Перайшоў мяжу, каб пабачыцца з роднымі. Праз дзве гадзіны трапіў у чорны варанок

У нядзелю, 27 кастрычніка, у Кабыляках пад Оршай адкрылі і асвяцілі помнік палякам, якіх падчас сталінскага тэрору звозілі сюды на расстрэл з усёй Беларусі.

pa278062_logo.jpg

Тры турмы і ніводнага тэатра

Удзел ва ўшанаванні памяці забітых узялі нашчадкі рэпрэсаваных, прадстаўнікі Саюза палякаў у Беларусі, гісторыкі. Да працэсіі далучыўся і першы намеснік амбасадара Польшчы ў Беларусі Марцін Вайцяхоўскі.
Раніцай у касцёле святога Юзафа адбылася жалобная імша за спачын душ памерлых. Пасля служэння працэсія рушыла на месца сталінскіх расстрэлаў — Кабыляцкую гару.


Шлях туды пралягаў міма езуіцкага калегіюма. У свой час Орша была вядомая тым, што тут былі ажно тры турмы і ніводнага тэатра. Адна з самых страшных турмаў месцілася якраз у мурах калегіюма. Спачатку тут была царская вязніца, потым турма НКУС. У ёй вязні (сярод іх быў і бацька вядомага расійскага гумарыста Яфіма Шыфрына Залман Шыфрын, асуджаны як польскі шпіён) цярпелі невыносныя пакаранні, адсюль людзей адпраўлялі на Калыму, тут выносілі і прыводзілі ў выкананне смяротныя прысуды. Цяпер у калегіюме месціцца краязнаўчы музей, дзе няма экспазіцыі, прысвечанай тым страшным часам. Дарэчы, турма стаяла на самым пачатку вуліцы Леніна, што дало нагоду сумным жартачкам пра тое, што камунізм у горадзе пачынаецца са зняволення.

Аршанскі езуіцкі калегіюм — былая турма НКУС

Аршанскі езуіцкі калегіюм — былая турма НКУС

Ад лаяльнасці да генацыду

Летась мясцовыя актывісты дамагліся ад Аршанскага выканкаму ўсталявання на Кабыляцкім камні памятнай шыльды з надпісам «Месца памяці і смутку» на чатырох мовах: беларускай, рускай, ідыш і… англійскай. Хаця замест апошняй павінна была быць польская. Па-першае, менавіта гэтыя чатыры мовы разам з польскай былі дзяржаўнымі ў 1920 – 1930-я гады ў БССР. Па-другое, колькасць расстраляных палякаў, паводле вядомых звестак, была значна большая, чым яўрэяў і рускіх. Але выканкам гэтыя факты, як і патрабаванні нашчадкаў расстраляных, праігнараваў ды замяніў польскую мову на англійскую, хаця сярод рэпрэсаваных у 1937 – 1938 гадах не было ніводнага англічаніна.
Паводле даследаванняў спіса расстраляных у Оршы, з 1750 чалавек каля 1140 склалі беларусы, палякі былі другой па велічыні нацыянальнай групай — звыш 500 чалавек (29%). Але калі Аршанскі выканкам не пажадаў лічыцца з гісторыяй, грамадскасць узяла справу ў свае рукі, і ў Кабыляках з’явіўся асобны помнік забітым падчас сталінскага тэрору палякам.

Новы помнік рэпрэсаваным палякам (справа)

Новы помнік рэпрэсаваным палякам (справа)


Даследчык савецкіх рэпрэсій 1920 – 1950-х гадоў Ігар Кузняцоў пацвярджае, што на тэрыторыі БССР у 1937 – 1938 гадах праводзіліся антыпольскія аперацыі. Пасля 1921 года, калі мяжа падзяліла Беларусь на Заходнюю і Усходнюю, было шмат выпадкаў, калі з тых ці іншых прычын палякі запісваліся беларусамі і наадварот.

Ігар Кузняцоў

Ігар Кузняцоў

Спачатку Саветы спрабавалі дамагчыся лаяльнасці палякаў, каб тыя прыязджалі ў СССР і тут працавалі. Ва Украіне і Беларусі ствараліся нават асобныя польскія раёны, дзе справаводства вялося па-польску, распавядае нашчадак рэпрэсаваных з Оршы, даследчык Ігар Станкевіч. Былі і польскія сельсаветы — продак Ігара Станкевіча Іван Станкевіч жыў у такой польскай вёсцы Сідараўка, што пад Талачынам.
Але для савецкай улады ўсе гэтыя захады аказаліся правальнымі. Палякі шанавалі сваё шляхецкае паходжанне, не хацелі ісці ў калгасы, затое ўпарта хадзілі ў касцёлы.
Такое становішча неўзабаве прывяло да антыпольскіх аперацый. Тых, на каго падала хоць дробка падазрэння пра датычнасць да Польшчы, абвяшчаліся ворагамі і падлягалі рэпрэсіям. І калі напачатку карныя органы глядзелі на ўказаную ў анкеце нацыянальнасць, потым вызначалі яе па прозвішчы, то ў хуткім часе ўжо і на гэта перасталі звяртаць увагу — проста абвінавачвалі ў шпіянажы на карысць Польшчы… Такім чынам, паводле звестак з расійскага архіву ФСБ, падчас польскіх аперацый было расстраляна 111 000 палякаў (80% ад усіх рэпрэсаваных гэтай нацыянальнасці). У БССР НКУС расстраляла 19 250 асоб польскай нацыянальнасці, пры гэтым сапраўдных палякаў сярод іх было прыкладна 11,5 тысячы, астатнія — беларусы, украінцы, яўрэі, рускія. Бо трэба было выконваць план па расстрэлах, і ахвяраў дабіралі, ужо не гледзячы на паходжанне…
Але і гэтыя лічбы не адпавядаюць рэчаіснасці, лічыць Ігар Кузняцоў. На яго думку, яны заніжаныя ўдвая. З міжнароднага пункту гледжання такія знішчэнні трапляюць пад азначэнне генацыду.

Кабылякі, Катынь, Курапаты — дзе знайшлі спачын польскія афіцэры?

Кабылякі адкрыліся раней за мінскія Курапаты. Гэта адбылося ў 1982 годзе, калі падчас пракладання чыгункі былі знойдзеныя чалавечыя парэшткі. Следства ўстанавіла, што гэта — рэха сталінскіх рэпрэсій.
У 1990 годзе пад ціскам грамадскасці выканкам усталяваў у Кабыляках першы памятны знак і мемарыяльную шыльду. Але пасля 1994 года ўлады пра гэтае месца забыліся, ім апекаваліся толькі неабыякавыя аршанцы.Сітуацыя змянілася зусім нядаўна, у 2017 годзе, калі Ігар Станкевіч прапанаваў сваякам рэпрэсаваных не чакаць падарункаў ад улады, а пачаць самастойна ствараць мемарыял, ставячы ў Кабыляках крыжы, помнікі, мацуючы памятныя шыльды. І за два гады расстрэльны лес пераўтварыўся ў месца памяці.
Ігар Станкевіч мае дзве версіі таго, чаму мясцовыя ўлады пазбягаюць згадак пра рэпрэсіі супраць палякаў на Аршаншчыне. Адна з іх звязаная з выказваннямі Лукашэнкі ў 2011 годзе аб тым, што ў Беларусі не быў расстраляны ніводзін паляк.

Ігар Станкевіч

Ігар Станкевіч

Другая версія звязаная з мясцовасцю Асінторф. Ёсць некалькі ўспамінаў пра польскіх ваеннапалонных у гэтых мясцінах. Здавалася б, адкуль? Ігар Станкевіч прыводзіць сведчанні старажылаў пра тое, што палонныя польскія афіцэры будавалі чыгунку ад Асінторфа да станцыі Асінаўка. Потым іх маглі расстраляць — у Катыні, у Оршы, у Мінску… Але дакладных звестак гісторыя пакуль што не дае.
Тым не менш гэта не замінае людзям ушаноўваць памяць забітых.
«Мы памятаем пра рэпрэсіі. У Польшчы часта кажуць, што той, хто памятае пра мінулае, мае перад сабой будучыню. Таму мы гэта робім. Кабылякі — гэта агульнае месца, дзе ляжаць ахвяры розных народнасцяў. Мы не падзяляем іх паводле нацыянальнасці, а молімся за ўсіх іх. Гэта сведчанне гістоыі і сведчанне будучыні. Мы нічога не можам з гэтым зрабіць, а толькі маліцца за ахвяраў і катаў. І мы можам памятаць, што гэта не мусіць больш паўтарыцца», — прамовіў Марцін Вайцяхоўскі, які ўсклаў вянок да Кабыляцкага камня.

Марцін Вайцяхоўскі (злева) ля Кабыляцкага камня

Марцін Вайцяхоўскі (злева) ля Кабыляцкага камня


Жывым — пакаянне, мёртвым — памяць

Новы памятны знак прысвечаны памяці палякаў, якіх звозілі сюды на смерць з усіх раёнаў Беларусі, пераважна памежных. Так, дзеда і двух братоў спадарыні Марыны Іосіфа, Уладзіміра і Івана Скарабагатых прывезлі ў Кабылякі з Дзяржынскага раёна і тут расстралялі, абвінаваціўшы ў шпіянажы на карысць Польшчы.

pa278071_logo.jpg

   «Пра тое, што дзеда расстралялі, я даведалася дзякуючы Таццяне Процька. Раней бабулі прыйшла папера, што ён загінуў у 1943 годзе ад цырозу печані», — распавяла жанчына.
Цяпер яна не толькі ўшаноўвае памяць сваіх забітых продкаў, а яшчэ і стараецца вяртаць імёны рэпрэсаваных літаратараў. Так, выдавецтва «Лімарыюс», дзе яна працуе, выдала двухтомнікі Ларысы Геніюш, Уладзіміра Дубоўкі і кнігу пра Алеся Дудара.
Надзея Іосіфаўна не памятае свайго бацьку Іосіфа Несцяровіча, калі яго забралі, ёй было 1,5 года. Праз два месяцы яго расстралялі як ворага народа.
«Калі яго забіралі, ён сказаў маме, што замест сябе пакідае ёй дачку. Цяжка жылі без бацькі. Калі б ён быў з намі, жыццё склалася б інакш», — гаворыць жанчына.

pa278074_logo.jpg

Спадар Вадзім прыехаў у Кабылякі з Мінска з партрэтам дзеда Франца Шаблоўскага.
«Яго забралі напачатку 1930-х, ён сядзеў у Горках. Перад расстрэлам ён нелегальна перайшоў мяжу з Польшчай, каб пабачыцца з роднымі. Ён крыху пабыў і пайшоў, а праз дзве гадзіны яго забраў чорны варанок. Родныя не ведалі, што з ім, і бабці параілі падаць заяву на аліменты, каб даведацца. Прыйшоў адказ, што яму далі 10 год без права перапіскі. Бабуля здагадалася, што ён не вернецца».

pa278077_logo.jpg

«Мой прадзед жыў у вёсцы Гайнаўка ў Лагойскім раёне. Ён меў трох дзяцей, адным з іх быў мой дзед, якому на момант арышту бацькі было чатыры гады. Арыштавалі яго ў жніўні 1937 года, а ўжо ў снежні расстралялі ў Оршы», — кажа праўнук Станіслава Кузьміцкага, які ў памяць аб продку прывёз у Кабылякі шыльду.

pa278079_logo.jpg

Ён і іншыя сваякі рэпрэсаваных замацавалі таблічкі на дрэвах, запалілі свечкі, паклалі кветкі. Ксёндз акрапіў святой вадой новы помнік. Такім чынам напярэдадні Дня памяці ахвяр савецкіх рэпрэсій і Дзядоў у Кабыляках з’явіліся чарговыя памяткі пра страшныя падзеі мінуўшчыны, з часу якіх прайшло ўжо больш як 80 гадоў. Але для справядлівасці няма азначэння «позна». Яно існуе толькі ў свеце жывых.