Нагнятанне страху і «дазачыстка»: аналіз рэпрэсій беларускімі сацыёлагамі

У 2023 годзе рэжым не спыніў каток рэпрэсій: яны ўзмацняліся і трансфарміраваліся, з'яўляліся новыя формы запалохвання і ціску. Беларускія сацыёлагі прааналізавалі рэпрэсіі рэжыму і прэзентавалі даследаванне пад назвай «Барометр беларускіх рэпрэсій». Вынікі даследавання дасяжныя для азнаямлення.

_belarus_sledczy_kamitet_milicyja_fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas_logo.jpg

Пра гэта распавядае Таццяна Гаргалык у матэрыяле для «Deutsche Welle».

4100 чалавек былі затрыманы ў Беларусі ў 2023 годзе па палітычных матывах, у сярэднім затрымлівалі па 342 чалавекі ў месяц. Такія падлікі прыведзены ў даследаванні Цэнтра новых ідэй «Барометр рэпрэсій у Беларусі»

У даследаванні выкарыстоўваліся звесткі праваабарончага цэнтра «Вясна», Беларускага Хельсінскага камітэта, Lawtrend, Human Constanta, Dissidentby. Пры гэтым аўтары падкрэсліваюць, што гэта не праваабарончы, а статыстычна-аналітычны праект, адна з мэт якога — «акрэсліць абагульненую карціну працы рэпрэсіўна-карнай сістэмы» ў Беларусі. 

Сярод новых трэндаў — затрыманні на мяжы

На працягу мінулага года па так званых «пратэсных» крымінальных артыкулах у Беларусі было асуджана мінімум 1603 чалавекі, у сярэднім — 134 чалавекі ў месяц. На канец 2023 года ў зняволенні знаходзілася 1452 чалавекі са статусам палітвязня, за год такімі праваабаронцы прызналі 643. Асноўнымі «палітычнымі» матывамі для затрымання былі ўдзел у пратэстах 2020 года, падтрымка Украіны, нязгода з уладамі.

Сярод новых трэндаў — затрыманні на мяжы. Са слоў аўтара даследавання, старшага эксперта Цэнтра новых ідэй Генадзя Коршунава, летась на мяжы было затрымана больш за 200 чалавек. Ён звяртае ўвагу, што ўпершыню былі ўведзены праверкі на беларуска-расійскай мяжы.

Сацыёлаг таксама адзначае рост так званых «хапуноў» (аднаразовых масавых рэпрэсіўных мерапрыемстваў — ператрусы, затрыманні, арышты, якія адбываюцца пераважна ў адным населеным пункце. — Рэд.) у пачатку і канцы года.

Глядзіце таксама

Рост звязаны з падрывам 26 лютага 2023 года расійскага ваеннага самалёта ў Мачулішчах, калі «хапуны» ішлі некалькі тыдняў амаль па ўсёй Беларусі, а ў канцы года масавыя рэпрэсіі закранулі былых незалежных назіральнікаў на выбарах-2020 і тых, праходзіў па справе Каардынацыйнай рады апазіцыі.

Растуць спісы «экстрэмістаў» і «тэрарыстаў»

У той жа час Генадзь Коршунаў адзначае, што ў апошні час не заўсёды даходзіць да крымінальных спраў, але расце колькасць адміністрацыйных пераследаў з «суткамі» і штрафамі: за 2023 год было вынесена амаль чатыры тысячы падобных судовых рашэнняў.

Са слоў сацыёлага, калі такія тэндэнцыі захаваюцца, то, хутчэй за ўсё, можна будзе казаць, што памянялася ўстаноўка ўлад «на большае запалохванне з выкарыстаннем адміністрацыйнага пераследу замест крымінальнага».

Глядзіце таксама

Таксама летась рэжым працягнуў папаўняць спісы «экстрэмістаў» і «тэрарыстаў». У «экстрэмісцкі спіс» за год дадалі 1400 чалавек, або 117 чалавек у месяц, «тэрарыстычны» папоўніўся 172 прозвішчамі — у сярэднім у месяц «тэрарыстамі» прызнавалі 14 чалавек. Абсалютная большасць — беларусы.

За год прайшло амаль 890 судовых пасяджэнняў па прызнанні інфармацыйнай прадукцыі «экстрэмісцкімі матэрыяламі». Такімі сталі лічыць і некаторыя кнігі беларускіх класікаў. Вырасла на 62 пазіцыі і колькасць «экстрэмісцкіх фарміраванняў».

«Галоўны сэнс такіх дзеянняў, як нам здаецца, гэта запалохванне грамадства, — кажа Коршунаў. — Зразумела, што гэта вельмі моцна ўплывае на беларусаў, таму што любы кантакт што з «экстрэмістамі», што з «тэрарыстамі», што з «экстрэмісцкімі матэрыяламі» — гэта кантакт крыміналізаваны, гэта значыць за яго можа быць прызначана пакаранне.

Рэжым выразна праводзіць размежаванне паміж «лаяльнымі» і «нелаяльнымі»

Сярод іншых рэпрэсіўных трэндаў у даследаванні адзначаецца знішчэнне магчымасцей для самаарганізацыі і самакіравання ў грамадстве, «дазачыстка інфармацыйнай прасторы, нагнятанне трывогі і страху ў грамадстве», «палітычная сегрэгацыя» — беларускі рэжым выразна праводзіць размежаванне паміж «лаяльнымі і нелаяльнымі яму грамадзянамі» і дыскрымінуе апошніх.

Да прыкладу, беларусаў, якія з'ехалі, лічаць «дармаедамі», беларусам за мяжой нельга памяняць пашпарт і прагаласаваць на выбарах.

Дыскрымінацыйныя палажэнні былі замацаваны ў Беларусі ў 2023 годзе заканадаўча, акцэнтуе ўвагу юрыстка, экспертка Беларускага Хельсінкскага камітэта Кацярына Дэйкала. Паводле яе слоў, больш за 30 нарматыўных і прававых актаў былі зменены менавіта для фармалізацыі і легалізацыі рэпрэсій. І калі спачатку дыскрымінацыйныя палажэнні тычыліся палітычных апанентаў і нязгодных з уладай, то цяпер закранаюць шырокія слаі грамадства.

Кацярына Дэйкала, фота БДПЧ

Кацярына Дэйкала, фота БДПЧ

У якасці прыкладу Дэйкала прыводзіць новыя правілы навучання ў ардынатуры з наступнай абавязковай адпрацоўкі для медыкаў або новыя этычныя правілы для гідаў-перакладчыкаў і экскурсаводаў — цяпер яны павінны сачыць за тым, што кажуць турысты на іх экскурсіях. У 2023 годзе з'явілася норма аб неабходнасці паведамляць аб наяўнасці замежных ВНЖ. Са слоў юрысткі, «гэта ўжо выкрышталізавалася ў асобную дыскрымінацыйную падставу».

Пераход ад індывідуальнай адказнасці да калектыўнай

Таксама сярод рэпрэсіўных трэндаў праваабаронцы фіксуюць пераход «ад індывідуальнай адказнасці да калектыўнай». «Не толькі твой статус і твая сувязь з замежнай дзяржавай уплываюць на ціск на цябе з боку дзяржавы, але і статус і нейкія дзеянні тваіх сваякоў», — тлумачыць эксперт.

Так, заканадаўча істотна пашырылася кола сваякоў, статус якіх перашкаджае дыпламату ўладкавацца на працу, а перашкодай для прасоўвання па службе можа стаць «карта паляка ў твайго дзіцяці».

«Ёсць выпадкі ціску на працы за тое, што рабіў апастыль не ты, а тваё дзіця», — таксама прыводзіць прыклад Дэйкала.

Яна лічыць, што ў 2023 годзе дзяржава спрабавала ўплываць на беларусаў, якія з'ехалі, «па-за сваёй тэрытарыяльнай юрысдыкцыяй». У знешняй разведкі заканадаўча з'яўляецца новая функцыя: «апярэджанне пагроз нацыянальнай бяспекі за мяжой», а ў канцэпцыю нацыянальнай бяспекі ўводзіцца «суб'ектны падыход да пагрозы, гэта значыць цяпер канкрэтны чалавек можа лічыцца пагрозай нацыянальнай бяспецы».