Справу выкладчыцы БДУ за сцяг на балконе адправілі на дапрацоўку. А яе пакінулі на Акрэсціна

Справу затрыманай у пятніцу выкладчыцы БДУ Кацярыны Дэйкала адправілі на «дапрацоўку». Але з Акрэсціна на волю яе не адпусцілі, паведамляе тэлеграм-канал Вясна назірае.

Фота people.onliner.by

Фота people.onliner.by

Суддзя Юрый Машкетаў у судзе Маскоўскага раёна разглядаў сёння справу затрыманай 29 студзеня выкладчыцы факультэта міжнародных адносінаў БДУ Кацярыны Дэйкала. Яе абвінавачвалі па ч.1 арт. 23.34 КаАП за вывешаны БЧБ-сцяг на балконе, які яна нібы размясціла «з мэтай дэманстрацыі сваёй грамадзянскай пазіцыі». Сваёй віны па арт. 23.34 КаАП Кацярына не прызнала. Рапарт на выкладчыцу склалі на падставе «заявы ад неабыякавага грамадзяніна з 15 пад'езда яе дома. Але, як звычайна, у якасці сведкі ў судзе ён дапытаны не быў. Сцяг як доказ не быў далучаны да матэрыялаў справы і ў судзе не даследаваны. У судзе Кацярына Дэйкала адмовілася даваць тлумачэнні, бо хацела азнаёміцца з матэрыяламі справы, «таму што не давалі».
У выніку суд адправіў справу на дапрацоўку «ў сувязі з істотнымі недахопамі».
Цікава, што гэтую справу вярталі «на дапрацоўку» 19 снежня, але Кацярыну затрымалі ў суботу, 29 снежня і адправілі на Акрэсціна.
Кацярына Дэйкала — кандыдат юрыдычных навук, дацэнт, эксперт у сферы бізнесу і правоў чалавека, аўтар практычнага кіраўніцтва "Беларусь: Правы чалавека і бізнес" (2019), падрыхтаванага Беларускім Хельсінкскім Камітэтам, аўтар навучальнага курса па бізнесе і правах чалавека, эксперт АБСЕ па адукацыі ў сферы правоў чалавека, выкладчыца ФМА БДУ, былая загадчыца кафедры міжнароднага права, была ў стачкаме БДУ.
29 студзеня ў БДУ на сустрэчу са студэнтамі прыязджаў Аляксандр Лукашэнка.