75 сутак і 1450 рублёў штрафу. Сталічных пенсіянерак пакаралі максімальнымі тэрмінамі арышту
Жанчынам са сталічнай Малінаўкі прысудзілі працяглыя «суткі» на Акрэсціна. Гэта працяг гісторыі, пра якую мы ўжо пісалі.
Трое сутак шэсць пенсіянерак утрымлівалі на Акрэсціна,
урэшце ім прысудзілі працяглыя адміністрацыйныя тэрміны і буйны штраф, паведамляе «Свабода» са спасылкай на «Вясну».
Суд Маскоўскага раёну Мінска разгледзеў справы пенсіянерак, якіх схапілі 29 студзеня на вуліцы Рафіева. Яны сустрэліся, каб сабраць грошы для хворага дзіцяці. Тады затрымалі 7 жанчын, але ўначы 68-гадовую Ніну Кавалгіну ўсё ж адпусцілі.
1 лютага жанчын судзілі паводле арт.
23.34 КаАП.
61-гадовую Ірэну Курацкую суддзя Маскоўскага раёну Таццяна
Пірожнікава адправіла на 15 сутак арышту. Жанчына перамагла рак, цяпер у яе
рэмісія.
62-гадовая Таццяна Лядак рашэннем суддзі Лідзіі Целіцы
таксама правядзе 15 сутак на Акрэсціна. На судзе жанчына тлумачыла, што яны
сустрэліся, каб сабраць грошы на лячэнне дзіцяці, а дома яе чакае хворая
85-гадовая маці.
56-гадовую Таццяну Сянькевіч суддзя Сяргей Кацэр асудзіў да
15-суткавага арышту. Ён жа адправіў на 15 сутак і Святлану Жмаеву 1960 года
нараджэння. Пенсіянерка сказала, што накіроўвалася ў садок за ўнукам, але
ўбачыла жанчын, падыйшла да іх, і ў гэты час усіх затрымалі.
Суддзя Вольга Малашэнка пакарала 15-суткавым арыштам
65-гадовую Таццяну Дамброўскую.
Толькі 62-гадовую Ларысу Свірыдовіч суддзья Святлана
Бандарэнка вызваліла са штрафам 1450 рублёў, што ў некалькі разоў больш за
пенсію абвінавачанай.