Курапаты — дарога жыцця

Мяне не адпускае перажыванне, навошта мы стаімо там, трэці год у Курапатах?

Фота Аліны Саўчанка

Фота Аліны Саўчанка

У мяне ўжо і натхнення няма змагацца за іх, і сілы даўно сышлі. І я іду на апошніх высілках і малюся: Божа, калі ўжо Ты ўсё гэта скончыш?! Бо так не хачу я кожную пятніцу ісці туды. Я хачу ўзяць сям'ю і, як кожны нармальны беларус, паехаць пасля працоўнага тыдня на лецішча. Але я іду і стаю. Што трымае мяне на гэтай Курапацкай дарозе? — задаю я пытанне сам сабе. І прыходжу да разумення: трымае мяне на гэтай дарозе ўпэўненасць у тым, што сёння ў Курапатах Творца гісторыі да чагосьці рыхтуе наш народ. Рыхтуе да таго, што мы недарабілі, калі выйшлі пасля 70-гадовага тэрміну з турмы народаў.

Тады, у канцы 80-х — пачатку 90-х было шмат зроблена, але не хапіла моцы на галоўнае — правесці дэкамунізацыю. Многія тады лічылі, што няма розніцы, як называюцца вуліцы і каму стаяць помнікі — абы дабрабыт быў. Што ж, прыйшоў той, хто паабяцаў дабрабыт пасродкам вяртання назад у турму. У Бібліі ёсць цікавая прыпавесць, якую Ісус прамаўляе сваім сучаснікам. Калі злы дух выйдзе з чалавека, то праз нейкі час вяртаецца, каб паглядзець на свой былы дом. І калі знаходзіць яго не занятым, то бярэ яшчэ сем злейшых за сябе духаў і пасяляецца ў былым доме наноў — і гэта другое горшае для чалавека за першае. І далей Хрыстос кажа галоўнае: тое ж самае будзе і з родам гэтым. І ў якой нармальнай краіне метафары такой можна было б і не зразумець, але ў Беларусі яна відавочная. Як нам не было справы да вуліц, помнікаў і ідэяў — прыйшоў яшчэ горшы за той згніўшы савок, які вярнуў не толькі "свята" 7 лістапада, а рэанімуе нават праклятае самой кампартыяй імя Сталіна.

Мы глядзім на ўсё гэта спакойна, а потым пытаемся: а чаму мы жывем так, як жывем? Ці не таму, што ў Беларусі не адбылося асэнсавання злачынстваў камунізму і пакаяння ў грахах гэтай крывавай ідэалогіі? Як вядома, на Нюрнбергскім трыбунале фашызм быў асуджаны як злачынная ідэалогія за 19 мільёнаў забітых ва ўсім свеце. Камуністы ж толькі ў сябе дома, толькі сваіх суграмадзянаў знішчылі 19,5 мільёнаў (В.В. Эрліхман, “Страты народанасельніцтва ў XX ст.”, даведнік. М., Выдавецтва “Руская панарама”, 2004).

У Германіі злачынствы нацызму асэнсавалі і ў іх пакаяліся, у Беларусі — не. Разбомбленая ўшчэнт Германія праз 75 гадоў — чацвёртая эканоміка свету, у Беларусі праз 25 гадоў вяртання ў Савецкі Саюз трактарамі выдзіраюць крыжы са змучанай Курапацкай зямлі.

Іх можна зразумець: ім нельга, каб мы памяталі. Таго ж дамагаліся камуністы: што яны толькі ні рабілі, каб мы страцілі памяць! Савецкі генацыд і этнацыд Беларусі не паддаецца дакладным ацэнкам. Камуністычная палітыка вынішчэння нацыянальнай эліты мела планамерны характар і рэалізоўвалася ў некалькі этапаў: 1929–1931, 1932–1934, 1937–1938, 1939–1941, 1944–1946 гадах. З 238 літаратараў эпоху Сталіна перажылі толькі 20 (!). Расстрэльвалі амаль усіх, хто меў якое-кольвечы дачыненне да беларускага нацыянальнага руху, асветы. Страцілі жыццё 90% работнікаў першай Акадэміі Навук, большасць выкладчыкаў БДУ. З 12 000 настаўнікаў расстраляныя 4000 і, як сцвярджае даследчык эпохі савецкага тэрору Леанід Маракоў, "стралялі пераважна толькі выкладчыкаў беларускай мовы і літаратуры, гісторыі. Настаўнікаў дакладных навук чамусьці не краналі". Толькі ў адну ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 года спецслужбы расстралялі 132 (!) прадстаўніка беларускае інтэлігенцыі — літаратараў, навукоўцаў, дзяржаўных дзеячаў. Такога злачынства не ведае гісторыя ніводнай еўрапейскай дзяржавы.

І яны мелі ўсе падставы быць перакананымі, што нас знішчылі, што Курапаты сталіся магілаю не толькі паэтам, а ўсёй Беларусі. Але Бог кажа людзям: Я маю для вас планы на дабро, а не на зло, на жыццё, а не на смерць. І вось магіла Беларусі, — якая адкрылася праз артыкул "Курапаты — дарога смерці", — абудзіла нацыю. Шмат было тады зроблена, але не былі мы гатовыя да галоўнага: Нюрнбергу над камунізмам. Усвядоміць неабходнасць гэтай дзеі трэба сёння. Цяпер толькі ад нас залежыць, застанёмся мы, абуджаныя, у гэтай магіле ці выйдзем вонкі.

29 кастрычніка а 20 гадзіне мы сустракаемся ў Курапатах, каб ушанаваць памяць нявінна забітых паэтаў і пісьменнікаў. Каб на надыходзячым гістарычным пераломе народ наш асэнсаваў злачынствы камунізму і пакаяўся ў іх. І тады Курапаты, дарога смерці, станецца для нас дарогай жыцця. Як калісьці дарога на Галгофу, дарога смерці, сталася для чалавецтва дарогай жыцця.

www.facebook.com