Максім Паршута:«Беларускае грамадства дастаткова гатовае да ідэй фемінізму». Інтэрв'ю з блогерам
Блогер і журналіст Максім Паршута распавядае пра свой шлях да фемінізму, спосабы выкаранення патрыярхату і хейт крытыкаў.
Прызнаюся: калі я ўбачыла, што ў беларускай медыяпрасторы з'явіўся мужчына, які распавядае пра фемінізм, у мяне было скептычнае стаўленне да гэтай з'явы. Усё гэта выглядала як добра прадуманая стратэгія: чаканы хайп, увага і публічнае абмеркаванне з такой тэмай будуць забяспечаны. А затым я стала заўважаць шмат каментароў пра тое, чаму ён усё робіць «няправільна», яшчэ больш — «як гэта крута», і традыцыйныя воклічы «што з ім не так?». Сваё стаўленне да дзейнасці Максіма Паршуты я памяняла пасля таго, як зразумела: нягледзячы на ўсе прэтэнзіі і недахопы, ён працягвае распавядаць пра патрэбы і праблемы жанчын. А менавіта такая настойлівасць звычайна прыводзіць да змен. Сёння я думаю, што яго профем-пазіцыя — адна з нямногіх сярод беларускіх актывістаў і палітыкаў, якой я давяраю. Таццяна Ашуркевіч пагаварыла з Максімам у інтэрв'ю для «Цэнтра новых ідэй» пра яго выбар, крытыку з боку феміністак і змены ў нашым грамадстве.
Максім Паршута — блогер, медыяменеджар, вядучы Youtube-канала «Максимально» пра класных беларусак.
— Калі б я не ведала цябе асабіста, мне б дагэтуль магло здавацца, што ў цябе проста крута прадумана стратэгія прасоўвання асабістага брэнда. Давай шчыра: у чым твой профіт распавядаць пра фемінізм?
— Гэта склалася з розных фактараў. Па-першае, у мяне было жаночае выхаванне. Па-другое, у мяне ніколі не было добрых прыкладаў бацькоў і дарослых мужчын, якія былі б усвядомленымі. Яны паводзілі сябе непаважліва ў адносінах да жанчын. Пры гэтым жаночыя ролевыя мадэлі, наадварот, прысутнічалі пастаянна: знаёмыя жанчыны шмат працавалі, заўсёды чагосьці хацелі і дамагаліся. Цяпер мой круг зносін, хутчэй, таксама жаночы. Сферы маіх інтарэсаў таксама стэрэатыпна жаночыя. Мне падабаецца гатаваць, мне цікавая beauty-сфера, мода. І пры гэтым мне наогул нецікавыя нібыта «мужчынскія» захапленні.
— А як жа футбол (Максім працаваў у выданні Tribuna.com —заўвага аўтаркі)?
— Добрая заўвага. Калі я пісаў пра футбол, ён быў для мяне цікавы не як гульня сама па сабе: усе мае публікацыі тычыліся асабістага жыцця футбалістаў і гульні як культурнага феномена. Так што так, калі вяртацца да таго, як я апынуўся ў сваім цяперашнім становішчы, то пасля школы я паступіў на журфак. Там таксама было пераважна жаночае асяроддзе. А яшчэ я чытаў Lady.TUT.BY, нейкія каналы і часопісы пра фемінізм. І вось тады я заўважыў, што ў нас няма чагосьці асобнага па гэтай тэме. Рабіць цэлае медыя, укладваць у яго шмат рэсурсаў я б проста не пацягнуў. А вось запускаць асобныя праекты — чаму б і не. Так і атрымалася, што я пачаў гаварыць пра фемінізм.
— Калі мы дамаўляліся пра інтэрв'ю, я хацела даведацца, якія прэтэнзіі табе прылятаюць. Але ты сказаў, што не атрымліваеш грубых каментароў. Пры гэтым я выдатна памятаю, што яны былі пад тваімі відэа…
— Магчыма, у мяне нейкі высокі парог адчувальнасці да крытыкі, таму што я працаваў на спартыўным сайце, дзе аўдыторыя заўзятараў вельмі выхоўвае ўменне ўсё гэта трываць. Таму цяпер, калі мне пішуць, што ў мяне нафарбаваныя пазногці і таму я гей, што ў мяне проста няма якаснага сексу ці мяне пакусала феміністка, гэта мяне не чапляе. Ну і давай будзем адкрытыя: якой рэакцыі можна чакаць, калі для многіх нашых мужчын фемінізм — гэта ўсё яшчэ амаль што лаянкавае слова.
— Часам нават для саміх жанчын. І ў прынцыпе, калі такая праблема існуе нават з нашым полам, мне цяжка ўявіць, як можна растлумачыць большай частцы мужчын, навошта ім фемінізм. Улічваючы вось гэтую патрыярхальнасць, ты ўяўляеш, што ў Беларусі магчымы нейкі кардынальны зрух у галіне фемпавесткі?
— Мне здаецца, што беларускае грамадства дастаткова гатовае да ідэй фемінізму. Мы жывём у вельмі стэрэатыпным грамадстве на працягу многіх гадоў, гэта ўплывае на тое, як мы ўспрымаем сябе. Зразумелая справа, ідэальная роўнасць не наступіць адразу пасля прыходу дэмакратыі. Але мне здаецца, мы можам досыць хутка рухацца да таго ўзроўню, які ўжо існуе ў еўрапейскіх краінах.
— Я ў гэтым не ўпэўнена. Нядаўна ў чаце «Ідэйнага падкаста» ў Telegram людзі з больш-менш прагрэсіўнымі поглядамі спрачаліся пра гендарныя квоты ў Каардынацыйеай радзе. І гэта даволі красамоўная сітуацыя: падобныя размовы выклікаюць вострую рэакцыю нават у прагрэсіўнай часткі нашага грамадства. Пра што мы тады гаворым?
— Я разумею, што на фоне таго, што ты бачыш вакол, мае словы могуць гучаць адарванымі ад рэальнасці. Мне здаецца, што тут шмат што ляжыць у адукацыі і інфармацыйных кампаніях. Вядома, калі дзяржпрапаганда гадамі распавядае нам, што фемінізм — гэта зло, а ў заходніх краінах усе беды з-за квот, то ўсё каля гэтай тэмы моцна пачынае дэманізавацца. І таму нам прыйдзецца доўга тлумачыць, да якіх вынікаў прыводзяць падобныя змены і чаму яны наогул патрэбны.
— Ёсць рэцэпт, як гэта рабіць?
— Ёсць банальны пункцік — пачаць з сябе. Як мінімум варта заўважаць сітуацыі, у якіх існуе адкрыты сексізм, і ўказваць на іх. Нядаўна мы з маёй дзяўчынай знаходзіліся ў прагрэсіўнай тусоўцы, і адзін мужчына папрасіў яе ўстаць з канапы, каб паказаць відэа мне і астатнім хлопцам. Я проста саступіў месца Ташы, каб яна сядзела замест мяне. Мне здаецца, падобнае выцясненне жанчын з «мужчынскага» грамадства выглядае вельмі непрыгожа, такога не павінна быць.
Я кажу вось пра такія бытавыя рэчы. Разумею, што высвятляць з кімсьці адносіны, сварыцца можа быць складана, няёмка, гэтага наогул не хочацца. Але акуратна фіксаваць падобныя моманты ўжо будзе крокам наперад.
— Якраз падчас нашай размовы ў канале «Сначала женщины, потом женщины» выйшаў пост з крытыкай тваёй працы. Я прачытала яго — і цяпер мне здаецца, што нават я, будучы прыхільніцай фемінізму, не ведаю, як ён павінен у ідэале працаваць. Ты — хлопец, які займаецца прасоўваннем гэтай тэмы і пры гэтым атрымлівае падобныя разносы ад жанчын. Пасля гэтага ў цябе не адпадае жаданне працягваць рабіць тое, што ты робіш?
— Гэта добрая крытыка, я не згодны з ёй толькі па пары пунктаў. У цэлым любога чалавека можна раскрытыкаваць за любую пазіцыю. Я дакладна не лічу сябе суперэкспертам па фемінізме. Але мне здаецца, што публічныя дыскусіі дапамагаюць рухаць думку ў грамадстве і развіваюць падобныя файныя ідэі. Калі ты рэальна верыш у свае прынцыпы, ніякія каментары не прымусяць цябе адвярнуцца ад іх. Ну а мяне — пачаць казаць, што ў патрыярхаце добра жыць.