Удзельнікам затрыманай у Мінску экскурсіі прысудзілі содні і штрафы
У нядзелю 31 студзеня ў Мінску затрымалі цэлую экскурсійную групу. Экскурсія пачалася на плошчы Свабоды, а скончылася на Акрэсціна, куды яе ўдзельнікаў даставілі міліцыянты.
![Ілюстрацыйнае фота, аўтар Дзмітрый Дзмітрыеў Ілюстрацыйнае фота, аўтар Дзмітрый Дзмітрыеў](/img/v1/images/img_2804_logo_1.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Ілюстрацыйнае фота, аўтар Дзмітрый Дзмітрыеў
Справы ўдзельнікаў і ўдзельніц экскурсіі па праспекце Незалежнасці разглядалі ў судзе Фрунзенскага раёна 1 лютага, распавядае тэлеграм-канал Вясна назірае.
На судзе экскурсаводка Аксана Манкевіч сваю віну па арт. 23.34 КаАП ва ўдзеле ў масавым мерапрыемстве не прызнала і хадайнічала пра запыт відэа з камер назірання, каб даказаць, што яна вяла экскурсію. Суддзя Наталля Бугук адхіліла гэтае хадайніцтва. Аксана распавяла, што яшчэ ў пачатку экскурсіі на пр. Незалежнасці з'явіліся бусы і затрымалі 7 чалавек з экскурсіі. Суддзя Бугук прызнала Манкевіч вінаватай і асудзіла на 15 содняў.
Яшчэ адну ўдзельніцу экскурсіі Юлію Бажкову суддзя Бугук аштрафавала на 870 рублёў, таму што ў Юлі ёсць 11-гадовае дзіця.
Юрыстка Кацярына Бяссонава гэтак жа хадайнічала аб запыце відэа з камер назірання, але ёй таксама было адмоўлена. Суддзя Бугук зачытала пісьмовыя матэрыялы справы, у якіх былі скрыншоты з "заклікамі ва ўдзеле рэпітыцыйнага маршу перад ВНС". Юлія абурылася і спытала, як гэта тычыцца яе затрымання, на што суддзя адказала, што "тут толькі суд можа задаваць пытанні". Скрыншоты з "заклікамі" прыклалі да справаў усіх удзельнікаў экскурсіі. У выніку Бяссонава адправілася на 15 содняў па рашэнні суда.