гульня ў выбары змяняе спрэчкі пра перанос костак (бясспрэчна, героя Каліноўскага), ладзячы дзёрзкія акцыі салідарнасці? Толькі ўдумайцеся: гэтыя каля дзясятка чалавек маглі б сабе спакойна займацца сваімі справамі і не лезці на ражон. Але яны не могуць спакойна жыць, ведаючы, што іх сябра прэсуюць у ізалятары. І, насуперак усяму, рэзананс, які яны ствараюць, дзейнічае! У сучаснай Беларусі не каштуе амаль ніякіх высілкаў ізаляваць чалавека ў зняволенне, без шуму і пылу. А тут мала таго, што працэс зрабілі адкрытым, дык яшчэ і знялі тры крымінальныя артыкулы, паводле якіх абвінавачвалі Змітра. У выніку Паліенку прызналі вінаватым у асабліва злосным хуліганстве і прысудзілі яму тры гады хатняй «хіміі» з прымусовым лячэннем ад алкагалізму. 

Узгадаем яшчэ аднаго героя — палітвязня Міхаіла Жамчужнага, які адбывае пакаранне ў Горацкай калоніі. Колькі штрафных санкцый ён атрымаў за час зняволення, колькі правакацый перажыў — ужо і не злічыць. Але мала таго, што ён не зламаўся, дык ён умудраецца яшчэ рабіць навуковыя распрацоўкі!

Але так сталася, што героямі гэтыя людзі становяцца вымушана. І, насамрэч, іх, канешне, значна больш. Героі — настаўнікі, якія не фальсіфікуюць вынікі галасаванняў і якія не напіхваюць дзяцей штучнай ідэалогіяй, а вучаць думаць. Героі — тыя, хто змагаецца за чысціню наваколля ў сваім горадзе і краіне. Героі — тыя, хто выхоўвае сваіх дзяцей у любові і павазе да сваёй культуры і мовы. Тыя, хто адкрыта выступае супраць здачы незалежнасці. Тыя, хто не трывае хлусні і несправядлівасці.

Жыццё герояў несалодкае. «Доля героя — быць на крыжы», як спявае Лявон Вольскі. І ў час небяспекі гэтая доля можа напаткаць любога. Паглядзіце ў люстэрка: можа быць, адтуль на вас таксама глядзіць герой?