Цыганкоў: А вы гатовы сьцерці слова «жанчына»?

Журналіст Віталь Цыганкоў разважае ў сваім тэлеграм-канале пра тое, што слова «жанчына» у хуткім часе рызыкуе стаць «крамольным, непаліткарэктным, нават абуральным».



Фота Паўла Хадзінскага

Фота Паўла Хадзінскага

А вы гатовы сьцерці слова «жанчына»? А ці гатовыя вы да таго, што «жанчына» стане крамольным, непаліткарэктным, а можа нават абуральным словам?

 Напэўна, пакуль не гатовыя. Але рыхтуйцеся.

Пакуль мы ў сваім «трэцім сьвеце» змагаемся з Лукашэнкам, у «першым сьвеце» адбываецца трансгендэрная рэвалюцыя.

І гэта, а не вайна ва Ўкраіне, зараз у ЗША галоўная тэма грамадзкага жыцьця. Пра яе выказваюцца ўсе асноўныя кандыдаты ў прэзыдэнты, як і сам цяперашні прэзыдэнт.

У яе шмат аспектаў, шмат неадназначных лініяў процістаяньня (і я, калі папросіце, можа напішу, дакладней, закончу тэкст пра гэта ўсё). Але тут хачу пагаварыць пра адзін з аспектаў гэтага працесу.

Аспэкт, які многія феміністкі і абаронцы правоў жанчынаў называюць erasing woman. То-бок — скасаваньне, сьціраньне слова жанчына.

Мы ўжо бачылі, як на слуханьнях у Кангрэсе ЗША трансгендэрныя актывісты на пытаньне «Што такое жанчына?» адказваюць «Мы ня можам даць адказу, мы ня ведаем».

Мы ўжо бачылі хэйт на адрас аўтаркі Гары Потэра Джаан Роўлінг, пасьлядоўнай прыхільніцы правоў жанчынаў і асабліва лесьбіянак, — за тое, што яна заклікала ўжываць слова «жанчына» замест словаў «людзі з менструацыяй».

Мы бачылі, як трансгендэрная тэма амаль стала прычынай урадавага крызісу ў Шатляндыі. Усё пачалося з таго, што мужыка, які сядзеў свой тэрмін за два згвалтаваньні, перавялі ў жаночую турму пасьля таго, як ён заявіў, што ідэнтыфікуе сябе жанчынай (не зрабіўшы яшчэ ніякага фізіялагічнага пераходу, то-бок заставаўся з пенісам). Падняўся шум, рашэньне адмянілі, а тлумачэньні кіраўніцы Шатляндыі Стэрджэн, якая не магла даць вызначэньне, што такое жанчына, сталі папулярным мэмам.

Мы бачылі, як на шэсці ў Лондане выганялі і абяцалі больш не пускаць на ЛГБТ-прайд лесьбіянак з плакатамі пра тое, што трансгендэрны рух зьнішчае (тое самае слова erase) лесьбіянак. 

Адзін з апошніх прыкладаў. Always выпускае 22-старонкавы буклет, у якім аніразу не ўжывае слова «дзяўчынкі» альбо «жанчыны». Там ужываецца фраза bodies with female sex organs — целы з  жаночымі сексуальнымі органамі.

Дык вось, маё пытаньне.

Калі гадоў праз 10 трансгендэрная тэма (правы, рэвалюцыя, ідэалогія, культ — па-рознаму называюць, у залежнасьці ад стаўленьня) пераможа і слова «жанчына» для прагрэсіўных людзей будзе прызнана як непажаданае, якое закранае трангендерных людзей, ставіць іх у непрыемнае становішча — дзе будзеце вы, мае дарагія чытачы?

Я дам свой прагноз і свае варыянты.

Частка з вас (відаць, вельмі невялікая) будзе наперадзе гэтай справядлівай і прагрэсіўнай барацьбы за правы трансгендерных людзей. «Галоўнай праблемай чалавецтва заўсёды быў біпалярны гендэр, чалавек павінен быць вольны ў выбары свайго гендэру, а слова жанчына адсылае нас да патрыархату і абмяжоўвае гэтую свабоду».

Частка з вас «пераабуецца». Не, непрыгожае слова. Правільней будзе сказаць  — «абудзіцца», «зразумее», «адукуецца». «Так, раней я змагаўся за правы жанчынаў, але тады я яшчэ не разумеў, што гэта праява маёй абмежаванасьці і эгаізму. Цяпер я змагаюся за правы трансгендараў. Асобы з пенісамі маюць поўная права быць у жаночых распраналках!»

Частка з вас (большая частка) моўчкі прыме новыя правілы, падпарадкуецца ім, будзе публічна паводзіць у адпаведнасьці зь імі. Некаторыя будуць пісаць мне ў прыват — «Віталь, ты яшчэ 10 гадоў ўсё прадбачыў, — але што мы можам зрабіць? Такое жыцьцё. Можа, там яно і трэба?»

Ну і частка будзе актыўна не пагаджацца. Але гэта будзе нялёгка. Бо ўжо зараз на Захадзе за пярэчаньне трансгендернай тэме могуць звальняць. Прынамсі, дэпутатка шатландзкага парляменту Джаана Чэры (joannaccherry ў Твітэры), лесьбіянка і феміністка, прывяла 4 прыклады таго, як жанчын звальнялі з працы за «трансфобныя» погляды, фактычна (як яна заяўляе) за спробу абараніць правы жанчынаў. «Гэта новая форма макартызму, калі лесьбіянкі і фэміністкі, якія не падзяляюць ідэалёгію гендэрнай ідэнтычнасьці, пазбаўляюцца платформы і нават магчымасьці зарабляць на жыцьцё», — кажа Чэры.